Аднекуль з касмічнай вышыні
зыходзяць да нас тры цішыні.
Першая — вечаровая.
Тая, што, як маг,
ахутвае, зачароўвае —
лёгкі ў мага ўзмах.
Тая, што на вейкі
i вусны кладзе пячаць:
"Хопіць з вас,
чалавекі,
хопіць дбаць!
Спаць спаць!
Спяць куты і нішы,
спяць каты і мышы,
дзеці і птушкі спяць.
Людзі, цішай, цішай!
Люлі, хопіць дбаць!
Спаць, спаць!
Чые там крокі скрыпяць!
Спаць, спаць!"
Ёсць цішыня-паўночніца,
начная цішыня.
Дум бяссонных памочніца,
вярхоўны іх старшыня.
Застацца з той цішынёю,
з ёю, сівой савой,—
стаць сутнасцю сваёю,
стаць самім сабой.
Застацца з ёю — гэта
у той увайсці сезам,
дзе сам-насам з сусветам,
з вечнасцю сам-насам.
І ёсць цішыня світальная,
ёсць яшчэ цішыня,
першага вітання,
першага агня.
Яна заводзіць гадзіннікі,
і разам з імі яна
пазвоньвае-падзіньквае,
і — трубіць цішыня.
Трубіць ціша світальная
у свой сярэбраны рог,
заве ў далі дальнія,
да новых спраў i дарог.
Трубіць ціша світальная,
крыштальная, развітальная,
i патанае яна
у вадаспадзе дня.