Федзька-капітан

Пераказы і дыктанты

  У школе адбылася незвычайная падзея. Настаўніца Ганна Мікалаеўна збіралася ў той дзень правесці кантрольную па літаратуры, таму прыйшла ў школу раней, чым звычайна, каб зайсці ў клас і праверыць, ці чыста ён прыбраны і ці добра праветраны.
 Раптам перад дзвярыма свайго класа яна спынілася. У замочнай шчыліне тырчала штосьці бліскучае, з кароткім шнурочкам, а ўнізе была прыклеена запіска: «Асцярожна! Замініравана!»
 Нейкі момант настаўніца моўчкі, з пабялелым тварам стаяла нерухома. Потым пачала паціхеньку адступаць ад дзвярэй. На яе шчасце, дырэктар быў ужо на месцы.
 Нейкі час Васіль Пятровіч уважліва разглядаў абы-як прывязаны матузок і, засмяяўшыся, выцягнуў гільзу са шчыліны.
 Доўга высвятляць не давялося: Федзька-капітан, як звалі яго сябры, сам прызнаўся, што гэта зрабіў ён.
 У кабінеце дырэктар доўга разглядаў Федзьку, яго ў сінюю палоску майку, флоцкі рэмень з меднай бляхай, на якой выбіты якар, капітанскую шапку ў руках. Ну выліты капітан!
 – Што, Федзька-капітан, – сказаў дырэктар, – спалохаўся кантрольнай па літаратуры? Думаў, што наробіш шуму з мінаю – кантрольную і адменяць?
 Хлопец не думаў, што дырэктар так лёгка яго раскусіць, і таму разгубіўся. Доўга гаварыў дырэктар з Федзькам, успамінаў усе яго выкрунтасы на ўроках і пасля ўрокаў, а потым загадаў папрасіць прабачэння ў Ганны Мікалаеўны перад усім класам.
 Федзька спыніўся перад сваім класам. Ужо хацеў быў пастукацца, папрасіць дазволу зайсці, але яго нібы хтосьці затрымаў :т руку. Ён толькі праз дзверы прыслухаўся да голасу настаўніцы, потым хуценька прайшоў міма дзяжурнага і затупацеў па школьных прыступках. Але і дадому Федзька не пайшоў.
 Доўга блукаў ён па бухце, потым знайшоў зацішнае месца, далей ад людскога вока, сеў на камень, абхапіўшы рукамі ногі і паклаўшы галаву на калені.
 Ён яшчэ ніколі не адчуваў сябе так самотна. Вунь заходзяць у бухту і выходзяць караблі, снуюць катары. На кожным з іх людзі. Але што ім да Федзькі! У кожнага свая работа.
 Там, у школе, засталася настаўніца Ганна Мікалаеўна. Федзька яшчэ і цяпер чуе яе голас. Засталіся сябры, якія называлі яго капітанам. I ён ганарыўся гэтым. А цяпер ніякі ён не капітан для іх, бо нашкодзіў і ўцёк. Не паслухаўся дырэктара, Васіля Пятровіча, не пайшоў у клас, не папрасіў прабачэння. Уцёк і вось сядзіць адзін, самотны, нікому не патрэбны…
 I тут неспадзявана пачуўся голас:
 – Чаго сядзіш тут, марак? А хіба зараз у школе канікулы? Здаецца ж, не. А чаму ты тады не ў школе?
 Федзька ўздрыгнуў, узняў галаву. Перад ім стаяў сапраўдны матрос, шыракаплечы, шыракагруды, асмужаны сонцам і ветрам.
 – Адпусцілі раней… – няпэўна адказаў Федзька.
 Матрос весела і хітра скасавурыў на яго вочы, а потым загадаў расказваць усё, як матрос матросу.
 I Федзька не стрымаўся перад гэтым прыгожым і дужым мараком і расказаў усё.
 Матрос доўга маўчаў, таксама пазіраў на бухту, а потым сказаў:
 – Так, кепскія твае справы, браток. Выходзіць, што школа, сябры, бацькі для цябе – нішто. А дырэктар, відаць, слаўны чалавек. Ты глядзі, і пагаварыў па-добраму з табою, параіў і папрасіць прабачэння, і бацькам пра ўсё расказаць самому. Вельмі мяккі чалавек. А я б цябе, калі быў бы траім дырэктарам ці бацькам, у канатную скрыню на двое сутак пасадзіў бы! Эх ты, капітанскую шапку носіш, а яшчэ і да матроса не дарос. Вось што, браце, марш дадому і ўсё раскажы. А заўтра ў школу. Без школы добрым мараком не станеш. А потым ужо і пра капітанства можна падумаць. Ну, давай, трымайся правільнага курсу, бо я чалавек сур’ёзны, праверу абавязкова.
 Цяпер Федзька, былы Федзька-капітан, ужо вучыцца ў марскім вучылішчы. Але ён ніколі не забывае, як яго ставілі на цвёрдыя ногі знаёмыя і незнаёмыя людзі.
(564 словы)

Паводле Д. Ткача.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений