На Палессі – спрадвеку, як быццам званы,
Несціхана сівыя звіняць курганы.
То трывожна набатны, то як ранішні сон,
Над зямлёю плыве іх малінавы звон.
На Палессі маім – курганоў як грыбоў.
Мала ў вёсках унукаў і мала дзядоў.
I над намі з маленства, як быццам званы,
Задуменна сівыя звіняць курганы.
Калыханку спрадвечную чую ўначы:
«Волю цяжка здабыць, ды цяжэй зберагчы.
Я, Палессе, не стану ніколі батрачкай.
Калі сон ваш не стане глыбокаю спячкай…»
Урачыста плыве ў журавіннае ранне:
«Добры дзень вам, нашчадкі!
Добры дзень вам, зямляне!
Хай жа будзе для вас гэты дзень умалотны,
А для вашага сэрца – апошні журботны!..»
Пойдзе дзень на спачын – звон паціху
ачахне.
Як жывіцай, внчэрай Палессе пранахне.
I нядрэмна глядзяць нам у вочы яны –
Курганы, курганы, курганы…
1968
Крыніца: Грачанікаў А. Верасень: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1984. – 142 с.