Ох, дайце ж мне смык,
Каб усюды граў!
Хоць бы сам я знік,
Абы голас даў;
Каб той голас чуць
Па усей зямлі,
Гдзе людзі жывуць,
Гдзе даўней жылі!
Выйшаў бы я ў гай,—
Чык-чырык дуба,
Аж ён граў бы, знай,
Як тая труба,
Што пазве на суд
У астатні час
Увесь Божы люд…
Пазаве і нас.
Хвойку б пацягнуў,
Каб аж бор прылёг,
Увесь лес сагнуў
У барані рог;
I завыў бы ён,
Каб усё пачуў,
I наш енк, і стон
У бары б лунуў!
Каб бярозку раз
Пацягнуў смыком,
Яна вечны б час
Раўла б з мужыком!
Каб аж зёлачкі
Заігралі бы,
Як шчыголачкі,
Заспявалі бы!
Як смычком бы тым
Камень зачапіць,
Дык пайшоў бы дым…
"Камень не сцярпіць!"
У жарству, пясок,
Каб рассыпаўся,
Каб даў галасок,
Аж захліпаўся!
Каб пачуў усяк
Ды каб літасць меў:
Каб цвёрды размяк,
Каб мяккі аж млеў!
Ох, каб мне той смык,
Каб на сэрцах граў,—
З радасцяй бы знік,
Абы голас даў!..