Готыка

Пераказы і дыктанты

  З сярэдзіны XII стагоддзя ў мастацтве краін Еўропы пачаўся новы перыяд – гатычны. Яго назва ўмоўная і звязана з памылковым меркаваннем, якое ўпершыню было выказана ў эпоху Адраджэння, аб уплыве плямёнаў готаў на культуру сярэдневяковых еўрапейскіх дзяржаў. Доўгі час гэта назва выкарыстоўвалася для абазначэння варварства, грубасці. Культура перыяду готыкі больш складаная ў спосабах і вобразах адлюстравання рэчаіснасці, чым гэта падаецца на першы погляд. Яна характарызуецца эстэтычнай глыбінёй, адзінствам стылю, што ўласцівы ўсім яе відам. Мастацтва па-ранейшаму заставалася пераважна рэлігійным, але больш чуйна і разнастайна адлюстроўвала пачуцці і настроі чалавека, яго духоўныя імкненні.
 У адрозненне ад раманскіх часоў цяпер асноўныя напрамкі развіцця культуры сталі вызначаць гарады. У іх канцэнтравалася будаўніцтва, працавалі майстэрні рамеснікаў, дзейнічалі ўніверсітэты, дзе закладваліся асновы навуковых ведаў аб свеце, фарміраваліся новая філасофія, літаратура, развіваліся тэатр і музыка. Менавіта гарады станавіліся асяродкамі росквіту свецкага мастацтва.
 Культуру готыкі адрозніваюць ад папярэдніх эпох новая сістэма светаўспрымання асобы, новыя каштоўнасныя арыенціры, у аснове якіх знаходзіўся чалавек. Ён ужо не ўспрымаўся як нікчэмнасць у параўнанні з вышэйшым бажаством. Мастакі ў гэты час імкнуцца паказаць чалавека складанай асобай ва ўсёй яе шматграннасці. Нягледзячы на тое, што хрысціянства было галоўнай рухаючай сілай са сваімі кананічнымі правіламі, у культуры грамадства пачынае ўсталёўвацца цікавасць да прыгажосці рэальнага свету, пачуццяў чалавека.
 У розных краінах гатычны стыль меў свае асаблівасці, што, аднак, не адмаўляе існавання ў ім агульных рыс. Яны вельмі яскрава выявіліся ў дойлідстве. Развіццё рамяства, рост і эканамічны ўздым гарадоў вызначалі характар гатычнай архітэктуры. Узводзіліся саборы, ратушы, у якіх засядалі органы самакіравання гарадоў, жылыя дамы, крытыя рынкі, шпіталі. Гарады будаваліся хаатычна, без усякага плана. У сувязі з гэтым вуліцы большасці тагачасных еўрапейскіх сталіц былі вузкія і крывыя. Яны звычайна цягнуліся да цэнтральнай саборнай або гандлёвай плошчы.
 Цэнтрам горада з’яўляўся сабор. Ён узвышаўся над астатнімі збудаваннямі і часта выконваў функцыі як культавага будынка, так і дазорнай ці пажарнай вежы. Галоўная асаблівасць гатычнага сабора – наяўнасць каркаснай сістэмы. Яе з’яўленне было абумоўлена пошукамі прыёмаў, закліканых паменшыць вагу будынка. Наяўнасць дыяганальна перакрыжаваных арак давала магчымасць не толькі павялічваць плошчу збудавання, але і падымаць яго на значную вышыню, рабіць сцены храма больш тонкімі і лёгкімі, з вялікімі аконнымі праёмамі, нішамі і парталамі. Цяпер будынак не быў самадастатковым, замкнёным аб’ектам, а раскрываўся ў навакольнае асяроддзе. Незабыўнае ўражанне стварае інтэр’ер гатычнага храма – прасторны, светлы, разлічаны на прысутнасць вялікай колькасці вернікаў.
 З часоў Адраджэння і да нашых дзён існуе меркаванне, што перыяд готыкі – гэта змрочны час, а мастацтва гэтага перыяду варварскае і грубае. На самай справе гэта зусім не так. Відаць, ніводны этап у гісторыі сусветнай культуры, пачынаючы з антычных часоў, не ведаў такога ўзлёту дойлідства, такіх адухоўленых вобразаў у скульптуры, жывапісе і графіцы, такога багацця форм дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Менавіта готыка адкрыла новыя прынцыпы сінтэзу мастацтваў, у аснове якіх імкненне перадаць усёабдымную карціну свету, што так яскрава ўвасобілася ў гатычным саборы.
(456 слоў)

Паводле Б. Лазукі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений