Лёс Беларусі ў XIX стагоддзі склаўся так, што многія найлепшыя яе сыны вымушаны былі працаваць на карысць іншых народаў, іншых краін. Сярод іх і наш зямляк Ігнат Іпалітавіч Дамейка, які стаў сусветна вядомым вучоным, пакінуў прыкметны след у самых розных галінах чалавечых ведаў: мінералогіі і фізіцы, хіміі і металургіі, геаграфіі і батаніцы, геалогіі і педагогіцы, этнаграфіі і заалогіі. Ігнат Дамейка многа часу аддаваў практычнай рабоце па вывучэнні прыродных багаццяў Чылі, пустыні Атакама і суседніх тэрыторый. Шэсць разоў перасякаў найвышэйшы горны ланцуг Паўднёвай Афрыкі – Анды, адкрыў і даследаваў багатыя залежы медных руд і каменнага вугалю ў Чылі, зрабіў фізіка-геаграфічнае апісанне паўднёвай часткі Чылі і першы арганізаваў там здабычу каменнага вугалю.
Вярнуцца на Радзіму Ігнат Дамейка не мог: улады не надта чакалі там змоўшчыка-філамата і паўстанца. I Ігнат Дамейка вымушаны быў яшчэ на нейкі час застацца за акіянам. Тым больш што чылійскія ўлады папрасілі яго папрацаваць на карысць маладой рэспублікі. Дамейку перавялі ў сталіцу краіны Сант’яга, дзе прапанавалі пасаду прафесара хіміі і мінералогіі ў адкрытым тут універсітэце.
Але праца не вызваляла ад дум. Усё больш і больш узрастае туга па родным краі. У адным з лістоў да свайго сябра Дамейка піша: «Вечарамі, калі мой дом і агарод поўняцца пахам руж і лімоннай квецені, сядаю за фартэпіяна і іграю тыя дваццаць песень, што запомніліся шэсцьдзясят год таму». Сярод іх і беларускія песні – песні таго народа, сярод якога ён рос, мужнеў, які ўсё жыццё любіў і помніў.
Ён вельмі сумаваў па Айчыне, але ведаў: у Расійскай імперыі ўлады не жадаюць яго вяртання, там яго чакае ссылка.
Цяпер можна смела сказаць, што толькі ў Чылі ва ўсёй паўнаце раскрыліся выдатныя здольнасці нашага земляка. Свае шматлікія працы, у тым ліку падручнікі па хіміі, мінералогіі, фізіцы, Дамейка пісаў пераважна на іспанскай і французскай мовах. Выдадзены ў Чылі падручнік «Мінералогія» на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў выкарыстоўваўся ў многіх лацінаамерыканскіх краінах. Вынікі навуковых пошукаў і адкрыццяў Дамейкі апублікаваны на розных мовах у яго ста трыццаці навуковых працах, якія прынеслі вучонаму сусветную вядомасць і славу. Яны займалі пачэснае месца ў тагачаснай навуцы, сведчаннем гэтаму з’яўляецца выбранне Дамейкі ганаровым членам шматлікіх навуковых таварыстваў.
Радзіму ж ён наведаў незадоўга да смерці. У 1884 годзе васьмідзесяцідвухгадовы выгнаннік рашыў ажыццявіць сваю неадступную мару – убачыць родную зямлю. Памеркаваўшы, што царскія ўлады ўжо не ў сіле нічога зрабіць яму, сусветна вядомаму вучонаму, запісаў у сваім дзённіку: «Бывай здарова, Чылі! Дзякуй табе за сорак шэсць гадоў працавітага жыцця, за тваю гасціннасць, за наданне мне грамадзянства, за сям’ю, за гонар і павагу, якую знайшоў у твайго народа, за годнае забеспячэнне на астатак жыцця…» З сабой на
Радзіму Дамейка вёз багатую калекцыю мінералаў у падарунак еўрапейскім універсітэтам.
Разам са сваім даўнім сябрам-філаматам Ігнат Дамейка тры месяцы вандраваў па мясцінах свайго дзяцінства і юнацтва, дзе сталеў і набіраўся мужнасці. На памяць аб наведванні Радзімы Дамейка пасадзіў у Крошыне дубок і папрасіў высечы на камені вершаваны подпіс.
(469 слоў)
Паводле М. Бандарэнка.