Анатоль Кудравец — Смерць нацыяналіста

Анатоль Кудравец

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

Памяці майго земляка В. Ганчаронка

 

  Дзверы пакоя расчыніліся ўслед за нецярплівым стукам у глухую дашчаную філёнку. Звычайна так смела заяўляюць аб сабе толькі свае. I праўда, на парозе стаяў Ён — жывы і светлы, як чаканая ява ці прыемны сон. Сухія шчэлепы абсыпаны рудой шчацінай, вялікія жоўтыя зубы скаляцца шчаслівай усмешкай: «А ўжо-ткі я цябе ўпільнаваў…»
  Расхрыстаны салдацкі шынель без пагонаў, кірзавыя боты з пісягамі старой засохлай гразі. Апошняе я заўважыў пазней, ды і якое гэта магло мець значэнне.
  Мы абняліся, як родныя браты, што па нейкай дурной волі доўга не бачыліся. I праз калянае сукно шыняля я неяк балюча адчуў худую касцістасць яго пруткага цела.
  Мы не бачыліся гадоў пяць, калі не болей, але цяпер у мяне было так небагата часу і для радасці, хоць я і быў бясконца рады яму, і для роспытаў. Я пазніўся на лекцыі, а трэба было яшчэ забегчы перакусіць, і таму я спытаў у яго без лішняй дыпламатыі:
  — Ты снедаў?
  — Не.
  — Тады пайшлі.
  — Пайшлі.
  Закусачная, яна ж студэнцкая забягалаўка, была ў суседнім доме, і па дарозе туды мы паспелі перакінуцца колькімі пытаннямі, адказ на адно з якіх мяне сур’ёзна азадачыў.
  — Адкуль ты зваліўся? — спытаў я.
  — З Пячэрска.
  — Магілёўскага?
  — Ну.
  Адказваў ён весела, з паспешлівай, наіўна-дзіцячай гатоўнасцю, нібы даўно чакаў гэтых пытанняў і даўно гатовы быў на іх адказваць.
  Ён заўсёды любіў жартаваць, але тут я зразумеў, што ён не жартуе.
  Пячэрск — вядомы сумнай славай гарадок для псіхічна нездаровых, а папросту «ненармальных» людзей. Туды, як і ў кожны дурдом, трапіць было нашмат лягчэй, чым выграбціся адтуль. А тым болей выграбціся і раскатваць па свеце, быццам нічога не было… Яшчэ некалькі гарадкоў з гэтакай жа назвай раскідана па краіне, але магілёўскі ёсць магілёўскі.
  I, мусіць, таму мне адразу ж успомніўся другі чалавек, Іван Сіняўскі — высокі, бяскроўна-белы юнак, што хадзіў па сёлах нашага раёна на самым пачатку вайны. Людзі казалі, што яго разам з іншымі хворымі выпусцілі з таго самага Пячэрска, калі да Магілёва сталі набліжацца немцы. Акуратна, па-гарадскому апрануты, ён заходзіў у чужую хату, як у сваю, і садзіўся за стол на покуці. Тым самым паказваў, што хоча есці. А чаго можна даць галоднаму чалавеку ў сяле? Перш за ўсё хлеба і малака.
Іван умудраўся есці так, што заўсёды нешта і заставалася — ці хлеб, ці малако. Заставаўся хлеб — жаласлівая гаспадыня далівала малака, заставалася малако — адкройвала хлеба. I так да той пары, пакуль Іван не наядаўся.
  Дзе б ні ішоў, што б ні рабіў, нават у хаце, за сталом, Іван мармытаў адны і тыя ж словы: «Над Масквой вялікай, златаглавай…»
  Прамармытаўшы гэтыя словы, ён раптам замаўкаў, сціхаў, слухаючы самога сябе. Сіліўся ўспомніць, што там далей. Не ўспаміналася. Незадаволена матаў галавой: «Не, не так!» — і пачынаў зноў: «Над Масквой вялікай, златаглавай… Не, не так…»
  Гэта было як песня яго, як малітва, працяг якой ён не мог успомніць. Адчувалася, што яму было вельмі важна ўспомніць, што там далей, за першымі словамі, але хворая памяць не давала яму гэтага.
  Здавалася, яшчэ трошкі, яшчэ адно намаганне — і ён успомніць тыя забытыя, такія неабходныя словы. I тады ён… Тады ён перастане быць тым Іванам, на якога з такой жальбой пазіраюць вясковыя бабы, тады светла-блакітныя вочы яго не будуць пераскокваць з аднаго на другое, не маючы сілы ні на чым зачапіцца, а засвецяцца жывым асэнсаваным аганьком. Але…
  Ён нядоўга і пахадзіў з гэтай сваёй малітвай. Недзе на пачатку зімы яго знайшлі застрэленага ля дарогі. Зрабілі гэта ці немцы, ці партызаны. Маглі і адны, і другія: і тыя, і другія не любілі лішніх вачэй, а Іван заўсёды ішоў туды, дзе былі людзі. I заўсёды са сваімі словамі: «Над Масквой вялікай, златаглавай… Не, не так…»
  Дык вось, Пячэрск…
  Мінск быў у пары ранняй восені, на вуліцы асядаў блакітны туман. Машыны далікатна, нібы шануючы людскія нервы, шамацелі шынамі па потным асфальце.
  У закусачнай я пакінуў яго каля высокага з мармуровай крошкі століка, а сам узяў для абодвух традыцыйныя студэнцкія цефцелі, каву з малаком, па булцы з макам. Цефцелі тут умелі гатаваць смачныя, з добра вытаўчанай бульбянай кашай, не скупіліся на падліву.
  Еў ён прагна, глытаючы, як качка, няжованае. Відно было, што добра прагаладаўся. Я спытаў, ці не ўзяць яшчэ порцыю. «Вазьмі»,— адказаў ён усё так жа весела. Вірлаватыя бычыныя вочы яго свяціліся ўсё тым жа адкрытым шчырым бляскам.
  Калі ён вымазваў хлебам падліву з другой талеркі, я спытаў у яго зноў:
  — Дык праўда, адкуль ты зваліўся?
  — З Пячэрска.
  — Ты мне гаворыш гэта ўжо другі раз.
  — Магу сказаць і трэці…— Цяпер позірк яго быў хутчэй сумны, чым вясёлы. Але зноў шырокі, як на продаж, выскал вялікіх зубоў.
  Жарты жартамі, але Пячэрск… Чаму Пячэрск?.. Я не стаў болей церабіць яго пытаннямі, настане час — усё праясніцца.
  Выйшлі з закусачнай. Ён падахвоціўся правесці мяне да універсітэцкага гарадка.
  — Калі ты прыехаў?
  — Учора ўвечары.
  — Дзе атабарыўся?
  — У цябе! Гы-гы-гы!
  — А начаваў дзе?
  — На вакзале…
  Як памятаю яго, з ім ніколі не было сумна. Гэта быў той Віктар, якога я ведаў і пяць, і дзесяць гадоў назад. Яго жарты мала разыходзіліся з праўдай, а праўда — з жартам, хаця і там, і там вясёлага было мала. Ён прымаў жыццё такім, якім яно было, і тым самым вучыў іншых рабіць тое ж.
  — Якія твае далейшыя планы? — зноў спытаў я.
  — На сёння?
  — Ну, хаця б на сёння…
  — Пахаджу па Мінску… Ведаеш, два гады не бачыў яго і, прызнаюся, засумаваў па ім. Пасля трэба зайсці ў міністэрства. Яны хочуць перавесці школу на рускую мову, а заадно вытурыць і мяне адтуль. Трэба бараніцца.
  — Хто гэта «яны»?
  Віктар часта не дагаворваў да канца, беручы, што чалавек ведае ці павінен ведаць, пра што талкуюць.
  — Раённыя начальнічкі разам з дырэктарам. — Ён зморшчыўся, быццам яму раптам забалеў зуб.— Вось жа беларусы кругом, і дзеці беларускія, а «даёш Расею» — гы-гы-гы. Пасля загляну ў кнігарню, у тэатральныя касы: можа, пашэнціць узяць білеты куды. Ты ж не адмовішся пайсці са мной?
  — Калі будзе куды… Па-мойму, дык і оперны, і купалаўцы яшчэ на выездзе.
  — Пабачым.
  — Пабачым дык пабачым…
  — Трэба яшчэ зайсці ў інстытут, можа, сустрэну свайго колішняга выкладчыка, ён мне вінен грошы. Цікавы чалавек, варта было б цябе з ім пазнаёміць. Некалі я здаваў яму гісторыю партыі, пяць разоў здаваў, на тым і падружыліся. — Віктар змоўк, нечаму ўсміхнуўся. — Ведаеш, надта рыхтавацца не было калі — дзве ночы запар разгружалі вагоны з дрыўмі, а калі папраўдзе, то і рыхтавацца не было вялікае ахвоты. Словам, я паспеў прагледзець два білеты і пайшоў. А раптам патрафіць. Шчасце — птушка выпадковая і, бывае, прыходзіць якраз у дурныя рукі. Не патрафіла, узяў не той білет. Пацягнуў другі раз — зноў не тое. Пытаюся, ці можна паспрабаваць трэці раз. Адказвае: «Можна, толькі адзнака будзе зніжана на два балы». Пазірае на мяне і пасміхаецца: ці то сам злодзей, ці злодзея ўгледзеў. Не пашанцавала і на гэты раз. Да заўтрага я прачытаў яшчэ два білеты, павысіў шанцы ўдвая. Прыходжу. Цягну раз — няўдача, другі — тое самае, тое ж і трэцім разам. Прымае ён. Смяецца: «Колькі білетаў прачытаў?» — «Чатыры». «Прачытаеш усе — прыходзь. Прыму — хоць у інстытуце, хоць дома. А ў ведамасць пакуль што нічога ставіць не буду». Бо калі б паставіў, то не толькі стыпендыі, а і вучобы магло не быць. Даў тэлефон свой. Прымусіў прачытаць і падручнік, і шмат што іншае. На тым і падружыліся. Пасля і я ў яго грошы браў, і ён у мяне. Але апошні вінаваты ён — пазычыў трыста рублёў. Каб пашанцавала знайсці яго — мы былі б самымі багатымі людзьмі ў Мінску.
  Мы стаялі на асфальтавай дарожцы. Спяшаючыся, паўз нас прабягалі студэнты, салідна праходзілі выкладчыкі, узмахваючы важкімі партфелямі, абмацвалі нас цікаўнымі позіркамі. Віноўнікам тых цікаўных позіркаў быў Віктар — няголены, нявыспаны, у расхрыстаным салдацкім шынялі, у нячышчаных ботах. Усім сваім выглядам ён нібы хацеў сказаць: «Вы тут гарадскія, чысценькія, а мы ў сяле такія… Не падабаецца?..»
  Дзівак чалавек, каго гэта абыходзіла? Такія дык такія… Яшчэ раз акінуўшы Віктара ўважлівым позіркам, я спытаў:
  — I ты такі хочаш ісці ў міністэрства і ў інстытут?
  — А што?
  Ён быў флегматык. Заўсёдны флегматык.
  — Нічога. Зробім так: ты ідзеш да мяне ў інтэрнат, паспіш, паголішся. Паглядзі ў шафе, там вісяць штаны, стаяць чаравікі. Прымерай. Нешта павінна падысці. Можаш не спяшацца: пакуль хлопцы на вайсковых зборах, я раскашую адзін. Абавязкова зрабі ўсё гэта і толькі пасля выходзь у горад. Вяртаешся ты першы — чакаеш мяне, вяртаюся першы я — чакаю цябе. Згода?
  — Згода, толькі калі без сну: я гадзіны тры пакімарыў на вакзале. Не ведаю толькі, чым я «такі» нялюбы табе? Штаны на мне новыя і боты новыя, нават абцасы не пазразаліся, у сяле толькі ў іх і ходзяць. Але калі табе так хочацца…
  — Хочацца,— сказаў я.— Якія-небудзь грошы ёсць ці даць?
  — На тэатр хопіць. Ды я ж казаў: мне вінаваты…
  На тым пагадзіліся і разышліся кожны ў свой бок.

  Віктар быў мой зямляк. Між яго і маёй вёскамі ляжала шэсць кіламетраў дарогі, але пазнаёміліся мы не дома, а ў горадзе, у педвучылішчы, куды я паступіў пасля сямі класаў. Мінуў першы месяц вучобы, я паспеў трохі абчасацца, трохі прывык сам думаць аб сабе, як раптам на адным перапынку ў аўдыторыю заходзіць сухашчавы рудаваты хлапец і густым, у нос голасам пытаецца:
  — Хто тут Патупчык?
  — Я Патупчык.
  — Тады выйдзем у калідор.
  Выйшлі.
  — Ты са Слабодкі?
  — Са Слабодкі.
  — А я з Селішча. Чуў пра такое? — Усміхаецца.
  — Дзіва што чуў!
  Кожны раз, ідучы на чыгунку ці адтуль, я глядзеў на гэтую невялікую, у адну вуліцу, вёсачку, што ляжала ў нізінцы ў нейкім кіламетры ад шляху. Звярнуць з дарогі і прайсці па Селішчы не давялося, хоць думка такая неаднойчы церабіла і ахвота была. Вунь яны, як у шапцы, хаты, хлявы, прысады, сабакі гаўкаюць — пачулі чужы дух.
  — Дык будзем знаёмы, — сказаў зямляк і працягнуў вузкую, з чэпкімі пальцамі руку: — Віктар Мацюшонак. Калі што, шукай мяне ці тут, на лекцыях, ці на Вечаркевіча. Лепей на Вечаркевіча, бо на лекцыях я магу быць, магу і не быць.
  «На Вечаркевіча» — гэта ў інтэрнаце педвучылішча, недзе на ўскраіне горада.
  Дасюль я лічыў, што ў педвучылішчы я адзін з нашага балотнага клічаўскага боку, ажно ёсць яшчэ адна душа. Як вольна і смела ён дзержыцца! I гэты грубы голас, гаворыць — быццам у сябе на вуліцы.
  Ён быў ужо на чацвёртым курсе. Трохі пазней ён расказаў, што пасля дзесяцігодкі паступаў у Мінск на філосафа — не прабіўся. «Мордай не выйшаў — чылых не прызнаюць». Каб не з’ядаць час, перакінуўся сюды, у педвучылішча. Узялі без экзаменаў і адразу на трэці курс.
  — А хіба можна так?
  — Узялі — значыць, можна.
  Гэтак мы пазнаёміліся, гэтак сталі бачыцца. Хаця што такое «бачыцца»? Было, сустракаліся кожны дзень і па колькі разоў на дзень: калідоры адны, паверхаў усяго два. Было і іншае, як выпадала. Шукаць яго спецыяльна прычыны не выспявала, але па тым, што не чутно было яго конскага рогату і некалькі дзён, і цэлыя тыдні, я здагадваўся, што яго ў педвучылішчы не было.
  Неяк пасля ў студэнцкай насценгазеце я прачытаў яго верш. Было прыемна, што аўтар — мой добры знаёмы, нават болей — мой зямляк. У гэтым факце быў яшчэ адзін далікатны момант: ці то рэўнасць, ці суперажыванне. Справа ў тым, што я і сам спрабаваў пісаць вершы. Але выставіцца вось так смела на людзі не адважваўся. А калі прачытаў ягоны верш, смеласці маёй яшчэ паменела.
  Верш быў, як цяпер сказалі б, «дзяжурны», да свята, на ўсю першую калонку з верху да нізу. Загаловак выведзены ярка-чырвоным алоўкам: «Великому Октябрю».
  То быў цэлы трактат з выхадамі ў філасофію, у далёкую і бліжэйшую гісторыю. Прысутнічалі ў вершы дзекабрысты і Пушкін, Маркс і Ленін, «Аўрора» і сцяг над рэйхстагам. Усё прадумана, выстраена ў адну лінію, лагічным вынікам якой мроіўся камунізм, які будзе пабудаваны калі не заўтра, то ўжо абавязкова паслязаўтра.
  Усё ў вершы, як мне здавалася, было да месца, усё складна і прыгожа. Аўтар хадзіў па гісторыі, як па сваім садзе. I была там адна дэталь, на якой я спатыкнуўся. У шэрагу слаўных імянітых асоб прысутнічаў там беларус Каліноўскі. Як і чаму ён сюды трапіў? Ён нібы не вытрымліваў маштабнага параўнання з усімі, хто праходзіў у вершы. Мужычы заступнік, тутэйшы. Ваяваў з царом, з Мураўёвым, тыя і павесілі яго. Ён нібы быў чужы ў гэтай лініі. У вершы была такая фраза: «…коса Калиновского дремлет в застрешье». Што значыць гэта «дремлет»?..
  З гэтымі сумненнямі я і падышоў да земляка, калі ён з хлопцамі курыў у заваротку калідора. Ён выслухаў мяне, усміхнуўся: было відаць, што пытанне яму і спадабалася, і нечым не спадабалася. Сказаў, як адсек: «Бач ты, яму Каліноўскі не спадабаўся. Трэба вучыць гісторыю. Настаўніку гэта ведаць не лішне, гы-гы-гы!»
  Ён канчаў чацвёрты курс, а я першы. Гісторыю мы яшчэ будзем праходзіць.
  Калі мы засталіся ўдвух, я спытаў яго і пра другое:
  — Чаму ты напісаў верш па-руску? Баяўся, што па-беларуску ніхто не зразумее?
  I гаварылі мы ў педвучылішчы ўсе так, як гаварылі дома ў вёсцы, і насценгазета выходзіла па-беларуску.
  Ён пільна паглядзеў на мяне, пасля зарагатаў:
  — Надта любіш ты задаваць пытанні. Вось каб яшчэ навучыўся адказваць на іх.
  Што праўда, то праўда: задаваць пытанні лягчэй, чым адказваць на іх. Але ж пытанні былі. I ён пакінуў мяне з імі.

  Ён знікаў то на тыдзень, то на два, а то і на цэлы месяц. Не ведаю, як яму гэта ўдавалася, але ён заўсёды хадзіў у выдатніках, нават атрымліваў павышаную стыпендыю.
  Неяк вясной пад канец заняткаў ён зноў расчыніў дзверы ў нашу аўдыторыю, матнуў мне галавой. Я выйшаў.
  — Хочаш, пачастую півам…
  — Пачастуй.
  Цераз вуліцу, насупраць педвучылішча стаяў дашчаны павільён — не то маленькая сталоўка, не то вялікі ларок. Сюды і прывёў ён мяне. Селі за квадратны, накрыты белай цыратай столік, Віктар узяў два кубкі піва.
  Пілі, здзьмухваючы пену, паціху прывыкаючы да гаркаватага смаку яго, бо ні Віктар, ні я піткамі не былі.
  Прычына нашага балю адкрылася проста: Віктар выйграў на аблігацыю трыццаць рублёў. Купіў кішэнны гадзіннік — круглае нікеляванае дзіва на ланцужку, засталося яшчэ і на замочку.
  Віктар аж свеціцца ад нейкай унутранай узбуджанасці, пазірае на свет вясёлымі вірлаватымі вачыма. Такое з ім бывала рэдка. Ён болей выдаваў чалавекам маўклівым і засяроджаным, і толькі тыя, хто быў блізка знаёмы з ім, ведалі, што гэта не зусім так. На ім новы ў дробную клетачку светла-шэры касцюм з накладнымі кішэнямі. Касцюм сядзіць як’ уліты і робіць яго сухашчавую постаць аскетычна строгай і непадступнай.
  Я ведаў, што ў яго раман з аднакурсніцай, дачкой аднаго з міліцэйскіх начальнікаў горада,— хуткай, стройнай дзяўчынай з русымі косамі на высока ўскінутай галаве. Дзяўчына не для кожнага, але такога хлопца, як Віктар, можна кахаць. Мне здавалася, што сам Віктар ставіўся да яе калі не прахладна, то спакойна, і гэта яшчэ болей узвышала яго ў маіх вачах. Толькі так і павінен трымацца сапраўдны мужчына!
  — Я нядаўна бачыў цябе з Нінай, — сказаў я.
  — Дзе? — Вочы ўсё тыя ж глыбокія, рудыя, паспрабуй разбярыся — смяюцца яны ці сур’ёзныя.
  — Каля Дома культуры.
  — А-а-а… Ну і што?
  — Прыгожая. I лёгкая, як пліска. Здаецца: дзьмухні — і паляціць…
  Віктар далікатным позіркам паглядзеў на мяне, усміхнуўся:
  — А ты паэт… «Дзьмухні — і паляціць…» Далёка не паляціць.— I дадаў: — Прыгожая — гэта праўда. А што далей…
  — Як «што далей»?
  — А так. Яны надта шмат думаюць пра сябе і лічаць, што ўсе павінны думаць толькі пра іх. А гэта немагчыма, і жыццё не на адных бабах стаіць.   Ды і цярпенне трэба, і яшчэ шмат што. Мама кажа проста: з прыгожай морды ваду не піць, трэба і да калодзежа збегаць.
  — Ты сказаў «яны». Гэта што — усе дзяўчаты, усе бабы?
  — Не, гэта метафара, гы-гы-гы. Ведаеш, што гэта такое?
  — Гэта імя такое. Як Марфа ці Матруна,— пажартаваў я.— Ёсць у нас такія: адна гарбатая, другая касавокая.
  Пра метафару я ведаў: сам складаў вершы. А вось пра «бабаў»… Гэта ад мяне было аддзелена таемнай сцяной, і, вядома, нічога путнага параіць яму я не мог. Ды, відаць, Віктару гэта і не трэба было, бо ён неяк неўпрыкмет перакінуўся на іншае:
  — Вы геаграфію прайшлі ўжо?
  — Праходзім.
  — Малыш чытае?
  — Ага. Ведаеш, такі дзіўны дзед. «Устаў я неяк ранічкай, яшчэ да сонейка. Выйшаў па расе на бераг Біскайскага заліва. Салаўі аж надрываюцца, шпакі трэлі выводзяць. Сеў я пад бярозай і думаю: «Божа, усё тут добра, цёплае мора, высокае неба, прыгожыя пальмы, але дапамажы мне дабрацца да маёй роднай Беларусі!..» — Сваім пераказам я спрабаваў падрабіць сіпаваты голас і расцяжную інтанацыю выкладчыка геаграфіі.— Дзе той Біскайскі заліў, дзе тыя пальмы. Гаворыць так, што можна падумаць, быццам ён і папраўдзе быў там, сядзеў пад бярозай і гэтак думаў…
  — Дзіўны… Не проста дзіўны.— Віктар нацэленым вокам зірнуў на мяне, неяк адразу пасуровеў, скура на вострых сківіцах напялася, як на бубне.— А ты ведаеш, што ён ваяваў у нарвежскім супраціўленні? Уцёк з нямецкага палону і ваяваў. А пасля Перамогі даваёўваў ужо ў Сібіры. А ведаеш, што ён напісаў падручнік па гісторыі Беларусі. Дафеадальны перыяд, Полацкае, Слуцкае княствы, Вялікае княства Літоўскае… Напісаў, завёз у Мінск, а там нейкі прафесар даў такую рэцэнзію… Малыш і буржуазны нацыяналіст, і невук, і старажытнай гісторыі не ведае, і ў марксісцкай метадалогіі не разбіраецца… Словам, бяры за крылле — і назад, туды, адкуль ён толькі што вярнуўся. Вось, можа, таму ён і сядзіць пад бярозай на беразе Біская…
  Ні пра Нарвегію, ні пра падручнік я нічога не ведаў, але ўпарта паўтарыў:
  — Усё роўна: бярозы там не растуць.
  — Ну хай і не растуць. Галоўнае не гэта. Галоўнае, пра што ў чалавека душа баліць.
  — А пра што яго душа баліць?
  — Пра што?.. Пра такіх дурняў, як ты. Гы-гы-гы!
  Я не пакрыўдзіўся ні за гэты смех, ні за «дурня».
  Шмат незразумелага мне было ў паводзінах майго земляка, шмат пра што хацелася распытаць у яго, але ён умеў трымацца на адлегласці, і пытанні мае адпадалі самі сабой. Але чым радзей мы бачыліся, тым болей мяне цягнула да яго. Ён быў магніт, я — маленькі цвічок, і патрэбен быў час, які б растасаваў усё па парадку. А часу заставалася мала, чацвёрты курс здаваў дзяржаўныя экзамены. Здаў экзамены і Віктар, атрымаў размеркаванне, а куды — я даведаўся толькі праз два гады.

  …Мая родная Слабодка, спякотнае летняе сонца, нядзеля. З раніцы я пахадзіў з касой, добра намахаўся і, прыемна расслаблены, ляжу з кнігай на дашчанай канапе у хатняй прахалодзе. Нехта грукае ў сенцах, расчыняюцца дзверы — і ў праёме іх Віктар, а за ім Коля Буракоўскі — невысокі светлавалосы хлапец. Ён таксама з Селішча, студэнт, будучы медык.
  — Баяўся ісці адзін, дык узяў абарону,— смяецца Віктар, расперазаўшы зубы на ўвесь рот. «Абарона» сціпла маўчыць, адданымі мяккімі вачыма саграваючы свайго падабароннага.
  Сядзелі за сталом, выпілі самагонкі, закусваючы салам і зялёным цыбуллім пер ем. Гаварылі, перабіваючы адзін аднаго, нібы стараліся запоўніць пустату часу паміж апошняй і гэтай сустрэчамі.
  Віктар прынёс, можа, з дзесятак сваіх вершаў і накід тлумачальнага слоўніка клічаўскай гаворкі. Гэта былі словы, якія рэдка сустракаліся ў літаратуры, а шмат якіх нідзе, акрамя як на Клічаўшчыне, мне чуць не даводзілася. «Вякнуў, вымерхаўся, карнавухі, посік, пэлька, суравое, сіціцца, чылы…» Канечне, для слоўніка іх было замала, ды і наогул выпусціць слоўнік, сабраны нейкім настаўнікам, мне здавалася, проста немагчыма. Я сказаў пра гэта Віктару, і ён надзіва лёгка пагадзіўся са мной. Відаць, сам разумеў гэта.
  З вершамі было яшчэ цяжэй. Не толькі таму, што яны былі нейкія занадта простыя. Нібы падражанне ранняму Кандрату Крапіве. Яны расказвалі пра тое непрыгожае жыццё, якім жыла вёска. Расказвалі не то жартам, не то ўсур’ёз. Пра цётку Хрысціну, якая гоніць і прадае самагонку, каб заплаціць падатак. Пра школьнікаў, што ідуць босымі нагамі па бруку райцэнтра, каб купіць падручнікі, і не знаходзяць іх. Пра цётку Грыпіну, якую на вачах у людзей набіў старшыня, і ніхто за яе не заступіўся. Усё гэта была праўда, голая праўда, во яна кругом, куды ні паглядзі. Але… Мне здавалася, што ў вершах трэба пісаць пра нешта іншае — прыгожае, узнёслае. Як у Багдановіча: «Мне доўгае расстанне з вамі чарней ад вашых чорных кос…»
  Было ў Віктаравых вершах такое, што адкідвала мае літаратурныя эмоцыі ўбок. Ва ўсіх вясковых бедах ён бачыў канкрэтных вінаватых. Імі былі камуністы і рускія.
  — Пры чым тут адны і другія? — гарачыўся я.— Дрэнна жывём, бо такое жыццё. Была вайна, усё разбіта, развалена. А цяпер — глядзі…
  — Што «глядзі»? На што «глядзі»?
  — Хлеб ёсць. Во, бачыш, сала…
  — Наеліся, аж з глоткі тырчыць.
  — Не тырчыць, але жыць можна.
  — А ты ведаеш, як трэба «жыць»? Як «жывуць» людзі?
  — А як яны жывуць?
  — Як? Па-людску. Разумееш, па-людску. Чалавек не павінен думаць, дзе ўзяць кавалак хлеба, каб не памерці з голаду. Гэта тое ж, як калі б ён думаў, дзе ўзяць паветра, каб дыхаць. Чалавек павінен думаць пра жыццё, якое яно прыгожае, якім яно павінна быць.
  — Адкуль ты ведаеш, якім яно павінна быць?
  — Ведаю.
  То была праўда: ён ведаў шмат такога, думаць пра што я і не здагадваўся. Ён выкладаў нямецкую мову і беларускую літаратуру ў сярэдняй школе пад Бабруйскам, вучыўся на завочным аддзяленні інстытута замежных моваў. Не толькі дзяржаў у руках, а і чытаў нямецкія, англійскія, французскія газеты. Збіраў матэрыял для тлумачальнага слоўніка… Пісаў вершы, надрукаваць якія не адважыцца ніякі рэдактар. I пра гэта я сказаў шчыра, як мог. Але каб хоць неяк змякчыць момант, параіў паслаць вершы ў якую-небудзь газету. А раптам?..
  — Нічога «раптам» не бывае. Я пасылаў ужо,— быў яго адказ.
  — Ну і што?
  — Вярнулі. Напісалі, што слаба. Што трэба чытаць Пушкіна і Лермантава, Купалу і Багдановіча. Вось ты кажаш: «Мне доўгае расстанне з вамі…»   Вучыцца ў класікаў… А як у іх вучыцца, калі іх даўно няма? Калі б яны жылі цяпер, то, можа, напісалі б такое… Яшчэ мудрэй, чым я, га? Га-га-га-га-га!
  Віктар быў Віктар: спачатку смех, а пасля… Пасля: што будзе, тое будзе.
  — Дык навошта ты мне паказваеш?
  — Можа, табе лягуць на душу?
  — Дык я ж усё роўна не надрукую.
  — А няхай. Галоўнае, каб ляглі.
  Мне яны не «ляглі», хаця шмат што ў іх падабалася. Гэтая раскаванасць думкі, праўда да канца, без аглядкі.
  I словы, якімі гаварылі мужыкі ля крамы, збіўшыся ўкруга бочкі з півам, былі нашы словы. Але ўва мне сядзела яшчэ адна праўда — газетная. Там усё было і прыгажэй, і далікатней, і мякчэй. Дзве праўды ў адной душы. Верх узяла апошняя. Але Віктара і гэта не бянтэжыла. Ён адступіўся ад сваіх вершаў, быццам яны былі не яго. Пагаварылі — і добра. Можна гаварыць пра што іншае.
  I мы гаварылі, радуючыся рэдкай магчымасці, што давала сустрэча. Гаварылі болей мы з Віктарам. Коля Буракоўскі слухаў, ласкава ўсміхаючыся сваімі карымі атласнымі вачыма.
  Мы прайшлі па нашым пасёлку, паўз кузню, паўз былы панскі двор, ад абсады якога ўцалела ўсяго некалькі тоўстых кашлатых ліпаў, а ад будынкаў дзве канюшні і кладоўка. Па сухім ламаччы адолелі грэблю, прайшлі па пасёлку, што ляжаў за канавай, пад самым лесам. Ён і называўся Чырвоны Лес. Магчыма, гэту назву даў колер сасновай кары, якая гуляла чырвонымі фарбамі на ўсходзе і захадзе сонца, а можа, назвай стаўся ўсё той жа модны колер рэвалюцыйнага аптымізму. Пасёлак быў даўгі і ціхі. Тут чамусьці нават сабак не дзяржалі, і мы прайшлі па вуліцы, зацененай яблынямі і ліпамі, несучы ў сабе спакой і лагоду сустрэчы і яшчэ нешта большае, што нябачнымі ніткамі трымала нас разам.
  Я правёў хлопцаў да суседняга сяла. Па дарозе выявілася, што там намячалася вяселле і там у маўклівага Колі Буракоўскага была дзяўчына.
  Вярнуўся я дамоў і на стале ўбачыў абодва Віктаравы сшыткі — з вершамі і з матэрыяламі для слоўніка. Ці то ён забыўся іх, ці пакінуў наўмысля.
  Так яны і засталіся ў мяне.
  Сшытачак з вершамі недзе ўскорасці загубіўся, а матэрыялы для слоўніка я перадаў невысокенькай чорнавалосай рухавай жанчынцы, якая чытала ў нас лекцыі, — вядомаму ў рэспубліцы спецыялісту па беларускай мове.
  Здарылася гэта шмат пазней той сустрэчы, але і сёння я шкадую, што зрабіў гэта, хоць было ў тым Віктарава жаданне: калі не зможаш скласці слоўнік сам — перадай у інстытут мовы, можа, хто іншы складзе.
  Ні ў адным з тлумачальных слоўнікаў, што выходзілі ў нас пасля, тых рэдкіх ягоных слоў я не сустрэў. I жанчына, якой я перадаў сшытак, таксама памерла.
  Паміж тым прыгожым слабадскім днём і сённяшнім Віктаравым з’яўленнем у маім інтэрнацкім пакоі ляжала багата гадоў, і багата што яны неслі за сабой.
  Я скончыў педвучылішча, папрацаваў у школе, тры зімы адтанцаваў пад музыку вайсковай дысцыпліны і мурманскіх маразоў і вось пачаў трэці курс універсітэта.
  Як і чым жыў Віктар гэтыя гады, я не ведаў. Ці ўспамінаў я пра яго? Успамінаў. I нашу першую сустрэчу, і куфаль гаркавага піва, выпітага пад гаворкі пра Малышавых салаўёў на беразе Біскайскага заліва, і яго вершы, і пыльную вуліцу Чырвонага Лесу.
  Ці ўспамінаў ён мяне? Відаць, таксама ўспамінаў, калі рашуча знайшоў тут.

  Віктар чакаў мяне, нервова шнуруючы па пакойчыку. Вочы яго блішчэлі, як пасля выпіўкі. Паголены, пастрыжаны, адпрасаваная кашуля ў чырвона-сінюю клетачку з накладнымі кішэнямі, чорныя калашыны штаноў запраўлены з напускам у наваксаваныя халявы вычышчаных ботаў. Гарнітур зборны, але сядзіць ладна, па-вясковаму ўрачыста, як адзнака нейкага змешанага вайскова-цывільнага стылю.
  — О-то, браце, — раскінуў я рукамі. — Ты прыбраўся, няйначай, як Сталін на сустрэчу з генераламі.
  — Ты не жартуй, — Віктар нібы спатыкнуўся пасярод пакоя, стаў з насцярогай аглядаць сябе. Павінаваціўся: — Я прымяраў твае чаравікі — ціснуць.
  На стале ляжалі хлеб, кілбаса, памідоры. Віктар выйшаў за дзверы, вярнуўся з чайнікам, з рыльца якога пыхкала пара. Колішнія студэнты ведаюць, дзе што ляжыць і як што зрабіць.
  Падаконнік быў заняты ладнай горкай перавязаных аборачкай кніжак.
  — Бачу: ты дастукаўся да свайго даўжніка? — спытаў я.
  — Ага, сустрэліся — і ён якраз пры грашах. Кажа: колькі разоў адкладваў — столькі і распускаў. Грошы — вада. Забег у інтэрнат, кніжкі забраў, слоўнікі. Хай паляжаць у цябе. I папраўдзе — мы з табой сёння багатыя людзі, і нас чакае «Дзяўчына з Палесся». Можа, трэба было б і пляшку ўзяць, ды я падумаў…
  — Правільна падумаў. Скажы лепей, як твой паход у міністэрства?
  — Ат!—Віктар махнуў рукой.— Не даюць гаварыць, спіхваюць адзін другому, як дзядзьку ў Вільні.
  «Мы не можам ісці проці волі народа…» — «А подпісы бацькоў, іх пад дзве сотні,— гэта не воля?» — «Подпісы — гэта адно, мы можам табе іх тысячу назбіраць, а ёсць другая воля, вышэйшая…» — I ківок угору… Там, на небясі…
  Елі кілбасу з памідорамі, пасыпаючы іх буйной соллю, пілі чай з маміным варэннем, залазячы лыжкамі ў двухлітровы слоік. Віктар гаварыў далей:
  — Дык вось, народ! Прыслалі да нас новага дырэктара. Ён сам рускі, жонка — наша паляшуцкая русалка, біялогію вядзе, расказвае дзецям пра «дагістарычных іскупаемых». Дзеці нядоўга прывыкалі да яе, нюхам учулі яе вучонасць, на саму перакінулі — «дагістарычная іскупаемая». Непадалёк у лесе вайсковая ракетная часць стаіць, колькі афіцэрскіх сем’яў. «А как же наши дети? Может, через несколько лет им в Среднюю Азию ехать придётся, там тоже языки всякие…» Закруцілі, замуцілі — і пайшло. Раённае начальства туды ж, за іх. Выклікае мяне загадчык райана: «Чаго ты дабіваешся, Віктар Міхайлавіч?» — «Нічога не дабіваюся. Хачу, каб школа заставалася беларуская».— «У цябе ж нямецкая мова, якая табе розніца?» — «Такая, Міхаіл Іванавіч. Не хачу калечыць дзяцей».— «А калі яны з беларускай школы едуць у рускі горад, мы не калечым?» — «Яшчэ як калечым».— «Вось бачыш. Ты ж разумны чалавек, хіба ты не адчуваеш тэндэнцыю? Усё ідзе на зліццё… I наогул…» — «Што «наогул»?» — «Літаратурны гурток — гэта добра, гурток па нямецкай мове — нармальна, а палітыка — гэта пагана. I перш за ўсё для цябе пагана». Вось так, школы няма, жыцця няма — адна палітыка. I спакойна так гаворыць, спакойна пазірае ў вочы, добры, ветлівы чалавек, учарашні настаўнік, сённяшні начальнік.
  Віктар сам задаваў пытанні, сам адказваў на іх. Яму трэба было выгаварыцца, пачуць слова спагады ці разумення. I тое, і другое было, і ён гэта адчуваў. Не было толькі помачы, і я не ведаў, адкуль узяць яе.
  — Другі раз мяне выклікалі ўжо ў міліцыю. Таварыш капітан, з маладых, ды ранні. Гэты гаварыў рубам і без гэтай нікчэмнай ветлівасці. «Что за стишки вы читали возле районной столовой?» — «Свае. Сам прыдумаў, сам прачытаў». — «А как бы это посмотреть на них?» — «Я чытаю па памяці,што прыйдзе ў галаву, тое і чытаю». — «Ладно, прочтите по памяти».— «Вы ўсё роўна не зразумееце, яны па-беларуску». — «А вдруг кое-что и уразумею. Я ведь тоже из белорусов».— «Не. Гэта ж паэзія, імправізацыя. Тут найшло, тут забылася». — «Про бандита Никиту — это импровизация?» — «Усё імправізацыя, і пра Мікіту, і пра астатніх».— «Так вот что, импровизатор. Если ты перед мужиками или ещё перед кем-нибудь и дальше будешь читать эти свои пасквили — отправлю туда, откуда трудно вернуться. Можно сказать: невозможно. Дорога с односторонним движением. И пойдёшь ты туда не как жертва, не как борец за «националистическую идею…» — «Можа, за нацыянальную?..» — «…не как борец за националистическую идею, а как уголовник. Борца и мученика сделать из себя тебе не удастся. А вот воришка — не вор, какой из тебя вор,— воришка, промышляющий по мелочам… Так вот, воришку… это я тебе обещаю, это я тебе устрою».
  I, ведаеш, ледзь не ўстроіў. Мінае нейкі час, і раптам гром на школу: нехта ўзламаў замок на скрыні з вучэбнымі вінтоўкамі. Прапала дробнакаліберка, пяць пачкаў патронаў. Прыехаў участковы, узяў панятых, пачалі шукаць. I знайшлі. Пад страхой у хляве маёй гаспадыні. Усё акуратна загорнута ў мяшок, і мяшок гаспадыні сушыўся на плоце, а пасля неяк прапаў. Усё падведзена як мае быць. I засудзілі б, калі б адзін мой вучань рахубу іхнюю не зблытаў. Напісаў заяву, што гэта ён сарваў замок. I манціроўку паказаў, якой зрываў,— якраз падышла. I што мяшок загадзя з плота зняў. «Чаму вінтоўку не дамоў панёс, а пад чужую страху засунуў?» — «Хіба я малахольны, каб дамоў?» — «Тады навошта ўсё гэта?» — «Каб адпомсціць яму». Значыць, мне. Я не прызнаваў яго за паэта, вершы крытыкаваў. I па мове адзнакі заніжаў. Такі вось страшны я яго вораг, і такая яго помста. Перабунтаваў ён ім усю рахубу. Бацьку штрафанулі на трыццаць рублёў, а хлопца папярэдзілі, што калі ўтворыць яшчэ такое, то не паглядзяць, што непаўналетні, уклеяць па ўсёй строгасці. Словам, багата было смеху, на ўвесь раён.
  Смех смехам, а мяне агортваў усё большы непакой. Ніякай канкрэтнай прычыны для гэтага нібыта і не было, але гэта Віктарава прамата, гэта яго шчырасць… Каму яны патрэбны? Хто іх ацэніць? Хіба што ўсё той жа міліцэйскі капітан?
  На памяці ў мяне быў свой прыклад. Мы рыхтаваліся да экзамену па дыялектычным матэрыялізме, калі на Цэнтральнай плошчы горада скінулі манумент Сталіну. Аграмаднай цёмнай зданню ён узвышаўся пасярод квадратнай голай прасторы, ужо сваёй адзінотай і пастаянствам абяцаючы нешта страшнае. Расказвалі, што было ўсё гэта так: закінулі стальную пятлю пад бараду, тузанулі танкавым цягачом — і вусатая бронзавая галава пакацілася па бруку, высякаючы іскры.
  Сабраліся мы на кансультацыю, хаця якая кансультацыя, калі радыё клейміць «культ» і «бацьку народаў» галаву адкручваюць.
  Прыйшоў выкладчык, стомлена сеў за стол. Нехта спытаў у яго: «Культ — гэта ёсць. А ці не можа ўсё гэта паўтарыцца? Ну, не сёння, не заўтра, хай пазней трошкі. Ці не можа ўсё паўтарыцца?» Выкладчык чалавек быў станоўчы. Прынамсі, мы так лічылі. Ён не баяўся вострых пытанняў і не азіраўся палахліва на няшчыльна зачыненыя дзверы аўдыторыі, калі адказваў на іх. Гаварыў, што думаў і як думаў. А тут павёў цяжкім позіркам па нашых тварах і глухім голасам, выціскаючы кожную літару, сказаў: «Разумныя вы хлопцы… чытаеце разумныя кнігі… слухаеце разумных людзей… а нічога не разумееце».
  Сказаў і выйшаў з аўдыторыі. А назаўтра на экзамене ўсім уляпіў па тры балы. Слухаў адказ, браў у рукі заліковую кніжку, ставіў траяк і ківаў наступнаму: «Давай». I гэтак усім, хто быў на кансультацыі. Чацвёра на кансультацыі адсутнічалі — ім паставіў па пяцёрцы. I смешна, і прыкра. Быў чалавек — і не стала чалавека.
  — Віця, ты жартуеш з агнём,— паспрабаваў я перасцерагчы Віктара.
  Ён засмяяўся ўсё тым жа нязменным сваім конскім смехам:
  — Гы-гы-гы! Жарты! Хата згарэла, галавешкі так залілі вадой, што і чад не прабіваецца, а гаспадар усё з вядром носіцца — агню баіцца.
  Віктар ці не разумеў, пра што гаварыў я, ці не хацеў разумець. Працягваў далей:
  — Дык вось, капітан мой быў чалавек сур’ёзны, сваім словам даражыў. Першым разам прамахнуўся, а другім усё-ткі запраторыў мяне ў Пячэрск. «У вас будет время обо всём хорошенько подумать». I праўда, чаго толькі не перадумаеш за паўгода, якіх страхаў не наглядзішся. Але няма большага страху, чым уколы. Не самі ўколы, а што з іх можа быць. Тут ужо я прасіўся. «Мне ж яшчэ жыць трэба, дзяцей вучыць. А можа, і свае будуць, гадаваць трэба». I скажу, не сільнічалі. Падзяржалі і выпусцілі. I нават даведку далі, што нармальны, з дзецьмі магу працаваць. Магу. А дырэктар не дапускае.
  — Нават так?
  — Ну. «Навошта школе ненармальныя?» Я яму даведку, а ён сваё: «Усе ведаюць, што Віктар Міхайлавіч быў у Пячэрску. А Пячэрск — гарадок для ненармальных. Значыць… Дыягназ сёння не пацвердзіўся, заўтра пацвердзіцца». Вось так. Сам з былых палітрукоў. Турнулі з арміі — дырэктара школы далі. Не справіўся з салдатамі — справіцца з дзецьмі. «Заўтра пацвердзіцца…» Жартаўнік з сабачай слязой. Пазірае на цябе, і не ведаеш: ці то папрасіць што, ці ўкусіць хоча. «Эх ты, — падумаў я, — жартаваць дык жартаваць! Пажартую ж і я». Сядзім у яго кабінеце. Ён сказаў, я маўчу, гляджу на яго. Ацёчны жаўтлявы твар, зеленаватыя налітыя падушкі пад вачыма… Піў і п’е… Жаўтаватыя бялкі. Пытаюся: «Вы ў доктара даўно былі, ныркі правяралі?» — «Даўно, а што?» — «У вас хворыя ныркі. Асабліва левая». — «Праўда, бывае, пабольвае з левага боку». — «Глуха так, быццам хто ўчора стукнуў? Пасля вострыя ўкольчыкі, як іголкай». — «Адкуль вы гэта ведаеце?» — Ага, насцярожыўся, значыць, зацікавіла. Значыць, баліць. Пачакай, пачакай… — «Не, гэта не пясок і не камяні. Там боль раптоўны, рэзаны. Яго цяжка цярпець, але з ім-то яшчэ можна ваяваць. А гэта… гэта страшней. Гэта можа быць самае страшнае…» — «Што?.. Самае страшнае?!» — Бачу, як яго самазадаволеная ацёчная морда мяняе шкуру, з жоўтай робіцца беленькая. Маўчыць, лыпае вачыма. I верыць не хочацца, і не верыць нельга. — «Праверце ныркі, бо можа быць позна», — кажу яму і выходжу. Задаў ты мне задачку — я думаю, задаў і я табе задачку — ты думай. Назаўтра ранічкай прыбягае жонка, «дагістарычная іскупаемая». «Віктар Міхайлавіч, скажыце, што гэта няпраўда!» У вачах і слёзы, і страх. «Скажыце!» Я маўчу. Ды і што я магу сказаць?!
  — Як што? Што пажартаваў, што ўсё гэта выдумаў.
  — Я нічога не выдумляў. Ён і праўда хворы, і хворы цяжка.
  — Адкуль ты ведаеш?
  — Адкуль? — Віктар загадкава ўсміхнуўся, пацягнуўшы губамі, нібы сутарга іх павяла.
  Я першы раз бачыў такія яго вочы — спакойныя, роўныя, пранізліва-халодныя. Нашы позіркі сустрэліся, і я адчуў усярэдзіне ледзяны дрыжачы холад. Нешта такое я адчуваў аднойчы, яшчэ мальцом, калі першы раз зазірнуў цераз зруб у глыбокую студню, самую глыбокую У нашым сяле. Зазірнуў — і далёка на дне, на чорным люстры вады ўбачыў свой твар. Твар не твар — нешта цёмнае, загадкавае, бліскучае, так і хацелася наблізіцца Да яго, прыгледзецца, і я ўжо перавесіўся напалову, цягнучы галаву ўніз, і калі б не нечая дужая рука… I вось цяпер на мяне зноў пазіраў той малец з калодзежа халоднымі Віктаравымі вачыма.
  Але тут Віктар засмяяўся, непрыгожа агаліўшы дзясны:
  — Я люблю чытаць медыцынскую літаратуру, там багата цікавага, асабліва пра хваробы чалавека. А мой дзед Максім умеў лячыць — і людзей, і кароў, і коней. Загаворваў кроў, сунімаў боль, адганяў падучую. — Віктар рыўком устаў з-за стала, выйшаў на сярэдзіну пакоя, выпрастаўся ўвесь, развёў плечы, узняў грудзі і застыў, нібы схоплены стаўбуном. Твар напружаны, закамянелы, вочы нерухомыя, невідушча-шкляныя, пазіраюць удаль, паверх маёй галавы. Потым паволі апускаюцца ніжэй, на мой твар, знаходзяць мае вочы, упіваюцца ў іх, не адпускаюць. Губы яго варушацца, суха шэпчуць: «Згінь, хвароба, прэч з парога! Ты мяне не ведаеш, я цябе не ведаю, ты мяне не чуеш, я цябе чуць не хачу… Ты, соль,— усё засоліш! Ты, попел, — усё пераясі! Ты, чорны вугаль, — усё зачэрніш!..» — Ён ідзе па пакоі, выставіўшы рукі з растапыранымі пальцамі, робіць імі кругі ў паветры, нібы адганяючы насланнё, чмут нейкі. Увесь наструнены, сабраны ў адзін камяк, ступае мякка, нібы кот, гатовы ў любое імгненне скочыць наперад. I скача, рэзка кідае рукі ўперад, перад маім тварам, застывае на нейкі час. Я сяджу, як пад гіпнозам. Ён забірае рукі назад, нібы хавае, як кот кіпцюры, твар яго расслабляецца, ажывае, і ён задаволена рагоча сваім грубым голасам.
  Гэты голас некалі я чуў у калідорах педвучылішча, і тады ён мне падабаўся. Але цяпер ён здаецца мне ненатуральным і хворым.
  — Ды ну цябе з тваімі прымхамі! — гавару я збянтэжана.— Гэтак ты каго хочаш напалохаеш.
  — Ну, цябе ж не напалохаў.
  — Напалохаць не напалохаў, але…
  — Але… — Нібы ўзрадаваўшыся, Віктар падхоплівае: «Разве может нормальный человек читать провокационные стишки перед народом?»
  — Усё капітан?
  — Ён.
  — I што за «сцішкі»?
  Віктар азірнуўся на дзверы і прашаптаў:
  — Яны ў мяне з сабой.— Дастаў з партфеля пакунак, загорнуты ў газету і крыж-накрыж перавязаны тоўстым шпагатам. Тры агульныя сшыткі ў каляных вокладках, спісаныя акуратным, крута нахіленым почыркам. На першай старонцы першага сшытка вялікімі чырвонымі літарамі загаловак: «Пра бандыта Мікіту», трошкі ніжэй, літарамі меншымі — жанр: «Паэма».
  Паэма была разбіта на раздзелы. «Саюзу — кукурузу», «Кароўку на вяроўку», «Нашто парткі калгасніку?..», «Каму жывецца весела ў нас у Беларусі…»
  — I ты ўсё гэта возіш з сабой? — спытаў я.
  Віктар весела кіўнуў галавой:
  — Ну.
  Цяпер ужо і я паглядзеў на яго, як на ненармальнага.
  — А што?..— спытаў Віктар.
  — Дурань, вось што,— адказаў я злосна.
  У оперным на нас пазіралі як на сланоў, якія вырваліся з клеткі і спакойна разгульваюць па праспекце. Добра вычышчаныя Віктаравы кірзавыя боты давалі такі густы дух гуталіну, што ён не мог не трывожыць далікатныя насы тэатральнай публікі.
Віктар і тут быў спакойны, а калі пачуліся першыя музычныя акорды і пайшло прадстаўленне, ён нібы ўвесь перамясціўся бліжэй да сцэны, да аркестра.
  I музыка, і драма, і ўся гэта прыгожая тэатральная бутафорыя ўцягнулі і мяне. Я быў рады, што Віктар прывёў мяне сюды. Слухаў музыку, перажываў драму, быў ва ўладзе прадстаўлення, але трывога за яго самога ні на хвіліну не адпускала мяне.
  Спектакль скончыўся позна. Мы пеша ішлі па начным горадзе. Атмасфера тэатральнай дэкарацыі нібы выйшла сюды, на начныя вуліцы. Цішыня, тайна ценяў, напружанае чаканне невядомага. Доўга маўчалі. Першы загаварыў Віктар:
  — Ведаеш, якую беларускую оперу я хацеў бы паслухаць? Оперу пра выгнанніка. Чалавека выгналі з роднай хаты, з роднай зямлі ў далёкі чужы свет. Ён бадзяцца як непрыкаяны, яму цяжка, яму балюча, яму крыўдна. З яго здзекуюцца, з яго пацяшаюцца — за яго прастату, за яго словы, за яго мову. За яго працавітасць, за гатоўнасць рабіць любую работу. Ён цягавіты, ён мужыкаваты. Ён усё церпіць, ён усё сцерпіць, бо ў душы ў яго жыве мара, надзея: ён чакае таго дня, калі зможа вярнуцца дамоў. Гэта мара дае яму сілы вытрымаць усё.
  I вось настае той жаданы дзень. Ён збіраецца ў далёкую дарогу — дарогу дамоў. Я чую гэтыя мажорныя акорды, за якімі і боль, і трывога, і слёзы. Яго спрабуе не пусціць, хоча ўтрымаць там жанчына. Яна кахае яго, яна шкадуе яго і просіць, каб ён застаўся. Яна прадчувае тыя беды, што чакаюць яго, яна ведае, што яму там будзе цяжка, а сама яна не можа пакінуць сваю радзіну, сваіх блізкіх. Але і ён не можа застацца там. Ён вяртаецца дамоў. I што сустракае яго? Першы ўдар: яго радня не прызнае яго. Радня думае, што ён прыйшоў, каб выгнаць іх з хаты, з якой некалі выгналі яго і ў якой пасяліліся яны і жывуць цяпер. I ўжо нібыта ён вінаваты, што вярнуўся дамоў. Не прызнае яго і каханая жанчына. Некалі ён пакінуў яе малой дзяўчынкай, аб ёй былі яго мары ўвесь гэты доўгі час. «Ты ж мая, ты ж мая перапёлачка…» Яна была яго перапёлачкай, яна клікала яго праз ночы і гады. Але яго сустракае не маленькая перапёлачка, а стомленая жыццём жанчына. Яна чакае дапамогі, яна шукае спакою. Ён можа дапамагчы, але даць спакою не можа. Што яму рабіць, куды ісці далей?.. Гэта драма жыцця, трагедыя душы. Калі б падаць яе праз музыку, праз слова!.. У музыцы яе мог бы асіліць Туранкоў. Праўда, яго ўжо няма. А ў паэзіі?.. Куляшоў? Надта сухі. Танк? Надта мяккі. Вось такую оперу я хацеў бы паслухаць.
  Такую оперу хацеў бы паслухаць і я. Я пазіраў на Віктара, чуў яго гарачыя словы, і мне здавалася, што такая опера ўжо ёсць, што неўзабаве яе можна будзе паслухаць… Далей мае думкі пайшлі пра тое, чаму жывыя Куляшоў і Танк не могуць асіліць гэтую работу, а мёртвы Туранкоў мог бы?   Чаму?..
  Мы падыходзілі да інтэрната, калі прыціхлы на нейкі час Віктар раптам засмяяўся. Счакаў трохі і зноў: «Гы-гы-гы!»
  — Што такое?
  — Успомніў адну гісторыю. Лічы — з той жа оперы. Два першыя курсы замежнага інстытута я быў на завочным. Здаваць экзамены здаваў, але зразумеў, што замежную мову так не вывучыш. Чытаць будзеш, а гаварыць не будзеш. Патрэбна актыўная практыка, жывы кантакт. Словам, перавёўся на стацыянар. Не надта любяць такое рабіць, але зрабілі. I трапіў я ў групу выдатнікаў. Сем чалавек, я — восьмы. Гладзенькія, чысценькія, усе са спецшкол, пасля залатых атэстатаў. На практычных сякуць, як зайцы капусту. А я — пыкмык, фатэр-мутэр — і заціх. Хачу любіць, а не ўмею. Трэба даганяць, выраўнівацца. Трэба шукаць. I перш за ўсё словы. А дзе іх браць? У пісьменнікаў. Дапусцім, у Томаса Мана.
  — Так проста… У Томаса Мана?
  — Не проста… Узяць якую-небудзь казачку… Там і ста слоў не набярэцца. А тут — энцыклапедыя. Узяўся за «Будэнброкаў» — і пераклаў.
  — Ты так весела гаворыш: «Узяўся і пераклаў».
  — Пераклаў… Канечне, для сябе, для вучобы… Надта цяжка даваўся першы раздзел. Трэба было ўлезці ў яго стыхію, адчуць стыль, потым слова, гульня з ім. Скрыпач са скрыпкай — гэта віртуоз, а скрыпач са словам — гэта яшчэ глыбей. Дык вось, «Будэнброкі». Іх мне хапіла на ўвесь інстытут. На вусным я мог даць асечку, а на пісьмовым усе мае хлопчыкі беглі да мяне. Наіўныя дурні, яны ведалі толькі адно — зубрыць, зубрыць, зубрыць. Пытаюся аднойчы: «Хто з вас быў на «Паўлінцы»?» Ніхто. Бяру білеты — пайшлі. Потым оперны. Потым нехта прыехаў на гастролі. Спадабалася. Спадабалася — гэта добра. Пайшлі грошы зарабляць. На таварную станцыю прыходзяць вагоны з памідорамі, кавунамі ці іншым тэрміновым грузам. Звоняць: «Хлопцы, выручайце!» — «Хлопцы, пад’ём!» Ноч пакідалі — па трыццаць — сорак рублёў у кішэні. Жывём! I ведаеш, я з іх людзей зрабіў. Кажу: «Вы ж не бачыце, што робіцца на свеце. Паўтыкалі насы ў канспекты, у слоўнікі — і ўсё. Азірніцеся кругом, разуйце вочы». Праз год гэта была самая баявая група ў інстытуце. А яшчэ праз паўгода яе разагналі як ненадзейную… Гы-гы-гы!
  У інтэрнаце за чаем я спытаў у Віктара:
  — Дзе Ніна?
  Віктар доўга маўчаў. Чай быў гарачы, і ён патрошкі адхлёбваў са шклянкі, пазіраючы ў яе. Потым падняў вочы на мяне. Цяжка сказаць, якія гэта былі вочы. Задуменныя? Не. Абыякавыя? Не. Так, вочы спакойнага чалавека.
  — Яна прыязджала да мяне летась.
  — У школу?
  — Ну. Пабывала ў Селішчы, у маці, памагла ёй грады зрабіць, узяла мой адрас і заявілася. — Памаўчаў, даліў чаю. Адхлёбваў, пазіраў у празрыстую бурштынавую глыбіню шклянкі. — Пражыла тыдзень у мяне і паехала.
  — I ўсё?
  — Не. Сказала, што збіраецца замуж.
  — А ты?
  — Сабралася — дык ідзі.
  — Можа, ты дарма так з ёй?
  — Калі чалавек так сказаў, значыць, у яго ўжо было гатовае рашэнне.
  — Калі б было гатовае рашэнне, то навошта б яна шукала цябе?
  — Шукала.
  — Трэба і яе зразумець: дзяўчыне хочацца сям’і, нейкага ладу, пастаянства.
  — А дзе яно, гэта пастаянства? У мяне яго няма. I ці будзе калі. Мой сусед у Селішчы любіць паўтараць: «Маленькі сабачка заўсёды шчанюк». Так і я: гаў-гаў-гаў.
  Я зразумеў: ён зноў збіваў гаворку на несур’ёзнае. у Ляглі спаць. Студэнты, як і салдаты, засынаюць імгненна і спяць моцна.
  Калі я прачнуўся, Віктара ў пакоі не было. На маёй тумбачцы ляжаў загорнуты ў газету, перавязаны тоўстым шпагатам пакунак. Я добра ведаў, што ў ім, але цяпер у мяне не было часу для сур’ёзнага чытання, і я засунуў яго на антрэсолі — у суседства са старымі канспектамі, кантрольнымі работамі і падручнікамі. Туды ж я паклаў і два тоўстыя слоўнікі: хіндзі-рускі і арабска-рускі. Толькі адзін Віктар ведаў, навошта яны былі яму.
  Летнімі канікуламі ў інтэрнаце рабілі нейкі паспешлівы рамонт, вычысцілі ўсе куткі і закуткі. Разам з канспектамі і кантрольнымі прапаў і пакунак з трыма Віктаравымі агульнымі сшыткамі. Можа, назаўсёды, а можа, дзе-небудзь яшчэ знойдзецца. Бо слоўнікі знайшліся, захаваліся ў мяне і па сённяшні дзень.

  З год Віктар не аб’яўляўся. Ад Буракоўскага я чуў, што ён працягваў адчайна ваяваць, каб вярнуць сваёй школе беларускую мову. Праўда, ваяваў ён цяпер з другім дырэктарам. Былы палітрук з «дагістарычнай іскупаемай» некуды з’ехаў.
  Маё жыццё крута павярнулася ў бок практычнай журналістыкі. Мне прапанавалі месца ў газеце, і я з ахвотай пайшоў туды: жыць на скупую студэнцкую стыпендыю і выпадковыя заробкі было ўсё цяжэй. I вось аднойчы адчыняюцца дзверы закутка, дзе я сядзеў, і заходзіць Віктар. Худы, сухі, запалыя вочы, але ўсмешка ўсё тая ж зубы на продаж. Недарагі шэры касцюм, кашуля без гальштука — іх ён не любіў ніколі,— і ўсё нібы з чужых плячэй. Памяць мая адразу вярнула педвучылішча, той светлы дзень, калі Віктар выйграў на аблігацыю і частаваў мяне півам. Тады ён быў таксама ў шэрым касцюме, але які гэта быў касцюм і як ён пасаваў яму!
  — Іч, рассеўся, як пан,— загаварыў ён нязлосна, павёўшы вачыма па стале, за якім быў я. Нібы нязлосна, але падкалоў мяне.
  — Ага,— пагадзіўся я. Стол сапраўды быў ёмкі, на дзве тумбы, і сядзець за ім мне падабалася.
  — Лепей бы пасобіў мне Ніну знайсці.
  Я не ведаў, што і чаму «лепей», і хацеў ужо пачаць высвятляць, але Віктар сам апярэдзіў пытанні:
  — Звольнілася са сваёй школы і паехала. Куды паехала — нікому не сказала. Спрабаваў дазнацца ў яе бацькоў — не гавораць. Адно выведаў, што некуды ў Гродзенскую вобласць. Але ж вобласць — гэта вобласць.
  Яно так. У вобласці — раёны, у раёнах — сельсаветы, у сельсаветах — школы. Але…
  — А ў аблана ты не цікавіўся?
  — Дзе тое аблана. Табе ж прасцей, ты не які там, ты — з газеты. Вазьмі трубку, пазвані ў міністэрства ці ў тое ж аблана — і табе скажуць. — Нейкая раздражнёнасць, нават грубасць чуліся ў яго голасе. Нібыта я нечым перад ім правінаваціўся.
  Я пачаў званіць. Нічога путнага мае званкі не далі. Адно з Гродна вясёлы мужчынскі голас сказаў, каб я перазваніў праз дзянёк-другі. «Мы яе хоць з-пад зямлі дастанем, калі зямля гэта ў Гродзенскім акалотку».
  Ні дзянёк, ні другі Віктар чакаць не мог, і я дакляраваў выслаць яму адрас, як толькі даведаюся.
  Мой рабочы закутак мала што ўмяшчаў: акно, стол, стул. Яшчэ адзін стул стаяў напроці, ля дзвярэй. На ім цяпер і сядзеў Віктар. На гэтым стуле пераседзела шмат розных людзей, але толькі адзін з іх сказаў мне «пан». Сказаў жартам, і я разумеў, што гэта жарт, але разумеў і тое, што нейкая доля праўды стаяла за гэтым словам. Перада мною быў новы Віктар. «Гэты» Віктар быў падобны на чалавека, які ў адзежы зваліўся ў ваду і, не маючы ў што пераапрануцца, чакаў, калі адзежа высахне на ім. I ўпершыню за ўсе гады нашага знаёмства мне стала шкода яго. Я востра адчуў нейкую сваю віну перад ім, хаця я і не разумеў, у чым яна. Мне стала няўтульна за маім сталом.
  Віктар маўчаў. Можна было падумаць, што ён не ведаў, куды пайсці і што рабіць. Хаця не.
  Ён неяк дзіўна ўсміхнуўся, скрывіўшы твар, як збіраўся заплакаць:
  — Ведаеш, мне нядаўна сасніўся сон. Страшны сон. Нібыта я ў нейкім кафэ, і мы выпіваем, і прыслужвае нам сімпатычная, гадоў пад трыццаць кабета ў светлым. I раптам нехта адзін з нашай кампаніі ўстае і груба гаворыць ёй:
  — Пайшлі і прапусціш іх усіх,— і паказвае на мужчын.
  Кабета не здзівілася яго словам, паглядзела на ўсіх спакойным балесным позіркам і на мяне паглядзела, павярнулася і пайшла. Усталі і пайшлі за ёй усе, колькі іх там было,— чалавекі чатыры ці пяць. Я застаўся сядзець за сталом.
  Праз нейкі час напаўжывую акрываўленую кабету пранеслі цераз залу назад. За ёй ішлі тыя мужчыны, толькі цяпер яны былі ў белых сподніках, выпацканых кроўю. Дык вось — гэта была мая жанчына.— Віктар зноў усміхнуўся жаласнай усмешкай.
  Я не ведаў, што сказаць. Сон сапраўды страшны, містычны: кроў на белым, белае і чырвонае… Я спытаў:
  — Як ты сам жывеш?
  — Аніяк,— адказаў ён злосна.
  — А школа?
  — Выгналі. Выгналі, і ўвесь марафон.
  Я чакаў, што ён яшчэ скажа. I ён сказаў:
  — Пісаў і ў Мінск, і ў Маскву. Масква перапіхвае пісьмы ў Мінск, Мінск — у Магілёў, а адтуль адно: усё правільна, усё мае быць так. Скончылася тым, што зноў на шэсць месяцаў загналі ў Пячэрск. Выпусцілі з белым білетам, з правам на пенсію, без права на працу.
  — Слухай, дык гэта ж…
  — Ну,— пацвердзіў ён.
  — Можа, я змагу чым-небудзь дапамагчы? Усё ж газета…
  — Дапамажы знайсці Ніну.
  Такім разгубленым я яго ніколі не бачыў.
  — У мяне твае слоўнікі…
  — Хай паляжаць.
  — А сшыткі твае…— Я запнуўся. Мне цяжка было сказаць, што я не ведаю, дзе яны і ці жывыя наогул…  Пасля…— адмахнуўся ён. Нібы здагадваўся, што я маю яму сказаць.
  У закутку маім павісла гнятлівая цішыня. Віктар першы не вытрымаў яе: устаў рашучым рыўком і, не развітаўшыся, выйшаў.
  Праз дзень я дазнаўся адрас школы, куды пераехала Ніна, і выслаў яму. Чакаў якога-небудзь знаку ад яго і месяц, і паўгода, і год. Як гэта часта бывала з ім, ён зноў прапаў. I зноў, як камень у ваду.

  Я шмат думаў над парадоксамі нашага лёсу. Жывеш з чалавекам побач — думаеш пра яго, перажываеш за яго, хвалюешся. Знік чалавек з вачэй тваіх і нібы выпаў з твайго жыцця. I ўспамінаеш, і трывожышся, але не так востра, не так балюча.
  З’яўленне Віктара ў маім інтэрнацкім пакоі было нібы вяртанне яго з таго свету. I мы зноў былі, як радня, як самыя блізкія людзі. Паехаў ён — і нібы забраў усё сваё з сабой. I чым болей ішоў час, тым радзей ажываў напамінак пра яго, тым глушэй чуўся ў памяці яго голас.
  Іншае было пасля апошняй сустрэчы. Вобраз разгубленага чалавека ў касцюме з чужых плячэй усё часцей уставаў перад вачыма. Як ён, што ён, дзе ён?..

  Нейкім часам мы сустрэліся з Міколам Буракоўскім. Ён стаў добрым хірургам, загадваў аддзяленнем прэстыжнай бальніцы пад Мінскам. Пабудаваў свой дом, пакруглеў, пасыцеў. Бляск надзейнай упэўненасці стала пасяліўся ў яго карых вачах.
  — Нешта даўно маўчыць Віктар. Можа, ты чуў што пра яго? — спытаў я ў Міколы.
  Ён уважліва паглядзеў на мяне:
  — А хіба ты нічога не ведаеш?
  Пра тое, што ён расказаў мне, лепей было б не ведаць…

  Віктар паехаў у сяло, дзе працавала Ніна, сустрэўся з ёй. Яна была замужам, мела дзіця — маленькую пушысценькую дзяўчынку. Мужык — мясцовы механізатар, сімпатычны, рахманы мядзведзь. Гэта была спакойная вясковая сям’я, здавалася, усё ў іх было добра і ладна. I тут заявіўся Віктар. Ён заўсёды ішоў напралом і заўсёды не выбіраў дарогі. Ён пачаў даказваць Ніне, што кахае яе, што толькі пра яе сніць і думае. Угаворваў пакінуць мужыка і выйсці замуж за яго. Яны пераедуць у другое месца, будуць разам жыць, разам працаваць. Ён не сумняваўся, што яму дазволяць працаваць у школе.
  Не ўгаварыў.
  «Што было, тое згарэла, і не трэба варушыць халоднае вуголле»,— адказала яму Ніна. Тады ён прыгразіў, што нікуды ад яе не паедзе, застанецца жыць у гэтым жа сяле. «Я не магу без цябе, я не магу не бачыць цябе».
  I застаўся. Узяў кватэру ў старой адзінокай жанчыны і кожнай раніцай ішоў пад школу, каб убачыць Ніну.
  I ў горадзе цяжка сабраць такое ў нейкую норму, а сяло ёсць сяло. Папаўзлі чуткі, што нібыта Ніна і Віктар раней жылі разам, а пасля яна ўцякла ад яго, што нібыта дзяўчынка болей паходзіць на яго, на вучыцеля, чым на трактарыста. Ніна ўжо хадзіла грубая другім дзіцем — чыё яно будзе?
  Добра падпіўшы, разы са два трактарыст біў Віктара. Прыстрашыў і гаспадыню, дзе той браў кватэру, што, калі яна не выправіць свайго пастаяльца, ён возьме трактар і гэту яе курыную хатку з усім шлуннем спіхне са стромы ў рэчку. У сяле і лес быў, і рэчка была, і строма высокая. Гаспадыня вымушана была адмовіць Віктару ў прытулку, і болей ніхто не захацеў узяць яго на пастаяльства. Тады ён выкапаў на ўскрайку лесу зямлянку, склаў з камення печ і перасяліўся жыць туды. Яго часта бачылі ў сяле — то ля школы, то ля магазіна. Ён не цураўся людзей, і людзі не аббягалі яго. Гаварыў ён усё тым жа вясёлым грубым голасам, і ўкруга яго заўсёды збіваліся ў кучу мужчыны. У яго быў невялікі прыёмнік, і Віктар добра ведаў, што робіцца на свеце. Ён першы сказаў мужыкам, што ў Крамлі скінулі Мікіту і што ўзышла зорка Лёнькі Брэжнева. Ён чытаў мужыкам вершы пра царыцу-кукурузу і пра тое, як кароўку залыгалі на вяроўку і пацягнулі на мясакамбінат. Праўда, ён казаў, што вершы гэтыя былі напісаны даўно, можа, нават у мінулым веку. Мужыкі пасміхаліся, ківалі галовамі: хай сабе і ў мінулым, але ж складна і праўдзіва.
  Дачуўся пра вершы ўчастковы міліцыянер, завітаў у зямлянку. «Няйначай, арыштоўваць прыйшоў»,— падумалі мужыкі. Не, не арыштаваў. Ніхто не ведае, пра што яны гаварылі там, але ўчастковы стаў бываць на ўскрайку лесу ўсё часцей. Нешта пачало праясняцца трохі пазней, калі ўчастковы, узяўшы добрую чарку на хрэсьбінах, раптам стаў даказваць, што вучыцель — разумнейшы чалавек, але яму ходу не даюць. Хто любіць разумных ?
  Настала восень, пачаліся халады. Пад вечар кожнага дня Віктар распальваў сваю печ. Убачыўшы дым, які блытаўся між дрэў на ўзлеску, людзі жартавалі: «Вучыцель лазню топіць». Жартаваць жартавалі, але не смяяліся.
  Потым раптам дыму не стала. Так было дзень, другі… Трэцім днём Ніна сказала мужыку: «Схадзі паглядзі, ці не захварэў ён».
  Мужык не сказаў нічога, сабраўся і пайшоў.
  Дзверы зямлянкі адчыняліся ўсярэдзіну. Яны былі зашчэплены. Трактарыст быў чалавек цяжкой сілы, націснуў плечуком — зашчапка і адскочыла.
  Прывучыўшы вочы да паўзмроку зямлянкі, трактарыст убачыў свайго саперніка. Той ляжаў пад клятчатай саматканай коўдрай на тапчане, які служыў яму і лаўкай, і ложкам. Відаць, ён не даў добра перагарэць вуголлю, рана зачыніў юшку і рана лёг спаць.
  I цяпер ён ляжаў ціха, як можа ляжаць толькі мёртвы.
  Пахавалі яго на мясцовых могілках, на пагорку. Могілкі былі недалёка ад школы, і людзі сказалі: «Ён любіў глядзець на школку, хай і цяпер глядзіць».
  — Ты быў на пахаванні? — спытаў я ў Міколы. Яго расказ глухой удаўкай узяў мяне за сэрца.
  — Не быў. У яго паперах знайшлі толькі адрас маці. Яна адна і была.
  — Давай з’ездзім да яго.
  — Давай. Вось толькі трошкі разграбуся з клопатамі. Пачаў шаляваць дом — трэба неяк скончыць. Я ж куркуль,— усміхнуўся Мікола.— Дом, сад, агарод. Прыедзеш як-небудзь — пабачыш.— I праўда, Мікола быў не толькі добры доктар, але і добры гаспадар.
  Мы разышліся. Кожны панёс у душы свой жаль і сваё адчуванне вінаватасці.

  Мінула паўгода, потым яшчэ паўгода. Думкі пра Віктара і яго страшную смерць не пакідалі мяне. А паездка наша з Міколам усё адкладвалася і адкладвалася.
  Неяк я перабіраў кнігі на антрэсолях і наткнуўся на два тоўстыя цяжкія фаліянты — Віктаравы слоўнікі. З хваляваннем і нейкім страхам узяў у рукі адзін з іх, сеў за стол, пачаў гартаць. То быў арабска-рускі слоўнік. Я перагортваў старонку за старонкай, стараючыся саўладаць з хваляваннем, імкнучыся пранікнуць у магічную таямніцу арабскіх пісьмёнаў — гэтых дзіўных карункаў на белым полі паперы. Такія непадобныя на нашы знакі, а гавораць тыя ж самыя словы, тыя ж паняцці.
  Недзе ў самым канцы слоўніка між прыжоўклых ад часу старонак ляжаў акуратна пераламаны надвое аркушык белай паперы. Па краях ён таксама набраў колер пергаменту. Я разгарнуў яго. З верху да нізу ён быў спісаны акуратным, крута нахіленым Віктаравым почыркам.
  «Добрага дня табе, мая дарагая!
  Часам мне здаецца, што я нічога не ведаю — ні што некалі было, ні што некалі будзе. I дзіўлюся з сябе, сталага чалавека, рэаліста, не летуценніка. Раптам мне, негаваруну, захацелася гаварыць, абы з кім, але гаварыць. Гаварыць пра літаратуру, пра гісторыю, пра нашу бедную зямлю. Пра сябе, пра ўсё, што бачыў, чым жыў, чым жыву. I ўсё гэта таму, што ўбачыў колькі слоў, напісаных тваёй рукой. Колькі слоў, а ўсё перавярнулася, усё стала па-новаму хораша і прыгожа.
  Хочацца гаварыць, хоць я і не ведаю, ці гэта я гавару з табою, ці сам з сабою.
  Ты для мяне — як хата з зачыненымі дзвярыма. Мне хочацца зайсці ў хату, але я не ведаю, як мяне там сустрэнуць. Можа, абагрэюць, прытуляць, напояць, а можа, не пусцяць далей парога…
  Ты як хата, і мне чамусьці думаецца, што і табе адной холадна і зябка.
  Можа, ты таксама хочаш, каб нехта прыйшоў, расчыніў твае дзверы, ажывіў халоднае паветра сваім дыханнем, расклаў агонь у печы — сагрэў цябе з сярэдзіны. Тады не так адзінока будзе стаяць табе ў бязлюдным полі.
  I, можа, гэта я павінен адчыніць твае дзверы, а можа, не я? Бо нават тады, калі мяне сустрэнуць добра і будуць рады мне, я не ведаю, наколькі хопіць мне гэтай радасці. Хіба можна радавацца заўсёды? I ці не захочацца мне неўзабаве пакінуць хату і зачыніць дзверы знадворку? I як тады будзе табе? Ці не стане табе яшчэ болей зябка і няўтульна пад гэтым шырокім небам? I ці не пойдзем мы па свеце яшчэ болей адзінокія і самотныя, як зараз?
  Але ўсё роўна — мне хочацца гаварыць з табою. Можа, гэта гаворка — жаданне зазірнуць у тваю душу ці расчыніць перад табою дзверы сваёй хаты-душы? Толькі ці не застанёмся мы абое пасля гэтай гаворкі з расчыненымі напята дзвярыма? Ці не выстудзім свае хаты і ці не застануцца яны стаяць з халоднымі ценямі па кутках і пустымі праёмамі дзвярэй? Як вечны дакор мне — чалавеку, які хацеў і баяўся, хацеў сказаць і баяўся гаварыць.
  Апошні час мне вельмі няўтульна на свеце. Нідзе не магу я доўга затрымацца. Не паспею сагрэцца, як шукаю дарогі далей. Дарогі куды, дарогі навошта? У поле, на вецер, на сібер, з тым, каб праз нейкі час зноў шукаць новую хату, новае прыстанішча. Новую хату, бо ніколі не магу вярнуцца назад, дзе ўжо быў.
  Я зразумеў, што свет вялікі, а людзей так небагата. I ці можа адзін сабраць тое, што рассыпаюць усе?
  Я адчуваю, што ад мяне ўсе чакаюць цяпла, а я прыношу холад. Агню майго хапае вельмі на мала. Яго не хапае нават на тое, каб сагрэць самога сябе. Гэта хутчэй бенгальскі агонь на навагодняй ёлцы, а каго можа сагрэць бенгальскі агонь?.. А можа, і не бенгальскі? Можа, гэта толькі мне так здаецца?..
  Даруй, што пішу табе ўсё гэта. Магчыма, я і не пашлю гэты ліст табе, магчыма, яго ніхто ніколі не прачытае. Бо гэта толькі маё, схаванае ад усяго свету, схаванае за напускной весялосцю, за працай, за дзелавітасцю.
  Як добра быць шчаслівым! А калі ў чалавека няма шчасця — ён выдумляе яго. Як добра быць каханым! А калі няма кахання, чалавек выдумляе і яго. I, як ні дзіўна, чалавек з выдуманым шчасцем і выдуманым каханнем часта бывае шчаслівейшы, чым чалавек з рэальным шчасцем і каханнем. Даруй яшчэ раз».
  Ні імя, ні адраса на аркушыку не было, але я ведаў, што ліст мог быць напісаны толькі аднаму чалавеку.
  «Вось і ўсё,— горка падумаў я.— Жыў-быў чалавек… Жыў-быў… Хаця не, не ўсё…»
  Час быў позні, і я не стаў трывожыць Міколу. Вырашыў пазваніць заўтра на працу. На мой званок доўга ніхто не хацеў браць трубку. Я набраў нумар яшчэ раз. Азваўся жаночы голас.
  — Мне Мікалая Іванавіча,— папрасіў я.
  У трубцы цішыня і далёкі, нібы з космасу, трэск.
  — Хачу папрасіць Міколу Буракоўскага,— паўтарыў я.
  — А хіба вы нічога не ведаеце?..— голас ціхі, быццам вінаваты.
  — Што?!
  — Мікалая Іванавіча няма. Ужо два месяцы, як яго не стала.
  Я апусціў трубку на стол. Яна яшчэ доўга абзывалася жалобным тэлефонным плачам.

1992

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений