Пра заслугі Купалы ў драматургіі, у якой ён, як і ў паэзіі, дасягнуў вяршынь высокага мастацтва, сведчыць і той факт, што галоўны наш нацыянальны тэатр носіць яго імя. Візітнай карткай гэтага тэатра з’яўляецца спектакль па п’есе Купалы — «Паўлінка». Напісаная амаль 90 гадоў таму назад, упершыню пастаўленая ў 1913 г. у Вільні, яна і па сённяшні дзень застаецца адной з самых папулярных і любімых народам беларускіх п’ес. Жамчужынай беларускага мастацтва назваў яе А. Твардоўскі. Прасякнутая здаровым народным гумарам, аздобленая фальклорнымі рэмінісцэнцыямі, яна сцвярджае вечныя каштоўнасці, спрыяе духоўнасці народа. Ужо ў сваім першым драматычным творы Я. Купала сцвердзіў сябе як выдатны майстар канфлікту і камічных сітуацый. Пра таленавітасць твора сведчыць і «крылатасць» многіх выслоўяў, выразаў.
Разнастайнасць драматургічнага дару Я. Купалы праявілася і ў сацыяльна-філасофскай драме «Раскіданае гняздо» (1913), у аснове сюжэта якой — востры канфлікт паміж дабром і злом, паміж марай і рэчаіснасцю.
«Я ўклаў у гэту п’есу лепшае, што было ў маёй паэзіі», — так сказаў Янка Купала пра драму «Раскіданае гняздо».
І гэты твор, так любімы і самім Купалам, вызначаецца, як усё ім створанае, самай галоўнай, самай запаветнай і палымянай ідэяй усяго жыцця песняра — ідэяй нацыянальнага вызвалення і адраджэння, якую ён нястомна і настойліва рэалізаваў і ў паэзіі, і ў драматургіі, і ў публіцыстыцы.
Некаторыя крытыкі лічаць заслугай Я. Купалы тое, што ён на прыкладзе трагедыі адной сям’і паказаў трагедыю ўсяго беларускага сялянства, якое з развіццём капіталізму перажывала трагізм абеззямельвання і галечы. Раскіданае гняздо сям’і Зяблікаў — бясспрэчна, сімвал трагічнага лесу Беларусі ў пачатку XX ст., напярэдадні першай рускай рэвалюцыі. Уся Беларусь была раскіданым гняздом, бо яе на-род, ствараючы ўсе зямныя багацці, задыхаўся ад беззямелля і не быў гаспадаром на сваёй зямлі. Аднак сваё прызначэнне як мастака Янка Купала бачыў не ў канстатацыі зла і трагедыі і не толькі ў рэалістычным адлюстраванні рэчаіснасці.
Нацыю, у якой вякамі фарміравалася агідная Купалу «пашана да пакут», выратаваць маглі не стогны, спачуванні і галашэнні. Заслуга Купалы ў тым, што ён «тварыў» нацыю: фарміраваў яе самабытны духоўны воблік, пашыраў нацыянальную самасвядомасць, надзяляў беларусаў скарбамі сусветнага ўзроўню, вызначаў іх духоўныя арыенціры. Нацыя і яе жыццястойкасць у многім вызначаецца менавіта духоўнымі і каштоўнаснымі арыенцірамі.
Што чалавек лічыць для сябе найважнейшым, да чаго імкнецца, у чым бачыць сваё шчасце, у многім вызначае яго сутнасць. Тое ж самае і з народам.
Цэнтральнай філасофскай праблемай драмы «Раскіданае гняздо» з’яўляецца праблема шчасця. Усё ў п’есе: кампазіцыя, сюжэт, вобразы, насычанасць рамантычнымі сродкамі пры глыбокім рэалізме твора — падпарадкавана цэнтральнай філасофскай праблеме.
З экспазіцыі мы даведваемся, што Лявон Зяблік аж 5 гадоў судзіўся з панам за зямлю, на якой жылі і працавалі яго продкі і «вечна думалі жыць. Чынш плацілі, талаку рабілі ў двор, як паншчыну якую; карчавалі, будаваліся». Прадалі «апошнюю кароўку!», каня, цялушку, што гадавалі Зосьцы на пасаг. Марыля са скрухай зазначае, што ў Лявона быў выбар: «служыць ісці ў чужую хату, на чужых людзей», а не судзіцца, «дык хоць гаспадарка засталася б». Страта зямлі для Лявона — страта волі, як і для коласаўскага Міхала. Лявон бачыць у гэтай трагедыі наканаванне і на папрок Сымона, што апошняе аддаў двару на здзек, пярэчыць: «Не я аддаў, а зямля сама сябе аддала ім на здзек. Я, ты, пяты, дзясяты штосьці ёй не ўгадзіў, ну, дык і чураецца сваіх дзяцей».
Знясілены бадзяннем па судах, пераканаўшыся, што з багатым беднаму не судзіцца, што «пакуль з багатага пух, то з беднага дух», даведзены да адчаю, ён не знаходзіць іншага выйсця са становішча, як пазбавіць сябе жыцця. Дорага заплаціў Лявон за тое, каб пазбавіцца ад наіўнай веры ў «дабрадзеяў», — жыццём заплаціў. Лявон наказвае Сымону «праўды шукаць не тапаром, а розумам», каб Сымонавых ужо дзяцей не ганялі гэтак, як іх сягоння. Шчасце для Лявона — жыць і працаваць на зямлі, быць на ёй гаспадаром, але абставіны аказаліся мацнейшымі за чалавека і яго мару. Вобразам Лявона пісьменнік не толькі паказвае трагедыю чалавека, крах яго мары, але і даводзіць, што шлях Лявона да шчасця, праўды і волі быў памылковы.
Знешні і ўнутраны канфлікты выражаюцца драматургам праз сутыкненне розных думак, поглядаў на жыццё, лес, шчасце. Усе героі п’есы прагнуць шчасця, але кожны разумее яго па-свойму і прапануе свой выхад са становішча, каб «бяды пазбыціся», бо, сапраўды, часам пазбавіцца бяды — гэта ўжо і ёсць шчасце.
«Няшчасце на шчасце змяніць» марыць і Зоська, натура тонкая, уражлівая, сентыментальная. Яе душа рвецца да прыгожага. Але разлад мары з суровай рэчаіснасцю вызначае і яе асабістую трагедыю. Рамантычнымі сродкамі выпісаны гэты вобраз. Яе маналогі паэтычныя, мова багатая, вобразная: «Праз быстрыя рэчкі, праз шчырыя бары, праз сухія пяскі паплыву к яму…» Мройная, летуценная, яна жыве ў казачным свеце, ёй самой створаным, прыдуманым.
Яна нікога не хоча слухаць, даводзячы, што ў іх свая праўда, а ў яе свая. Яна марыць пра свет, дзе ўсе будуць жыць у згодзе, «будуць усе паміж сабой браткі ды сёстры родныя!». Не пратэст і абурэнне выклікае ў яе зло, што прычыніў усёй сям’і паніч, а жаданне памірыць бра-та з ім. Зоська становіцца паміж імі і наіўна даводзіць: «Адна сякера пабудавала, а другая раскідала, — пры чым жа тут паніч?»
Супярэчлівым вобразам Зоські Купала славіць паэтычнасць яе душы, улюбёнасць у прыроду, чуйнасць да яе, славіць імкненне да шчасця, святла, прыгажосці і адначасова адмаўляе ідэал шчасця Зоські, бо ён гуманны, але ўтапічны. Пасля перажытага ў яе абуджаецца пачуццё ўласнай годнасці, яна не дазваляе надзець на сябе торбы і з гордасцю гаворыць: «Сярпы мае сталёвыя дабро цэламу свету жнуць, а палотны мае шаўковыя цэлы свет адзяваюць, а яны ў торбы хочуць мяне прыбраць!» Праз эвалюцыю вобраза Зоські пісьменнік адмаўляе пакорлівасць лёсу і «пашану да пакут». У апошняй сцэне паказана, як Зоська разам з Сымонам ідзе «на Вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!».
Вобразам Данілкі Купала славіць таленавітасць народа, яго імкненне да духоўнага. Як асоба незвычайная, надзеленая дарам, ён верыць, што, кал і змайструе скрыпку і зайграе — «цэлы свет дзіву дасца». А пакуль што гэты свет мала шануе свайго музыку: банька ад злосці паламаў скрыпку, Сымон пагражае зламаць новую, але Данілка не ўяўляе свайго жыцця без скрыпкі. Яго нічога ў гэтым свеце, апроч музыкі, не цікавіць. Толькі некаторымі дэталямі драматург акрэслівае і праблему незвычайнай асобы ў грамадстве, прарочыць Данілку нялёгкі шлях служэння мастацтву: «Няхай сабе кажуць, што я дурнаваты, што я такі , што я гэтакі, але я ўсё бачу, усё разумею».
Жыццястойкасць, вынослівасць, мудрасць, самаахвярнасць і бязмежную любоў да дзяцей, клопат пра іх долю славіць Купала вобразам Марылі. Яе пакорлівасць, цярпімасць і цярплівасць не асуджаюцца драматургам, як утапічная і згодніцкая філасофія Зоські. Марыля — маці, яна ў адказе за сям’ю, дзяцей. У яе просьбе: «Пакарыся ты ім» — адвечная жыццёвая мудрасць і прага жыцця, а ў бесчалавечных абставінах і ўмова яго. Абраны ёю шлях жабрацтва ўсведамляецца намі не як прыніжэнне, а як сведчанне менавіта жыццястойкасці.
Пісьменніцкае ўсведамленне адзіна правільнага шляху да праўды, волі, шчасця рэалізаваны ў вобразе Сымона. Пакарыцца ім, як таго просіць Марыля, азначае для Сымона «прадаць, утапіць сябе, цябе, нас усіх у няволю ім на векі вечным — запрасіцца ў вечнае рабства, з якога выхаду ніколі не знойдзем ні мы, ні тыя, што пасля нас гэта рабства ў спадчыну атрымаюць». У гэтым маналогу чуецца голас самога аўтара. Уся драма напоўнена, прасякнута думкамі і пачуццямі аўтара. Вобраз Сымона паказаны ў эвалюцыі: расце яго свядомасць, мяняюцца погляды на жыццё. Пад уздзеяннем Незнаёмага ён знаходзіць сваю сапраўдную мэту ў жыцці — уступае на шлях барацьбы.
Сымон — натура моцная, асоба выключная і незвычайная. Рамантычнымі сродкамі выпісаны гэты вобраз. Ён раскрываецца і ў канфлікце з панічом, і ў дыялогах з Зоськай, Марыляй, Незнаёмым. «Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць», — гаворыць пра сына Марыля. «Птушкаю-арлом быць бы табе і лётаць па паднябессі, як лётае вецер гэты вольны!» — гаворыць пра брата Зоська. І Незнаёмы параўноўвае Сымона з вольнай птушкай, з арлом магутным.
У гэтым вобразе ўвасоблены аўтарскі ідэал чалавека-змагара. Па-чуццём уласнай годнасці і свабодалюбствам надзяліў свайго героя Купала. Сымон лічыць, што прымірэнне з панам было б здрадай, адступніцтвам, прыніжэннем чалавечай годнасці. Жыццёвы арыенцір у яго той жа, што і ў бацькі: «Без зямлі, без свае хаты чалавек, што шалёны сабака, адна цана: ні яму прыстання, ні яму скарынкі хлеба, ні яму добрага слова». Арыенціры адны — шляхі да іх розныя ў бацькі і сына. Спачатку, як і Лявон, Сымон збіраецца судзіцца з панам: «Вось такім проці хачу ісці!» Пад уздзеяннем Незнаёмага ён прыходзіць да высновы, што шчасця і праўды шукаць сапраўды, як і бацька наказваў, трэба розумам. Маналогі Незнаёмага носяць алегарычны, іншасказальны характар: «Час не спіць! Там чакаюць цябе сотні, тысячы, мільёны такіх, як ты… Час прачнуцца, Сымоне! Час!»
Сход склікаецца для таго, каб выгнаць смока-ўпыра, які «ад даўняга часу пасяліўся на нашай зямлі…» і «пошасці ўсялякія сее жменяй сваёй каршуновай». Разам з Незнаёмым Сымон ідзе «на Вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!».
Канцэптуальным у драме з’яўляецца вобраз Старца. Ён — увасабленне адвечнай мудрасці і духоўнай сілы народа, народнага аптымізму: «Ніколі не трэба здавацца. Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага яго пачуццё чалавечае! Ганьба таму!»
Вобраз Старца — самы парадаксальны і філасофскі ў драме. Здавалася б, ненатуральна, нават алагічна надзяліць жабрака такім светаўспрыманнем, а нам, чытачам і гледачам, пачуць такія словы ад таго, хто апынуўся за мяжой дапушчальнага. Аднак жабрацтва і Старца, і Марылі — гэта таксама сімвал у драме. Наогул, твор адметны спалучэннем у ім глыбока рэалістычнага і ўмоўнага, сімвалічнага, што з’яўляецца сведчаннем яго адпаведнасці высокай мастацкасці, бо спалучэнне рэальнага і ўмоўнага — адзін з крытэрыяў яе.
Жабрацтва Старца і Марылі — філасофскае ўсведамленне паэтам і яго настойлівае сцверджанне, што ў сітуацыі, калі разбурана ўсё: гняздо, нават мара — чалавек павінен скарыстаць любую магчы-масць, каб выжыць. Найвялікшай яго мужнасцю і мудрасцю будзе выснова: жыць! проста жыць! Нагадаем, што гісторыя трагедыі Старца тоесная Лявонавай, але яна аптымістычная. Старац не пазбавіў сябе магчымасці калі-небудзь дайсці да Вялікага сходу. Калі на Сходзе павінен быць кожны, калі Сход не адбудзецца без кожнага, то ўсе, хто пайшоў рознымі шляхамі, усё роўна прыйдуць на Сход, дойдуць да Беларусі, толькі абавязкова трэба ісці. Вобразам Старца паэт-філосаф дакляруе нам мудрасць, што ўсё змяняецца; што цемра ночы абавязкова развеецца; што сілы ва ўсіх, хто чакае раніцы, розныя: адны і ноччу ў дарозе, другім трэба прысесці адпачыць, каб набрацца новых сіл, але абавязкова — жыць! Каб аднавіць разбуранае гняздо, першая ўмова — жыць!
У драме «Раскіданае гняздо» ўвасоблена і душа песняра, і самая галоўная ідэя яго жыцця — ідэя нацыянальнага адраджэння, і вялікая мудрасць. Увасоблена і нам дакляравана.
Аднак без перабольшання можна сказаць, што з асаблівай сілай талент Купалы-драматурга, яго наватарства ў гэтым жанры выявіліся ў трагікамедыі «Тутэйшыя» (1922).
Ні ў чым Янка Купала як сын свайго народа не быў такім паслядоўным, настойлівым і палымяным, як у сцвярджэнні ідэі нацыянальнай годнасці беларусаў і нацыянальнага адраджэння.
Рэалізацыя гэтай ідэі ў «самым складаным родзе літаратуры» дазволіла Купалу «ўзбуйняць» праблему нацыянальнага адраджэння, «падвышаць» трывогу «на свет цэлы», збіраць у адзін фокус усё тое, «што ў паэзіі выглядала рассеяным» (Я. Купала).
І ўзбуйніў, і падвысіў трывогу «на свет цэлы», і сабраў у фокус настолькі таленавіта, што ўжо самы першы спектакль па п’есе быў забаронены як шкодны, сама п’еса запісана ў разрад «нацыяналістычных твораў». Першы пастаноўшчык спектакля A. Папоў быў вызвалены ад пасады рэжысёра ў Маскве і высланы ў правінцыю. Сапраўднае сцэнічнае адраджэнне п’есы адбылося толькі ў 1990 г. таленавітым рэжысёрам М. Пінігіным у тым жа самым тэатры, які з гонарам носіць імя славутага песняра.
Ідэя нацыянальнай годнасці і нацыянальнага адраджэння рэалізуецца драматургам праз вобразы-антыподы — Мікіты Зносака і Янкі Здольніка і праз непрымірымы канфлікт паміж імі, на якім і грунтуецца п’еса. Да Янкі Купалы і творцы, і свядомая, здаровая частка інтэлігенцыі шукалі «ворагаў беларушчыны» паўсюдна і дзе заўгодна.
Упершыню «на свет цэлы» Янка Купала забіў трывогу і паставіў дакладны дыягназ: самы страшны «вораг беларушчыны» — тутэйшыя з іх ідэалогіяй, што працуе толькі на страўнік, з іх прынцыпамі — служу тым, хто больш плаціць — зноскі-неданоскі, пазбаўленыя святых пачуццяў нават да роднай маці. Такія гатовы на ўсё: «Вось вам, ясне мусье немец, гep германіш, пакуль што кантрыбуцыя, заўтра дам анэксію, а там, калі не хопіць, жонку, дзяцей залажу, меджду протчым, толькі дайце перадышку». Такія, як вычарпальна сказала пра сына Гануля, — «ні богу свечка, ні чорту качарга». Ні тое ні сёе, ні к сялу ні к гораду, але якія небяспечныя!
У пачатку апошняй дзеі Гануля паведамляе радасным маладажонам Янку і Алёнцы, што «былі і сягоння гэтыя нібы вучоныя Мікітавы» і пыталіся, які «магнэс» яго болей прыцягвае — усходні ці заходні. Малады настаўнік не задумваючыся адказвае: «Трэ было, цётачка, сказаць, што ні той, ні сёй, а тутэйшы». У гэтай паваротнай рэпліцы сканцэнтравана ідэя твора: «тутэйшасць» — самы страшны «магнэс», нацыянальная бяда. Забыццё і вырак свайго паходжання, мовы, радзімы, жыццё па прынцыпе: «Можна мець светапогляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвёртае», — вось некаторыя выявы тутэйшасці, сканцэнтраваныя ў здзекліва-сатырычным вобразе Мікіты Зносака. Нагадваем, што зноскам у народзе называюць недаразвітае, маленькае курынае яйка. Недаразвітасць пачуцця нацыянальнай (а значыць, і чалавечай!) годнасці ў Мікіты маюць самыя ганебныя выявы: нігілізм, цынізм, здрадніцтва.
Раскрыццю вобраза спрыяюць дыялогі паміж Мікітам і Янкам Здольнікам, якога Мікіта з пагардай называе «панам дырэктарам беларускай басоты». Зносак адмаўляе ўсё беларускае, цынічна прызнаецца, што, будзь яго воля, ён увёў бы «адзіны непадзельны рускі язык… ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амерыкі і ад Смоленску да Берліну». Самахарактарыстыкай вобраза з’яўляецца мова Зносака: скалечаная і засмечаная русізмамі і іншай замежнай лексікай (у залежнасці ад сітуацыі), канцылярызмамі і словамі-паразітамі («меджду протчым»), Мова выдае і невуцтва, і маральную спустошанасць героя; як казала маці Зносака, «вучыўся, але, мабыць, недавучыўся».
Падзеі ў п’есе разгортваюцца ў складаны для беларускага народа час — 1918-1920 гг., кал і адна акупацыйная ўлада змянялася другой, а Беларусь была арэнай змагання паміж Захадам і Усходам. Філасофія пісьменніка-патрыёта, яго трывога за будучыню, за скарб, што застаўся нам «ад прадзедаў спакон вякоў», і ўсведамленне таго, што ў спрэчцы паміж Захадам і Усходам адносна Беларусі ўсё могуць вы-рашыць тутэйшыя, прыхільнікі «страўнікава-вантробнай тэорыі», выяўляецца праз вобраз Янкі Здольніка.
Пісьменніцкае ўсведамленне ўсёй небяспечнасці тутэйшых сфакусавана ў выкрывальнай прамове-маналогу Янкі Здольніка; «О так, так! Для вашага гонару падавай вам мацярынскі язык цароў, Мураўёвых-вешацеляў, Распуцінаў, Азэфаў і ўсея кампаніі падобнай ім, а на свой, папраўдзе для вас родны, як вы кажаце, язык вам напляваць! Эх, русацяп вы, русацяп! Але годзе аб гэтым! Калісь вы, пане рэгістратар, апомніцеся, але каб не было запозна».
Свой канчатковы пісьменніцкі прысуд манкуртам і выраджэнцам-зносакам Янка Купала таксама «даручае» вынесці Янку Здольніку: «Так! Ваш рэгістратар быў вялікае нішто і застаўся вялікім нічым».
Усведамляючы, што такіх, як Зносак, змяніць да лепшага немагчыма, бо з нічога і будзе нішто, Янка Здольнік развітваецца з усімі і едзе на вёску, дзе «сонца весялей свеціць», ды і «людзі там лепшыя».
Усе свае надзеі Купала ўскладае на «мілую моладзь, слаўную мо-ладзь», якая «горы і моры» можа адолець, «сэрцам расплавіць ільдзіны». «У народ і край свой толькі» верыў Купала. У такіх, як Янка Здольнік.
І ўсё ж трагічнае ў творы наўрад ці абмяжоўваецца толькі канстатацыяй тутэйшасці і ўсяго таго, што сталася з народам, які змусілі адмовіцца ад належнага яму імя і называцца проста тутэйшымі.
Трывожнае і трагічнае ў творы звязана з Купалавым усведамленнем наступстваў тутэйшасці. Словы «каб не было запозна» папераджальныя не толькі для тых, каго, падкарміўшы, можна павесці ў любы бок. Ды і наўрад ці такія апомняцца. Не паспеюць. Як той Рабы з байкі Ядвігіна Ш. (радаваўся, калі добра кармілі, а як «падвялі пад абух», то не паспеў апомніцца, чаму і за што). Трэба нешта рабіць, каб «запозна» не было для ўсіх. Здольнікі павінны быць больш дзейсныя, бо толькі абурацца «страўнікава-вантробнай» псіхалогіяй зносакаў, жыць там, дзе «сонца весялей свеціць» і дзе «людзі лепшыя», здольны многія. Але гэтага вельмі мала, каб наша спадчына, наш святы скарб «не збрыў дзе проч»…