Анатоль Вярцінскі — Рэквіем па кожным чацвёртым

Анатоль Вярцінскі

У часе мінулай вайны загінуў
кожны чацвёрты беларус.
З дакумента

Ой, хацела мяне маці
за чацвёртага аддаці…
З народнай песні

 

Уступ

 

Вы бачылі лес,
дзе прагал скразны?
Скажыце, вы бачылі бор той,
дзе кожнай другой няма сасны
ці сама меней — чацвёртай?
Тое ж было з народам маім.
Сякера ваеннай навалы
прайшлася бязлітасна па ім,
і — прагалы, прагалы.
Яны і сёння не зараслі,
свіцяцца прасторай мёртвай…
Вы бачылі лес,
дзе прагал скразны?
Скажыце,
вы бачылі бор той?

Частка першая

 

Зямля мая бой прымала
ад стара і да мала,
ад стогадовага Талаша
Да Казея — малыша.
I падаў, распасцёрты,
кожны чацвёрты.

Часта згаралі знічкі тады.
Быў небасхіл чорны.
А на зямлі стылі сляды —
кожны чацвёрты.

Мір асвятліў нас сваім святлом.
Грымелі ўрачыста акорды.
Толькі не быў за святочным сталом
кожны чацвёрты.

Доўга не трацілі ўдовы надзей,
доўга чакалі маці дзяцей.
Не верылі ўеё, што мёртвы
кожны чацвёрты.

Помнім болі і страты свае.
Памяць шуміць, як чароты.
О, як нам вас нестае —
кожны чацвёрты!

Частка другая

Кожны чацвёрты быў мёртвы —
мір і спакой ім вечны!
Кожны трэці быў змораны,
скалечаны і знявечаны.

Кожны другі на целе
меў раны, апёкі ці шрамы.
I ўсе мы, усе мы мелі
на душы сваёй раны.

Зеўралі ямы, траншэі,
зеўралі печы ў друзе** —
ранай адной страшэннай
на целе маёй Беларусі.

Частка трэцяя

Лічым: чацвёрты кожны.
А можа, кожны трэці?
Голадам падкошаныя,
паміралі дзеці.

Яшчэ мы не ўлічылі
тых, што лячылі раны,
раны не залячылі,
рана паміралі.

Колькі прапала без вестак,
без пахаванняў, памінак!
А колькі потым дзетак
Узарвалася на мінах!

Лічым: кожны чацвёрты,
а той рахунак прыблізны,
а той рахунак няцвёрды,
а ўрон яшчэ больш вялізны.

Эпілог. Урок спражэння

Не забываецца той урон,
не зарастаюць прагалы…
«Дзеці, вы вывучылі урок?
Дзеці, вы праспрагалі?
Я іду,
ты ідзеш,
а ён не ідзе,
ён мёртвы.
Я пяю,
ты пяеш,
маўчыць кожны чацвёрты.
Мы ідзём,
ідзеце вы.
Грунт пад нагамі цвёрды.
Яны не ходзяць — не жывы
кожны чацвёрты.
Любім мы,
любіце вы.
Колькі травы,
ліствы,
сінявы! —
Хоць сэрца насцеж разгортвай.
А каб яшчэ ды быў жывы
кожны чацвёрты! 

 

 

Адказы на пытанні:

  1. Верш Анатоля Вярцінскага «Рэквіем па кожным чацвёртым» вельмі пранізліва і рэзка штурхае нас да глыбокага асэнсавання трагедыі беларускага народа, якая прыйшла з Нямеччыны на нашу зямлю ў 40-гадах мінулага стагоддзя. Верш уражвае сваёй праўдзівасцю, пранізлівасцю фактаў, параўнанняў, якія дазваляюць на хвіліну адчуць увесь цяжар страты беларускага народа.
 2. Верш пазначаны як рэквіем – урачыста-жалобны літаратурны або музычны твор, прысвечаны памяці загінуўшых. Твор Анатоля Вярцінскага мае ўрачыста-жалобнае, эмацыянальна-напружанае гучанне.
 3. У вершы сустракаюцца шматлікія паўторы і ставяцца рытарычныя пытанні. Гэта анафара – паўтарэнне аднолькавых слоў ці словазлучэнняў, у пачатку вершаваных радкоў або строф. Гэта павышае эмацыянальнасць паэтычнага выказвання, узвышае яго тон, кампазіцыйна арганізуе. Пытанне, звернутае да чытачоў "Вы бачылі лес…", загадзя рыхтуе да раскрыцця трагічных падзей, узмацняе ўражанне. У першай частцы паўтараецца словазлучэнне "кожны чацвёрты". Гэта – эпіфара, паўтарэнне аднолькавых гукаў, слоў ці выразаў у канцы вершаваных радкоў або строфаў. "Яшчэ мы не ўлічылі тых, што лячылі раны, раны не залячылі, рана паміралі". Амонімы пісьменнік ужывае дзеля таго, каб узмацніць значэнне слова раны. ("ранай адной страшэннай на целе Беларусі" ). У эпілогу паэт выкарыстоўвае прыём "спражэння": "Я іду, ты ідзеш, а ён не ідзе". Гэта надае вершу нейкую кантраснасць, мы жывыя, а яны маглі б і пець, і ісці, але загінулі.
 Рытарычныя пытанні ў тэксце выкарыстоўваюцца, каб падкрэсліць значнасць зацвярджэння і звярнуць увагу чытача на ўзнятую тэму. Пры гэтым выкарыстанне пытальнай формы з’яўляецца умоўнасцю, бо адказу на такое пытанне не чакаецца бо ж ён відавочны.
 4. Рэквіем Анатоля Вярцінскага – прысвячэнне беларусам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Радкі верша самотна-задумлівыя і ў той жа час востра-драматычныя. Эмацыянальнае напружанне надаюць твору радкі эпіграфа, які раскрывае жахлівую праўду– кожны чацвёрты мёртвы. Уступная частка ўзмацняе трагічнае ўражанне. Пісьменнік прапаноўвае нам уявіць лес з прагалам скразным. Тое ж адбылося з нашай краінай, па якой прайшлася "сякера ваеннай навалы". У кожнай частцы ёсць паўторы, якія ўзмацняюць уздзеянне, аўтар як бы акрэслівае і ўлічвае не толькі загінуўшых у гады вайны, але і тых, хто памёр ад ран, падарваўся на снарадзе ў мірны час. Эпілог праз прыём "спражэння" кантрасных дзеясловаў "Я іду, ты ідзеш, а ён не ідзе – мёртвы".
 5. Аўтар падкрэслівае, што беларусы змагаліся не толькі на фронце. На абарону роднай зямлі ўзняліся і старыя (нацыянальны герой, партызан Дзед Талаш), і зусім маладыя (піянер-герой Марат Казей).
 Шмат зрабілі для перамогі юнакі і дзяўчаты з "Маладой гвардыі", Бацька Мінай, Канстанцін Заслонаў, Чкалаў і многія-многія іншыя.
 6. Эпілог уражвае сваёй пераканаўчасцю, супрацьпастаўленнем жыцця і смерці. Калі глыбока ўдумацца ў гэтыя радкі, разумееш, якія мы шчаслівыя людзі – мы не ведам, што такое загінуць маладымі, не чуем стрэлаў, не бачым, як гінуць дзеці, як катуюць нашых родных, як знішчаюцца вёскі, а з імі ў агні і людзі – жанчыны, старыя, зусім маленькія дзеці. Гэта вельмі жахліва, і супрацьпастаўленне ў спражэнні вельмі ярка гэта падкрэслівае: жывы – мёртвы. А калі б не было вайны, хто ведае, кім бы сталі "кожныя чацвёртыя", якое пакаленне б нарадзілі, і якой бы была наша нацыя, калі б не было вайны, якая забрала ў нашай краіны квецень нацыі.
 7. Тэкст патрэбна чытаць з урачыста-узнёслай інтанацыяй.
 8. Можна адназначна сказаць, што вершаваныя радкі, пакладзеныя на пранізлівую музыку, уздзейнічаюць вельмі моцна на адчуванне і ўспрыманне твора.
 9. Калі людзі забудуць пра жахі вайны, яны наклічуць на сябе новую бяду. Творы, прысвечаныя падзеям вайны, заклікаюць усіх нас аберагаць мір і рабіць усё магчымае, каб падзеі вайны не паўтарыліся.

Сказать спасибо
( 22 оценки, среднее 4.64 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений