Дзіцячая паэзія Ніла Гілевіча цесна звязана з традыцыямі народнай педагогікі і вуснай паэтычнай творчасці. Паэт звяртаецца да творчага і выхаваўчага вопыту папярэдніх пакаленняў як яскравага ўзору ўзаемаадносін дарослых і дзяцей, моўнай камунікацыі, якая ажыццяўлялася з улікам псіхалогіі і асаблівасцей светаўспрымання дзіцяці. Асабліва плённы набытак паэт мае ў жанры загадкі. Загадкамі паэт запрашае дзяцей да займальнай гульні, якая выводзіць іх за межы звыклага, будзённага ў свет незвычайнай паэтычнай вобразнасці і раскрыленай фантазіі. Расліны, прадметы, прыродныя з’явы – усё гэта можна пазнаць і адгадаць, калі быць уважлівым, назіральным, удумлівым. Паэт вучыць у звычайным бачыць незвычайнае, дзівоснае, прыгожае. Паэт выхоўвае ў маленькіх грамадзян нашай краіны пачуццё асабістай і нацыянальнай годнасці.
Тэма Радзімы праходзіць праз усю паэзію Ніла Гілевіча. Выхаванне асобы дзіцяці не магчыма без паўнавартаснага этна-духоўнага развіцця. Мова і маці, мова і Радзіма, мова і народ – гэтыя паняцці цесна, трывала спалучаны ў светаразуменні Ніла Гілевіча. У шэрагу вершаваных твораў («Мова майго народа», «Роднае слова» і інш), кідаючы позірк у мінулае, паэт гаворыць пра цяжкія выпрабаванні і перашкоды, што выпалі беларускаму слову, якое нашы продкі баранілі праз вякі, каб захаваць сваю годнасць і самабытнасць. Разам з мовай народ жыве вечна, захоўвае сваё непаўторнае аблічча і духоўную прысутнасць у свеце.
Тэматычнае адзінства ў творчасці Ніла Гілевіча складаюць вершы пра родную прыроду, якія маюць выразную эстэтыка-экалагічную скіраванасць у выхаванні дзяцей. У вершы «Цуд тварыўся – я праспаў…» паэт заваблівае ў свет чароўнай, казачнай прыгажосці. Белы колер снегу перадае святочны, радасны настрой чалавечай душы. Аўтарскі голас – задушэўна ціхі, а верш да краёў напоўнены музыкай сэрца: «І ляжыць ён на дварах, на парканах, на дрывах чысты-чысты для гасцей абрус у нас сцелюць гэтакі якраз белы-белы.» Снег – сама чысціня, святло, тая зімовая краса, якая наўкол перайначыла свет і наддала яму незвычайную прывабнасць. Зіму немагчыма ўявіць без дзеда Мароза, навагодняй ёлкі; малыя з асаблівай нецярплівасцю чакаюць гэтага дзіўнага персанажа і падарункаў ад яго. Паэт цудоўна ведае пра шчырую веру дзяцей у незвычайнае, заўсёднае чаканне свята. У вершы «Наша ёлка» ён перадае атмасферу навагодняга дзяцінства. Снег прыносіць дзецям вясёлыя забавы, дае цікавы занятак. У гэтым пераконвае верш «Снежны дзед». Тут запамінальна, ярка адлюстраваны працэс дзіцячай творчасці: дзеці пастараліся, дзякуючы іх фантазіі зроблены імі снегавік займеў адмысловы выгляд. З досціпам гаворыць аўтар пра прызначэнне снегавіка, які, маўляў, будзе сцерагчы малады сад: «Ну і дзед! Відаць, яму Тут стаяць усю зіму. Будзе ён тут па начах Наганяць на зайцаў страх…» Зіма радасная часіна для дзятвы. З узнёслым жыццялюбным пафасам Ніл Гілевіч апявае вясну. Гэтую пару года паэт любіць асабліва, складае ёй лірычныя гімны, оды і песні. Вясна ў яго творах – гэта вітанне разбуджанай навакольнай прыроды, эмацыйна-непасрэднае захапленне кветкамі і птушкамі, сонцам і першым дожджыкам, пакланенне красе роднага краю. У вершы «Вітаю вясну» паэт псіхалагічна ярка паказвае, як дзяўчынка ў горадзе дзівіцца прыгажосці, імкнецца насустрач цяплу і зеляніне, святлу і птушыным спевам. Калі чытаеш верш «У лузе», здаецца, разам з дзяўчынкай Светкай трапляеш у незвычайнае царства кветак, дзе паўсюль струменіць краса, пануе лагода і гармонія. Далучыць да свету прыроды і тым самым развіць эстэтычнае пачуццё дзяцей верш «Верабей» і інш.
Асабліва непасрэдна дзеці рэагуюць на «паводзіны» і «ўчынкі» птушак. Звяроў, жывёл. Гэтых персанажаў яны ўспрымаюць і ацэньваюць гэтак, як людзей: то захапляюцца імі, то асуджаюць, то шкадуюць. Дзецям захочацца суцешыць шэрага верабейку, якога «холад прабірае да касцей», і есці яму няма чаго. Узноўленыя ў творах галасы жывых істот развіваюць дзіцячую фантазію і слых. Тое, якімі павінны быць экалагічныя паводзіны, паэт раскрывае ў вершы «Добры чалавек».
Узаемаадносіны дарослых і дзяцей – асобная тэма ў паэзіі, якая раскрываецца ў вершах «Хто з бабуляй пойдзе ў лес?», «Светлафор».