Жыў-быў у нейкім царстве цар –
Усемагутнейшы ўладар.
Цар як цар:
Адных любіў,
Тых, хто супраць быў, –
Забіў.
Ў гэтым царстве кожны пан
Па тры скуры драў з сялян.
Тлусцелі сытыя вяльможы,
Крычалі:
– Цар у нас харошы!
Хоць і навокал жабракоў
Было, як летам камароў.
Штогод касіў прыгонных мор,
Ды весяліўся царскі двор.
Музыкі гралі.
Танцавалі
Там і паненкі і панкі,
І на ўвесь свет
Цара ўслаўлялі
Прыдворныя пісарчукі,
І кожны ў дрыжыках глядзеў
На церам, дзе сам цар сядзеў.
Але "намеснік бога" – цар
Нікому не паказваў твар.
Ніхто з вяльможнага двара
Не бачыў у жыцці цара.
Не зналі нават плеткары:
Ці малады ён,
Ці стары?
Хацеў пранырлівец аднойчы
Спазнаць:
Каму ж пяюць хвалу?
Дык ранкам на гандлёвай плошчы
Знайшлі нябогу на калу.
Прыціхлі тлустыя вяльможы,
Шапталі:
– Цар у нас харошы!
Ніхто асмеліцца не мог
Убачыць:
Хто ж зямны іх бог?
На свеце, што ні гавары,
Старэюць нават і цары.
І вось, як цар пачаў старэць
І ўсё часцей прыгадваць смерць,
Рашыў займець ён свой партрэт,
Перш чым пакінуць гэты свет.
Каб на яго маліўся люд
У царстве вечна там і тут.
Усемагутны цар зароў:
– Ану, падаць мне мастакоў!
Пара нахлебнікам, пара
Намаляваць свайго цара!
І стражнікі цягнулі іх,
Каму ўрэзаўшы пад дых,
Каго агрэўшы бізуном.
Пад царскім стоячы акном,
Чакаў, гадаў прыдворны люд:
Які ім вынес цар прысуд?
Ды ад вышэйшага указу –
Намаляваць цара партрэт –
Яны ўсе пачалі адразу
Смялей глядзець на белы свет.
І кожны думаў:
"Мо мяне
Вялікі шанец не міне?
У царскай міласці і ласцы
Я буду жыць тады,
Бы ў казцы…"
І выбар ганаровы паў
На мастака, што маляваў
Вяльмож, іх жонак і сынкоў,
Паслоў заморскіх і купцоў.
Яшчэ – ён гэтым ганарыцца –
Намаляваў саму царыцу.
На люд зірнуў ён пераможна
І – юрк у церам асцярожна.
Нібы з вясновага загону
Чарвяк які, але шпарчэй
Падпоўз лісліва ён да трону,
Нат не ўзнімаючы вачэй.
А калі глянуў, то заенчыў:
– О, божа!
Хто ж цябе скалечыў?!
Была ў цара адна нага,
Нібы зламаная дуга.
І вока выперла на лоб…
Не цар, крый божа,
А цыклоп!
– Малюй! –
Сказаў пагрозна цар,
Усемагутнейшы ўладар.
– Я намалюю, намалюю,
Цара ад сораму ўратую.
Ці ж можа быць пачварай цар,
Нам богам дадзены ўладар?
Ці мала-доўга маляваў –
І вось партрэт цару падаў.
Быў на партрэце гэтым цар –
Ні даць ні ўзяць –
Намеснік Бога.
І вочы, ажывіўшы твар,
Глядзелі ўзвышана і строга.
Яго кульгавая нага –
Не паламаная дуга,
А трону добрая падпорка.
Адразу бачна:
Калі дзе
Хто пад пяту ёй
Пападзе –
Таму навекі
Стане горка…
Ды цар пазелянеў ад злосці,
Аж затрашчалі ў целе косці:
– Ты не мастак!
Ты – хлус, лайдак!
Дык вось ты марыш пра якога
Усемагутнага цара!
Ну, што ж
Ідзі служыць да Бога!
І кат, пакліканы з двара,
Рукой нядрогкай –
Раз і два! –
І паляцела галава…
Пасля – у дрыжыках ад страху,
Больш не хаваючы тугі,
Папоўз да трона, як на плаху,
З прыдворных мастакоў – другі!
Прыкінуў ён і так і сяк,
Лічыўся ж неблагі мастак,
І ледзь не выкрыкнуў:
– Ура! –
Рашыўшы маляваць цара
Такім, як ёсць на самай справе:
Пачвару хіжага ў няславе.
Зрабіў адно суровым вока,
А сапсаванае бяльмом
Прыўзняў ён трошкі над ілбом,
Каб людзі бачылі здалёку,
Што цар і цешыць, і карае,
Што ласку ён і сілу мае.
А той, засохлаю нагою,
Нібыта косткаю якою,
Ён можа кожнага агрэць,
Ды так, што можна адубець…
Калі ж
Зірнуў цар на малюнак
Адным крывавым вокам коса,
Мастак адчуў, што паратунак
Яго чакае на нябёсах:
Ці ж можа быць пачварай цар,
Усемагутнейшы ўладар?
Цар скалануўся ўвесь ад гневу,
Нібыта ў навальніцу дрэва.
Вяльможаў трэсла, як чарот…
Ад замка ў розныя канцы
З шырокіх крапасных варот
Ляцелі стражнікі-ганцы.
– Хто намалюе з вас цара? –
Амаль у кожнага пыталі.
І людзі ў жудасці маўчалі.
Ганцы далей,
Далей скакалі:
– Хто намалюе з вас цара?
– А што, мо паміраць пара
Яго вялікасці?
То трэба
Старога падсадзіць на неба, –
Сказаў хлапец,
Ганчар Іван.
– Чакайце,
Дамайструю збан,
Сваёй нявесце падару,
Тады вядзіце ўжо к цару.
Ганцы раней, вядома, хлопца
Цягнулі б сілай на вяроўцы,
Паддаўшы добрага ляшча.
Цяпер жа, нібы паніча,
Ды на каня – за рукі, ногі,
А ўсім астатнім –
Прэч з дарогі!
І быў прывезены Іван
У замак, як заморскі пан.
– Ты будзеш цар?
Здароў, здароў!
Ты, мабыць,
Як дзіцёнак роў.
Бач, твар распух.
Ці хворы мо?
Тады адвар травы дамо.
Пап’еш яго ты дзень ці два,
І прасвятлее галава.
Чаму нягеглы ты, худы?
І з вокам, бачу, нелады.
І нешта левая нага,
Нібы зламаная дуга.
Ты, кажуць,
Хочаш мець партрэт,
Які б уславіў на ўвесь свет
Цябе, цара-уладара?
Цар здрыгануўся, як гара,
І на Івана так зірнуў,
Нібы стралой яго праткнуў.
А што Іван? Іван – не пан.
Да справы прыступіў Іван.
Цара круціў ён так і сяк,
Нібы ў сваёй ганчарні гляк.
– Дакруцішся! –
Аж буркнуў цар,
Усемагутнейшы ўладар.
"Калі ўжо ўзяўся, як тут быць,
Які з цябе партрэт зрабіць? –
Стаяў у одуме Іван:
Усё-ткі цар жа, а не збан… –
Што гэта?
На падлозе кроў.
Відаць, галовы мастакоў
Ляцелі тут, як качаны…
Ці ж вінаватыя яны?"
І думы хлопца залуналі,
Што з веку ў век
І з году ў год
Цары народ свой абіралі
І прыгняталі свой народ.
І цараванне,
Панаванне,
Твая вялікасць, дабрадзей,
Па сутнасці, ёсць паляванне,
Ёсць паляванне на людзей.
Ганчар так думаў,
Маляваў.
А сярод залы – чорным ліхам
Цар на адной назе стаяў
І злосна соп, і цяжка дыхаў.
– Ну, вось і ўсё! –
Сказаў ганчар. –
Прымай, гатовы мой тавар.
Зірнуў цар коса.
І ажыў.
Малюнак незвычайны быў.
Цар выглядаў на тым малюнку,
Як Бог
Адменнага гатунку.
На кургане стаяў там цар,
Усемагутнейшы ўладар.
Прыжмурыўшы сляпое вока,
Ён з лука цэліўся высока
У неба, дзе жывая цэль,
Плыў урачысты журавель.
А той засохлаю нагою,
Што выпіналася дугою,
Ён абапёрся на валун…
Быў грозны цар,
Нібы Пярун.
Не дзеля царскага вар’яцтва
Іван карціну маляваў.
Усёю сілаю мастацтва
Ганчар з пачварай ваяваў.
Аслупянеў і ўбачыў цар,
Што у мастацтве цар – ганчар.
У царстве побач два цары?!
– Памры! – усклікнуў цар.
Памры!
І са сцяны свой лук схапіў.
Але Івана не забіў,
Сам пасінеў, замармытаў,
Упаў ад злосці
І сканаў.
Цары трухнеюць і царкі,
Ды ўсемагутна, несціхана
Легендамі цераз вякі
Сягае слава
Пра Івана.