Звярніце ўвагу! Поўны змест.
З горада ў вёску да бабы і дзеда прыехала ўнучка Настачка. Надта ж спадабалася Настачцы ў дзеда і бабы. Так што калі тата і мама пачалі збірацца ехаць назад у горад, Настачка нават заплакала:
– Не хачу нікуды ехаць. Хачу ў дзеда і бабы жыць.
Дзед і баба толькі таго і чакалі.
– Няхай пераначуе ў нас, – узяліся яны ўгаворваць тату і маму. – Калі што якое – заўтра прыедзеце і забераце.
Тата і мама паслухаліся.
Ні на крок не адыходзілі ад унучкі дзед і баба. I накармілі яе, і напаілі, і спаць палажылі.
Прачнулася раніцай Настачка і доўга не магла зразумець, дзе гэта яна. Калі ж нарэшце зразумела, здагадалася, саскочыла з ложка, патэпала босымі ножкамі туды, дзе была кухня. Адчыніла дзверы – і ўбачыла бабу і дзеда. Баба, нагнуўшыся над дзіўнай драўлянай пасудзінай, нешта таўкла, а дзед… Што ж гэта такое рабіў дзед? Сядзеў на зэдліку і біў малаточкам па нечым бляшаным – дзінь-дзінь-дзінь!..
– Дзед, што ты робіш? – спытала Настачка.
– Касу кляпаю, – заўсміхаўся ў свае пышныя вусы дзед.
– А навошта табе каса?
– Касою я накашу кароўцы сена. Кароўка з’есць яго і дасць нам малачка. А з малачка, як ты ведаеш, і смятана, і тваражок, і маселка.
– А ты, бабуля, што робіш? – падышла бліжэй да бабы Настачка.
– Я таўку бульбу, – лагодна адказала баба. – Усыплю сюды мукі, развяду цёпленькай вадою ды свіней накармлю.
Пастаяла Настачка, паглядзела на дзеда і бабу і кажа:
– Дзед сена будзе касіць, бабуля свіней карміць. А мне што рабіць?
– О! Абы ахвота была, а работы ў нас на ўсіх хопіць.
Кінула баба таўчы бульбу, узяла місачку, насыпала ў яе залацістых зярнят.
– Я вось пайду свіней карміць, а ты – падала яна місачку з зярнятамі Настачцы, – курэй накорміш. Куры наядуцца зярнят і яечка табе свежанькае знясуць…
Прыехалі з горада мама і тата, бачаць: стаіць Настачка сярод двара і сыпле курам ячмень, а тыя дзяўбуць яго ды ціхенька – ко-ко-ко! – перамаўляюцца, няйначай, радуюцца, што памочніца ў дзеда і бабы з’явілася, хваляць яе.
Глядзелі на Настачку тата і мама: малая, а якая малайчына! Цяпер яны пэўна ведалі: будзе Настачка клапатлівая гаспадыня-працаўніца.