Братам па пяру і крыві ахвярую
Насуперак грозным тыранам,
насуперак Злу і Мане
жывем не ў балотным тумане,
жывем не ў сляпым табуне…
Жывем, як Купала і Колас
калісь загадалі нам жыць…
Жывем без аглядкі на голас,
што зранку да ночы сіпіць:
— Прадайце Радзіму і Мову,
аддайце на здзек прыбышу
і Бога, і роднае Слова…
Прадайце святую Душу…
Я — бог, бо я ўладу вяршу!..
I нехта з нашчадкаў Іуды,
хто страхам і здрадаю жыў,
спаймаўся на д’яблаву вуду,
душу у ламбард залажыў,
не згледзеўшы нават, што цэннік
ад часу Пілата ўсё той —
трыццатнік — за брата, хоць геній,
хоць зеўрае лоб пустатой…
Ды, дзякаваць Богу, ёсць Людзі,
якіх не прадаць, не купіць,
чый Дух не скарыўся аблудзе,
каго — ні разбіць, ні спыніць!
Дык станем, браты мае й сёстры,
у шчыры і шчыльны хаўрус
і так, як Малітву, — узнёсла
прамовім: — Жыве Беларусь!
22 кастрычніка 2006 г.