Упёршыся абедзвюма рукамі, Дзіма адчыніў шэрыя металічныя дзверы пад’езда і выйшаў на двор.
Непадалёку на асфальце шчыльным колам стаяць хлопчыкі з суседніх пад’ездаў. Як відаць, захопленыя нейкай цікавай гульнёй, яны дружна і весела рагаталі.
Дзіма намацаў у кішэні ножык і цвёрдым, упэўненым крокам накіраваўся да хлопцаў.
Ножык-складанчык сёння Дзіму падарыў тата.
– Вось табе мой падарунак, грыбнік, – сказаў, усміхнуўшыся.
Так, Дзіма часта з бацькам ходзіць у грыбы, любіць іх збіраць, асабліва баравікі, падасінавікі.
Цяпер у яго, як у сапраўднага грыбніка, ёсць ножык. Зараз ён пакажа яго хлопцам, быццам незнарок выцягнуўшы з кішэні. Канешне, яны здзівяцца і, напэўна, пазайздросцяць яму.
Дзіма наблізіўся да сяброў і ад неспадзеўкі шырока расплюшчыў вочы, падобныя на два чорныя гузічкі.
У цэнтры жывога кола на кукішках сядзеў Дзімаў аднакласнік Юра (яны сёлета перайшлі ў чацвёрты клас) і двума пальцамі трымаў тонкую белую нітку, якая была прывязана за левую лапку маленькага натапыранага верабейкі.
– Вы тут што робіце? – вырвалася ў Дзімы.
Пачуўшы Дзімаў голас, верабейка ўстрапянуўся і прыўзняў ускудлачаны хвост, як бы намерваючыся ўзляцець у неба.
«Ён зразумеў, што я яго шкадую, спадзяецца, што дапамагу», – падумаў Дзіма і мацней сціснуў у кішэні гладкую, адпаліраваную ручку ножыка.
– Мы гуляем! – павёў шырокімі плечукамі Юра і з сілай пацягнуў за нітку.
Верабейка нязграбна бокам упаў на асфальт і затрапятаў правай лапкай, намерваючыся скінуць з левай абрыдлую нітку.
Хлопцы зарагаталі, загудзелі, усцешаныя, а верабейка прыўстаў і затрос цёмна-шэрай галоўкай. На ягоным горлачку, прабіваючыся праз ускудлачанае пер’е, захадзіла, запульсавала нейкая жылачка. Бываючы з бацькам у лесе, Дзіма не раз і не два назіраў за птушкамі, любаваўся імі, слухаў іхнія спевы.
– Чуеш, сынок, як стараюцца сябры нашы меншыя? – аднаго разу заўважыў бацька.
«Меншым звычайна дапамагаюць большыя. Выходзіць, мы, людзі, птушкам павінны дапамагаць», – тады адзначыў пра сябе Дзіма.
– Птушка, камячок пер’я, можна сказаць, а таксама нешта разумее, – зірнуўшы на Дзіму, важна, як знаўца, прагаварыў Юра.
Дзіма нагнуўся, хацеў паглядзець верабейку, а ён зусім сцяўся , прыціснуўся да зямлі.
– Разумее, баіцца! – засмяяўся Юра, паказаўшы шчыльныя, востранькія зубкі.
Дзімава рука застыла ў паветры.
– Ты як яго злавіў?
Вераб’і, ведаў Дзіма, птушкі хітрыя, асцярожныя, у рукі не даюцца.
– Акно на кухні адчыніў і крошак хлеба на стол насыпаў. Ён пазіраў, пазіраў здалёку, не вытрымаў і заляцеў на кухню. Тут я з кута выскачыў і шапкай яму як даў! З першага разу пацэліў, не верыш? Думаў, што забіў ці пакалечыў. Аж не! Як бачыш, жывы, цэленькі застаўся, – кароткім тоўстым пальцам Юра дакрануўся да белай папярочнай палоскі на крыле.
Верабейка адкрыў дзюбку і жаласна ціўкнуў.
– Просіцца, каб выпусціў, – зноў важна, як знаўца, прагаварыў Юра.
– А ты выпусці! Выпусці яго! – падхапіў Дзіма і дастаў з кішэні новенькі бліскучы ножык. – Я нітку перарэжу, давай.
– Бацька купіў яму ножык, у грыбы будуць хадзіць, – выказаў здагадку адзін з хлопчыкаў.
– Але, – кіўнуў галавою Дзіма і прамовіў з надзеяй: – Я перарэжу?
Юра надзьмуў шчокі. Ягоны твар стаў падобны на спелую порхаўку.
– Шкадуеш вераб’я?
– Шкадую, – прызнаўся Дзіма.
– Свой ножык мне аддай, назусім. За ножык выпушчу.
Хлопцы перасталі гаманіць, сцішыліся.
«Вух!» – з грукатам зачыніліся ў пад’ездзе цяжкія металічныя дзверы.
Дзіма ўздрыгнуў.
– Аддасі? – напомніў Юра. Па ягоным загарэлым ілбе прабегла маршчынка, падобная на павуцінку.
Дзіма непрыкметна змахнуў рукавом дзве слязінкі, што набеглі на вочы-гузічкі.
– Ну! – прыўстаў Юра.
– Аддам, але спачатку нітку на лапцы перарэжу.
Дзіма ўзяў верабейку і вострым лязом ножыка асцярожна разрэзаў на лапцы туга завязаную нітку. Затым адышоў убок, падкінуў птушку ўгору і ціха сказаў:
– Ляці, верабейка!