Кароткі змест Знак бяды па главам — Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Глава 1-2

Гуло, раўло і стагнала ад машын, падводаў, гармат і безлічы войска, што валам валіла адтуль, ад граніцы, на ўсход. Здавалася, вялікаму таму гармідару не будзе канца, а з ім не скончыцца і турботны неспакой на хутары. Ведама ж, прыдарожная сядзіба — усім пад рукою і навідавоку. Сцепаніда з Петраком збіліся з ног, спатыкаючыся і пасабляючы, чым можна было, усім, што заязджалі, забягалі, спыняліся, каб напіцца, перадыхнуць у спёку пад ліпамі, а то пераабуцца ці папытаць дарогу.
І вось ужо апошнія тыдні на гасцінцы стала ціха і пустэльна.
Настала новае, як падумаць, дык проста нялюдскае жыццё, што спакваля, але са страшнай сілай усталёўвалася ў раёне. Ранейшае знікла. На Выселках раздзялілі калгас, разабралі небагатую яго маёмасць. У немцаў знайшліся ўжо і памагатыя з мясцовых: нядаўна застрэлілі захожага чырвонаармейца, павесілі двух камуністаў на плошчы. Там жа, у мястэчку, на сценах віселі нямецкія аб’яўкі з абяцанкамі жорсткае кары за ўсякае аслушэнства, тым больш парушэнне. Сцепаніда не ведала іхніх парадкаў, не хацела іх парушаць, але хто ведае, за што яны могуць прычапіцца да мірнага чалавека. Яна, пасвячы Бабоўку каля гасцінца, глядзела з невысокай насыпкі на знаёмае да драбніц некалі сваё хутарское поле. Дзесяць гадоў яно ўжо было не іх — калгаснае, але чыё будзе цяпер? Наўрад ці немцы аддадуць ім зямлю. Якая яна ні ёсць, гэта зямелька, гэты пракляты Богам пагорак, празваны Галгофай, а вось шкада яго, як маці шкада нягеглага свайго дзіцёнка. Столькі гадоў яна тут жыла, рабіла ўсё, да той жа няхітрай сялянскай справы спакваля прывучаўся Федзька. Феня, праўда, захацела вучыцца і паехала ў Мінск. Дзе цяпер яе дзеткі? Феня, можа, дзе і жывая, калі пашчасціла ад гэтай навалы ўцячы на ўсход. А Федзька? За зіму прыслаў тры лісты з Латвіі, дзе пачынаў сваю службу на танках, і тут гэта вайна.
Янка Ганчарык, нямы пастушок з Выселак, прыгнаўшы свой невялічкі статак, сіліўся нешта сказаць Сцепанідзе, усё паказваючы рукой назад, нешта трывожна спрабаваў растлумачыць. Не зразумеўшы Янку, Сцепаніда пайшла да Выселак, а адтуль да разбуранага маста. Убачанае працяло нечаканым страхам: то ж немцы! З гэтай навіной яна і прыбегла на свой хутар, дзе ля хаты, як хворы, няўцямна сноўдаў яе Пятрок, з якім пражыта тут дваццаць гадоў жыцця — нялёгкага, у працы, нястачах і клопатах. Пачалі думаць, дзе і як прыхаваць ад немцаў усё, што можна схаваць — найперш парсючка. Сцепаніда прапанавала схаваць яго ў будцы — бакоўцы пад страхой істопкі — можа, не знойдуць. Знойдуць ці не — хто ведае, але Пятрок за доўгае жыццё разам прывык слухаць жонку: яна была не самая дурная баба, а галоўнае, заўсёды ведала, чаго хацела.
Мітусні, трывог і клопатаў было шмат. «Нічога, як-небудзь, — сказаў Пятрок. — Мы перад імі невінаватыя. A калі з імі па-добраму, дык, можа, і яны…» Падбадзёрваў сябе, супакойваў жонку, бо ведаў і адчуваў толькі тое, што трэба неяк пераседзець ліхую часіну, а там, можа, што зменіцца. Не век жа быць гэтай вайне. Каб засцерагчыся ад бяды, трэба паводзіць сябе як мага абачлівей і цішэй. І з фашыстамі, як з куслівым сабакам: барані божа яго зачапіць, трэба прайсці міма, быццам яго і не бачыш, але і не паказваць страху — рабіць выгляд, што ён цябе не датычыць. Няўжо, калі ён іх не зачэпіць, яны без жоднай прычыны будуць чапаць яго? Што ён, нейкі начальнік ці парцейны, ці хоць бы яўрэй з мястэчка? Слава богу, тутэйшы, беларус і хрышчоны ў хрысціянскую веру, селянін, калгаснік — такі самы, як і ўсе навакол.

Глава 3

Доўга не маглі заснуць у тую ноч. Нарэшце Петрака змарыў сон — неглыбокі трывожны сон. Яму доўга сніліся нейкія чэрві — цэлы клубок дробных, як на мясе, чарвей, якія варушыліся, кішэлі, абкручваліся адзін ля аднаго, паўзлі па яго нагах. Петраку стала дужа брыдка ад іх, чагось боязна, трывожна, і ён прачнуўся. Раніцай убачыў у акно дзве постаці. Пэўная здагадка падказала яму, што гэта ж высялкоўскія паліцаі.
Гуж і Каландзёнак паводзілі сябе ў хаце так, нібы былі тут гаспадарамі, а Пятрок неяк проста і хутка ператварыўся з гаспадара ў госця ці нават прыслужніка. Гуж паставіў на стол бутэльку маскоўскай, нават і Петраку наліў чарку, пра Каландзёнка сказаў: «Абыдзецца. Ён няп’юшчы». Пілі «за пабеду». «Над бальшавікамі», — удакладніў Гуж. Прыход Сцепаніды, якая з самай раніцы пасвіла Бабоўку, парушыў тон размовы. Матлянула злым позіркам на ўсіх траіх, чым раззлавала Гужа. Запатрабаваў харошай закускі і належнай пашаны «для прадстаўнікоў германскай улады!» Сцепаніда не змоўчвала, адказвала здзекліва, злосна, чым яшчэ больш развар’явала Гужа, і той злосна настаўляў Петрака ўзяць тоўстае новае пута — і путам яе, «а то пяньковай пятлі дачакаецца», бо такіх немцы «вешаюць на тэлефонных слупах».
Пахаладнеўшы нутром, Пятрок глыбей уцягваў галаву ў плечы, чым асабліва задаволіў Гужа, і панура маўчаў, слухаючы, як пляцкае тоўстымі вуснамі Гуж — есць яго сала, грозіцца і павучае яго, як жыць з бабай. Удвая маладзейшы, а глядзі ты, які стаў разумны пры нямецкай уладзе. Гуж паведаміў, што зондэрфюрэр загадаў выкапаць усю бульбу і здаць. Для германскай арміі.

Глава 4

Калі засталіся ўдваіх, Сцепаніда моцна сварылася на Петрака, што ўстроіў гэтым злыдням частаванне. У Петраковай лаянцы на яе, каб маўчала, яна ўчула паганы намер вылузнуцца перад гэтым Гужом, дагадзіць яму тым, што зняважыць яе. Але зняважыць сябе яна не дазваляла нікому, заўжды магла пастаяць за сябе. Калі яна была звеннявой па льну і Кандыбішын зяць даказваў, быццам яе бабы крадуць лён, яна дамаглася праверкі, нават вобыску ва ўсіх. Колькі разоў іх перапынялі на сцежцы, правяралі ў баб за пазухай, пад спадніцамі, але марна. І гэты паклёп з іх знялі. Яна змалку ведала гэтага высялкоўскага Гужа, які ў калектывізацыю некуды ўцёк ад раскулачвання, а цяпер во зноў паявіўся з вінтоўкаю ў руках, каб помсціць людзям за мінулае ды піць гарэлку. Але яна не забылася на сваю апошнюю з ім сустрэчу ў трыццатым годзе і век не даруе яе яму. Таксама як і таму Каландзёнку, якога гадамі ненавідзела вёска аж да самай вайны, калі ён пайшоў па першай мабілізацыі ў войска, ды во праз месяц вярнуўся.
Яна не баялася іх, бо не паважала. Болей таго — яна іх ненавідзела. Яна адчувала перавагу сваёй спрадвеку ўстаноўленай праўды і, пакуль у яе было тое адчуванне, магла смела глядзець кожнаму ў вочы.
Пятрок адчуваў яе праўду, але ж не хацеў паступіцца і сваёй. Тое, што для яго ясны дзень, ёй здаецца цёмнай ноччу. Паспрабуй дакажы, што сёння ёй няблага пашэнціла, што Гуж адмякчэў пасля выпіўкі і не стаў дужа да іх прыдзірацца, што ён, можа, сапраўды пакрывае яе перад немцамі. Сам жа казаў: радня. Таму не лішне з імі ладзіць, неяк паддобрыцца, можа, завесці дружбу. Канешне, ён п’яніца, нягоднік, нямецкі халуй, але ж ён — улада. З ваўкамі жыць — па-ваўчынаму і выць. Пятрок заўважыў сёння, як нядобры драпежны бляск блукаў у Гужовых вачах, калі ён казаў пра Сцепаніду.
Задобрыць яго трэба, найлепш упаіць. І да яго прыйшло разуменне, што трэба гнаць самагон. Без самагону ў гэтым жыцці прападзеш. Горш вось, што не было змеевіка. Дзе ж яго ўзяць?

Глава 5-6

…Ужо чацвёрты ці пяты дзень на іх ліпу прылятала варона — усеўшыся на верхавіне, прарэзліва каркала, нібы кагось клікала з лесу. Каб хоць не на якую бяду, устрывожана падумала Сцепаніда. Яна нават кідала ў яе палкай, але варона сядзела і не палохалася.
Яна даіла Бабоўку, як да яе слыху данёсся прыглушаны, але магутны нутраны вуркат.
Немцы прыехалі на хутар не так сабе, а кватараваць, як сказаў настаўнік Свянткоўскі, што быў з імі за перакладчыка. Папілі свежага малака, агледзелі хату і пачалі ў ёй гаспадарыць: загадалі Петраку вычысціць качаргешнік і гарачай вадой вымыць падлогу, выкапаць яму для клазета; запатрабавалі яек, абтрэслі антонаўку і нават зарэзалі чатыры курыцы. Шкада было і курэй, і антонавак, але дзіўна: Сцепаніда хутка супакоілася. Мусіць, таму, што яны аказаліся не надта ўжо страшныя, не лаяліся і не пагражалі — яны проста паводзілі сябе роўна і ўпэўнена, як гаспадары на гэтым падворку. Што ж, яна разумела, яны перамаглі, заваявалі гэту зямлю, мусіць, іхняе права цяпер рабіць, што захочуць. Але менавіта гэтая іх упэўненасць у сваёй праваце і ўсведамленне беспакаранасці адразу настройвала яе супраць. І яна адчувала, што добрыя адносіны паміж імі наўрад ці магчымы. Заўважыла, што Пятрок неяк дужа хутка і па-мужчынску проста ўціраецца ў іхнюю кампанію; немец нават, грунтоўна зацягнуўшыся цыгаркай з Петраковага самасею, пахваліў, пачаставаў сваёй і даў прыкурыць.
Вялікага страху зазналі гаспадары, калі немец убачыў на паклеенай на сцяну газеце партрэт Сталіна. Петрака аж хіснула ад страху, ён ужо склаў пальцы, каб перахрысціцца напаследак, калі немец навёў ствол пісталета. Грымнуў стрэл — у сцяне на сярэдзіне здымка чарнелася круглая дзірачка. Гатовы да ўсяго найгоршага, Пятрок усё ж загадзя і таропка перахрысціўся, але немец ззаду не дужа моцна, але настойліва штурхнуў яго ў плячо: «Вэк!» Пятрок пасля таго стрэлу быў доўга нібы сам не свой, нібы ў гарачцы ці якім здранцвенні.

Глава 7

А немцы ўсталёўваліся надоўга, на нетаптанай мураве паставілі палатку. Аднойчы, калі Сцепаніда прыгнала з пашы Бабоўку, загадалі тут жа яе падаіць. Сцепаніда неяк нацыркала паўвядра і сказала, што болей няма. Фельдфебель паклікаў кухара Карлу, і той выдаіў поўнае вядро. Пятрок пры гэтым трымаў Бабоўку за рогі.
Фельдфебель не крычаў, ён толькі пасунуў наперад да спражкі сваю кабуру. «Паночку! — раптам чужым тонкім голасам закрычаў Пятрок і бухнуўся на непрасохлы пасля дажджу дол. — Паночку, не трэба!»
Пятрок заекатаў, пасунуўшыся бліжэй на каленях, з пакамечанай шапкай у руках, сівы, няголены, няшчасны. Яна ж стаяла, як адзеравянеўшы, нібы непадуладная смерці, хоць і гатовая да яе кожную секунду. Але замест рэвальвера немец урэшце адшпіліў нейкі белы даўгаваты ланцужок, і, перш чым яна паспела што зразумець, пякельны боль аперазаў яе плячо і шыю. Выцяўшы яе некалькі разоў, нешта злосна крычаў, чырванеючы ад натужнае злосці. Ля палаткі кпліва ржалі два ці тры немцы — мусіць, гэта для іх было вясёлай забавай. Што ж, гагачыце, праклятыя, забаўляйцеся, але ж ведайце: у гэтай жанчыны ўсё ж ёсць сын — салдат, ён вам папомніць. Хай не цяпер — прыйдзе час, паквітаецца за матчыны боль і знявагу. І ты, устань, Петра, нягожа поўзаць перад імі на каленях.
Усю ноч да золаку Пятрок курчыўся на сваіх мулкіх дзежках пад кажушком. На золаку ўсё ж задрамаў і ўбачыў дурны сон пра пацука. Пад жорнамі ў істопцы была шырокая пацукова нара, з якой цяпер высоўвалася нейкае дзікае страшнае стварэнне з клыкастаю, нібы ў дзіка, зяпай. Усе намаганні Петрака, каб прагнаць пацука, былі марныя: той хаваўся, каб затым вылезці зноў. Пятрок ухапіў стары калун і шпурнуў па нары, але, мусіць, зачапіў жорны, і тыя з грукатам грымнуліся, толькі закурэў пыл у істопцы…
А немцы пацяшаліся: застрэлілі варону і абтрэслі антонаўкі. Пятрок пайшоў да фельдфебеля, каб пажаліцца яму, але ўбачыў, што той таксама страляў, але не па варонах, а па яго курах. Скардзіцца не было каму. Затое афіцэр загадаў прывесці зараз жа Бабоўку з пашы, каб падаіць. «Скулля», — абвясціла Сцепаніда і выдаіла Бабоўку на зямлю. «На во, вядзі. Хай дояць». Прывёў. Падаілі. Фельдфебель расшпіліў кабуру і паволі выцяг з яе свой рэвальвер. Каторы ўжо раз спалохаўшыся, Пятрок не паспеў падумаць, што сказаць перад смерцю, а фельдфебель хлёстка шчоўкнуў затворам і жвава вертануўся да Бабоўкі. Кароткім ударам локця ён адпіхнуў Петрака ад каровы і хутка бахнуў стрэлам у такое чуйнае заўжды, рухавае вуха Бабоўкі.

Глава 9

Надзіва сабе самой, Сцепаніда не дужа ўбівалася па карове — як ні шкада ёй было Бабоўку, яна адчувала, што рушылася штось непамерна большае і што вялікая небяспека набліжалася да іх ушчыльную.
А тая знявага, якую яны ёй зрабілі пры першым сваім з’яўленні, выклікала ў яе абурэнне і нянавісць. Сапраўды, такога з ёй ніколі яшчэ не здаралася, ніхто яшчэ не падняў на яе руку — ні бацька на малую, ні потым Пятрок.
Увесь дзень Сцепаніда чакала зручнага для сябе моманту. І вось дачакалася вечара. Перахаваўшы парсючка ў лес, у барсучыную нару, заставіўшы яе бараной, прынесенай дзеля гэтай мэты Янкам, яна вярталася на хутар ноччу. Збоч каля вёдраў, састаўленых у рад, цьмяна шарэла новенькая, мусіць, забытая зранку вінтоўка…
Пятрок чакаў яе. Ён сунуў ёй з цемры счарсцвелы кавалак хлеба, і яна ўзяла з жалем да яго. Каторы дзень ужо без гарачага, на сухім, а ў яго ж хворы страўнік — бедны стары Пятрок!
Ціха жавала. Але найбольш слухала: ёй трэба было, каб яны там паснулі, У ёй усё мацней разрастаўся тайны і страшны намер. Яна ўмела чакаць. Яна ўсё жыццё толькі і рабіла, што чакала чагосьці. Яна рэдка калі адмаўлялася ад сваіх намераў, бо часта адмовіцца ад іх ёй патрабавалася больш сілы, чымсьці іх здзейсніць. Жылі людзі да гэтай вайны і, мусіць, будуць жыць і пасля, а во ці давядзецца жыць гэтым, яшчэ невядома. Хто палез на іншых з ражном, як бы сам не напароўся на той самы ражон.
…Вінтоўка аказалася цяжэйшаю, чым яна думала. Як бы, боўтнуўшы, яна не падняла ўсіх на ногі. Гэта трохі збянтэжыла Сцепаніду, але перайначыць намер яна ўжо не мела сілы — на дыбачках яна падскочыла да калодзежа і апусціла ў зруб вінтоўку. «Што цяпер будзе заўтра!» — нібы ў гарачцы калоцячыся ўсім целам, думала яна. Жах апанаваў яе з такой лютасцю, што яна дробна засакатала зубамі.

Глава 10-11

A назаўтра на хутары падняўся перапалох: немцы ператрэслі ўсё і апоралі Петракову скрыпку. Пятрок, асмялеўшы ад пахвалы афіцэра за добра зроблены клазет, вырашыў прасіць немцаў, каб вярнулі скрыпку.
Перахрысціўся і памалу, нерашуча адчыніў дзверы. Сцепаніда захвалявалася: хоць бы жывы вярнуўся яе Пятрок. Аднак, здаецца, яго ўпусцілі ў хату, і ён прапаў там надоўга. І раптам тоненька пявуча загучала адна струна скрыпкі, другая і трэцяя — ладна загучалі, і яна пазнала Петракову руку. Іграць ён умеў, як рэдка хто іншы. «Няўжо аддадуць?» — з сумнаю радасцю падумала Сцепаніда. Аднак Пятрок не вяртаўся, а замест яго з хаты хвалююча-пявуча пацякла музыка любімай ёю «Купалінкі», і Сцепаніда хуценька сцерла ражком шорсткай хусткі некалькі слязінак. Стаілася, слухаючы. Пятрок іграў слаўна, чыста і нават старанна, як некалі іграў малады на вечарынках на пару з цымбалістам Лаўрыкам.
Замілаванне музыкай пачало саступаць месца прыкрасці і нават злосці — навошта ён там ім іграе? Не мог адмовіцца, ці што? Ну хай толькі вернецца! Калі ўрэшце не заслужыць ад іх яшчэ аднаго добрага выспятка.
Час ішоў, а з выспяткам там не спяшаліся: мусіць, сапраўды яго ігра спадабалася. Пятрок іграў доўга, пасля песняў узяўся за танцы і перайграў ім і казачка, і лявоніху, і страданіе. Сцепанідзе нават здалося, што там разы два папляскалі і нехта сказаў «брава», ці што. «Ну чакай жа, я табе пакажу, як дагаджаць гэтаму груганню!» Калі вярнуўся, то яна, коратка размахнуўшыся, шпурлянула скрыпку ў цёмны куток ля жорнаў, тая трохі стукнулася аб штось няцвёрдае і адскочыла, ціхенька загуўшы струнамі. Пятрок жахнуўся: «Ты што, ты што?.. Ты што гэта, таго?..»
Іх спрэчку перапыніў раптоўна стрэл, потым другі і трэці. Над хатай і падворкам пыхнула сляпучае святло. Яна ўбачыла белы, нібы палатно, Петракоў твар. У руках няшчасны музыка сціскаў непатрэбную цяпер скрыпку. Галасы набліжаліся, немцы вярталіся на сядзібу. Петрака паклікалі апазнаваць «айн бандзіт». Ён вярнуўся вельмі хутка і шэптам паведаміў, што забілі Янку, пастушка з Выселак.
«Чаму і завошта?» — пыталася яна ў сябе. Што яна зрабіла не так, напроціў Бога і сумлення, чаму кара абрынулася на яе, на людзей? Не знаходзячы, аднак, адказу, думкамі сваімі яна вярнулася ў глыб перажытага. І яна ўжо бачыла іншы час і ў ім чула іншыя галасы — з далёкае далечы яны даносіліся да яе на суцяшэнне, гароту ці роздум, несучы, можа, нейкую надзею.

Глава 12

…Яна прала кудзелю, чакаючы дзяцей са школы, як з Выселкаў прыбег Патапка. Ён быў пераростак, у школу зімой не хадзіў, бо не меў што абуць, і цэлымі днямі сядзеў на лаве ў хаце, палову якой займаў сельсавет, — заўжды разявіўшы рот, слухаў, што гаманілі мужчыны. Сельсавецкі старшыня, аднавокі Лявон Багацька, якому выбілі вока на польскай вайне, калі здаралася патрэба каго паклікаць, пасылаў Патапку. Патапка прыбег па слізгаце ў Лявонавых ботах, і той цяпер недзе сядзіць, падкурчыўшы пад лаву ногі, каб хто з заходжых не бачыў босага старшыню. Проста бяда з абуткам была і ў Багацькаў (у Выселках паўвёскі былі Багацькі, а яшчэ паўвёскі — Недасекі, Гужовы і невялікая сям’я Ганчарыкаў): на дваіх з Петраком — адны лапленыя валёнкі. Дык сёння іх ранкам надзеў Пятрок у дарогу — павёз самаабкладанне на станцыю.
Патапка прагугнявіў, не павітаўшыся, што Лявон цётку на камбед кліча. Давядзецца ісці ў чунях, бо Пятрок вернецца позняй ноччу.
Сцепаніда адчула, што дабром-мірам не кончыцца, нешта здарыцца, калі такая вынікла спешка. Бо ўчора ноччу быў ужо сход, на якім упаўнаважаны з раёна Касмачоў гаварыў ладна, біў на факты, на прыклады, расказваў, як дужа зажылі ў Будніках, што пад Леплем. Даволі і ім, высялкоўцам, трымацца за свае вузкія шнуркі — надзелы, гібець у беднасці і нэндзе, калі свая, савецкая ўлада дае магчымасці, ідзе насустрач беднякам і сазнацельным сераднякам таксама. Яму верылі, ён быў і памяркоўны, і разумны: да гэтага гадоў колькі выкладаў гісторыю ў школе і, казалі, быў дужа адукаваны настаўнік.
Але як дайшла справа да запісу, усё прыпынілася. І тады Лявон Багацька сказаў: «Калі так, я першы. Хай! і выклікаю паследаваць прымеру Багацьку Сцепаніду». Сцепаніда дала згоду і выклікала Ладзіміра Багацьку, з дачкой якога Анюткай Сцепаніда хадзіла ў лікбез і сядзела за адной партай. Ладзімір выклікаў Антося Недасеку, той — Івана Гужова. Сцепаніда акрыяла душой. І хоць справа гэтая з калгасамі новая, не бачаная дагэтуль, нікім не спытаная, хто ведае, як яшчэ ўсё абернецца, але яна паважала разумных людзей, асабліва адукаваных: ужо яны на благое агітаваць не будуць. Пятрок не надта пярэчыў, хоць на сходы хадзіць перастаў, пасылаў яе і бурчэў кожнага ранку, як збіраўся на ток да скаціны. Але што ведаў Пятрок, які павучыўся некалі дзве зімы ў школе і ўмеў толькі распісацца. Аднак стары Гуж выклік Недасекі не прыняў, запісацца ў калгас адмовіўся. Так ладна наладжаны ланцужок раптоўна парваўся. І вось сёння, ідучы зноў па выкліку на камбед, Сцепаніда чамусьці трывожылася. Убачыўшы на сельсавецкім падворку ладны вазок, здагадалася, што прыехаў Новік, Недасекаў хлопец, які, стаўшы начальнікам у раёне, найперш змяніў сваё прозвішча на Новіка. Ён вучыўся на настаўніка ў Віцебску, але рабіць настаўнікам не схацеў, падаўся ў кіраўнікі. «Гэты не Касмачоў, гэты ўсіх тут бачыць наскрозь. Кажуць, прынцыповы, дзелавы, дужа парцейны. Зрэшты, можа, цяпер такім і трэба быць, бо з нашымі людзьмі інакш нельга. Калі яны што і прызнаюць, дык гэта ўладу і строгасць».
Новік пачаў з галоўнай небяспекі на даным этапе — гэта правы ўхіл. Зрыў! Галавацяпства! Восем сходаў, а калгас не арганізаваны. І пацікавіўся, колькіх раскулачылі. Лявон здзівіўся, адказаў пытаннем на пытанне: каго раскулачваць? Адна галота. Спрэчка і ўзаемныя папрокі скончыліся абяцаннем Новіка навучыць, каб згадзіліся па сваёй ахвоце, без нагана, як у некаторых. І прапанаваў раскулачыць Гужова Івана. Як кулацкага падпявалу і сабатажніка. Лявон дапытваўся, «па якой стацці», даводзіў, што
Гужоў не зрыўшчык, бо ён нікога не падбухторваў, ён толькі сам не пайшоў. Новік, урэзаўшы кулаком па сталешніцы, даводзіў сваё. На Гужова ў сяле азіраюцца, бо аўтарытэт. «Во мы і ўдарым па гэтым аўтарытэце! Тады запяюць інакш. Пабаяцца». На пярэчанні Сцепаніды, што гэта несправядліва, Новік закрычаў: «Ніякай пашчады ворагу! Той, хто стаіць на нашым шляху, нам вораг, і мы яму ламаем хрыбет». Сцепаніда ўжо і падумала: можа, яно і так, можа ён і мае рацыю, але як уявіла сабе тое раскулачванне, плач, гора, высылку, ёй стала моташна. Што рабіць? І пачалі шукаць на Гужова «стаццю», каб законна ўсё было. Новік ухапіўся за «наёмны труд». Усе пачалі даводзіць, што і гэтага не было.
Але з-за грубкі адазваўся Новікаў брат Антось Недасека, нагадаўшы ўсім, што, як Гужоў трысцен ставіў, наймаў дзеда некага з Заграззя. А яшчэ, нагадаў кемлівы і памятлівы Недасека, жаць памагалі Гужову, а наймаў ці за так — не ведае. Але памагалі. «Стаццю» знайшлі. Засталося толькі прагаласаваць. Лявон апанурана сказау: «Хто, значыць, каб не раскулачыць, пакінуць…» — «Не так! — усхапіўся Новік. — Няправільна! Хто за тое, каб Гужова Івана раскулачыць, падняць рукі», — аб’явіў ён і высока задраў сваю руку. Ахвотна падняў руку яго брат Антось Недасека. Супраць былі Лявон і Сцепаніда. І тады Новік вымусіў прагаласаваць і Васіля Ганчарыка, які ўстрымаўся і не галасаваў ні за, ні супраць: «Тры хвіліны табе на роздум, і каб вызначыўся. Вызначы свае палітычнае ліцо».
Сцепаніду трэсла, нібы ў ліхаманцы. Ад Васілёвага голасу будзе залежыць лёс Гужовых і, можа, лёс калгаса таксама. Сапраўды, Васіль думаў не болей за тры хвіліны, штосьці прыкінуў, і ягоныя пальцы на каленях ціхенька дрыжалі. «Так, ладна. Я — за», — рашыў Ганчарык.

Глава 13-14

Нічога не можа чалавек уведаць з свайго будучага і, бывае, радуецца з таго, што неўзабаве зробіцца прычынай гора, а то плача над тым, што пасля выклікае хіба што ўсмешку.
Ідучы з лікбеза ў той жа вечар, пачула ад Анюткі Ладзімеравай, што ў яе радасць, але ж во, нярадасна. Дамовіліся з Васілём Ганчарыкам ажаніцца, але той вянчацца не хоча. У сельсавеце запішуцца, павыступаюць і ўсё. Сама Анютка ўжо і згодна, ды толькі бацька не хоча так, без папа. Кажа, няшчасны шлюб будзе. «А я не хачу, каб няшчасны. Я ж столькі шчасця зычу сабе і яму, каб ты толькі ведала, цётачка…» Суцяшала Сцепаніда Анюту: «Ад папа шчасця нямнога. Даўней, бывала, усе ў царкве вянчаліся, але хіба ўсе шчасна жылі? А цяпер, што там бацька! Як вы скажаце, так і будзе».
Сцепаніда падумала: як не ў пару! Яшчэ не выйшла замуж, а ўжо скруха-клопат, ужо сохне дзеўка. Цяпер жа рушылася ўсё, дазвання, на добрае ці не — хто ведае. Можа, і пашкадуюць пасля, але цяпер ужо ходу назад няма — толькі наперад і наперад, як пяецца ў той песні. Вось і Сцепаніда не чаплялася за старое, не шкадавала яго, бо парабкавала гадоў колькі ў пана Жулегі і паўпанка старога Яхімоўскага. Рабіла на чужой зямлі, бо сваёй не мела. Праўда, пасля рэвалюцыі ўсё тут крута змянілася. …Ішла першая вясна іхняга жыцця з Петраком, хай сабе не на сваёй зямлі, у чужой хаце, затое ў любасці, міры і згодзе. Яна ўжо хадзіла з новым чалавечкам пад сэрцам, і думкі яе мкнулі наперад, туды, дзе іх было трое, слухаючы нябачнае трапятанне і спеў жаўраначка ў небе. Ды не надоўга. Вечарам падзьмуў сіверкі сцюдзёны вецер. Ураз у прыродзе ўсё змянілася, азлела, наваколле зашарэла пад снегам.
Вось у такі час прыйшлі на хутар трое і пачалі ўсё апісваць.
Цыпрукоў з валаснога камітэта растлумачыў, што гэта экспрапрыяцыя, бо набытак эксплуататараў цяпер пераходзіць ва ўласнасць народа, а зямлю заўтра ранічкай падзеляць паміж беззямельнымі на валвыканкоме. Сказаў яшчэ, каб і Пятрок туды прыйшоў. Яна проста гатова была скакаць ад радасці — гэта падумаць: яны займеюць сваю зямлю, і без грошай, без свары, без судоў і прашэнняў — атрымаюць, і ўсё. Калі расказала пра тое Петраку, ён выпусціў з рук палена і сеў міма калоды — проста ў гразь. І раптам змяніўся разгублены выраз Петраковага твару на амаль спалоханы. Азірнулася: ззаду стаяў Адольф Яхімоўскі, па яго шчоках каціліся дзве слязіны: «Радуецеся? Шчэнсце вам? Ганьба…»
Радасць яе азмрочылася, бы яе злавілі на якім злачынстве і яна ведала, што вінаватая. Хай сабе ў думках і спадзяваннях, усё ж яна паквапілася на чужое, чаго ні разу не рабіла за ўсе гады свае службы ў Яхімоўшчыне. Ён быў не благі, пан Адоля, цаніў дбайную работніцу і яшчэ болей паважаў за сумленнасць. Цяпер жа ўсё гэта стала ўпоперак яе сумленню: як быць? Як жыць, калі адмовіцца ад тае зямлі, а калі ўзяць, дык як глянуць у вочы яе гаспадару?
Ноч, што настала пасля таго дня, была поўная пакут, разваг і хістанняў — абое яны з Петраком напакутаваліся на ложачку ў істопцы, і нашапталіся, і намаўчаліся, але ніхто з іх да ранку так і не пры-думаў нічога, чым бы можна суцешыць сумленне. Уранку ж трэба было ісці ў Выселкі, у валвыканком. І тады Пятрок, падняўшыся на дасвецці, звесіў з ложка босыя ногі і, яшчэ раз трохі разважыўшы, вырашыў: «Не пайду. Ну яе…» і дадаў: «Не пайду, і ўсё. Не магу я…»
Рабіць не было чаго: крыху паплакаўшы і насварыўшыся на яго, сама пабегла ў Выселкі. З вялізнага хутарскога прасцягу ім выразалі дзве дзесяціны. Ёй вельмі было шкада пана Адолю, і гэта яе шкадаванне надта азмрочвала іх вялікую радасць першага гаспадарання на ўласнай зямлі. Наперадзе было жыццё з безліччу клопатаў, цяжкой працай, але вольнае, без прынукі, дзе ўсё благое і добрае будзе залежаць ад іх дваіх з Пятром і ні ад каго болей. То была ўдача, якую можна было толькі сасніць. Гэта так радавала, узносіла аж пад самае неба, што не верылася нават, што так усё павярнулася. Калі б толькі побач у хаце, як жывы дакор ім, не сядзеў днямі ссохлы, лысы, раздушаны жыццём і няшчасцем стары. Неяк яна не стрывала і сказала Петраку, што трэба пагаварыць з Яхімоўскім, што так нягожа, яны ж з ім столькі жылі ў добрасці і згодзе. Сказаць яму, каб не злаваў, а жыць — хай жыве ў хаце, яны пераб’юцца ў істопцы, пакуль не агораюць сабе якую сваю хаціну. Яна ж будзе глядзець старога, няўжо ж за ягоную ласку яна не аддзячыць яму на яго ж зямлі. І здаецца, яны добра, па-людску пагаварылі, толькі Яхімоўскі пасля ўсяго вымавіў цвёрда, нібы прысуд: «Цёнгле быў грэх квапіцца на чужое. На чужым і дармовым шчэнсця не бэндзе. Мне шкада вас».
Гэтыя яго словы неяк дужа кранулі трывогаю Сцепаніду, і яна замаркоцілася. Пачакаўшы, пан Адоля сказаў: «Я не жычу вам блага, хай Езус, Марыя памогуць вам». Гэта было галоўнае — каб ён не затаіў на іх крыўды, не пажадаў благога.
На Юр’еў дзень Пятрок і Сцепаніда па старадаўнім звычаі, запаліўшы пучок сухой евангельскай траўкі, старанна акурылі хлеў. І яны ўдваіх пайшлі на агледзіны поля. Яно ўжо чакала ратайскага плуга. Пятрок ішоў і ўсміхаўся зноў ад тае ж неспадзяванай іх радасці: ішоў на хутар, лічы, прымаком і парабкам, а во стаў гаспадаром і азірае свае палеткі. Пятрок нагнуўся, каб вырваць каліўца азіміны, паглядзець карэньчык, і пальцы яго міжволі паднялі за растапыранае крыльца маленькую птушачку. То быў жаўраначак, мабыць, з тых небаракаў, што ашукаўся першай абяцанкай вясны і паплаціўся жыццём за сваю заўчасную песню. «Глянь, Сцёпа…» Падбегла Сцепаніда і расчулена пераняла з ягоных рук небараку-птушачку: «Божа… Пятрок! Гэта ж кепска… Ой, гэта ж няшчасце! Гэта ж на бяду нам».
І Пятрок зніякавеў таксама, але стараўся заставацца бадзёрым, даводзіў, што замёрзла птушачка. Якая тут бяда? Яна ж бедавала ад гэтага яўнага знаку бяды, папракаючы яго, нашто чапаў, нашто згледзеў.
А на хутары іх ужо чакала першая бяда: павесіўся пан Яхімоўскі. І гэта быў толькі пачатак. Трэба было араць пад ярыну. Але галоўная частка надзелу ляжала аблогай з пазалеташняга года. А зямля там была не дай Бог — гліна, якая ў сухі год камянела, бы тая скала. Кабылка ўходалася на той аблозе так, што пад вечар апошні раз напружылася, выпрастала ногі і знерухомела назаўжды. Марнымі аказаліся ўсе намаганні Петрака і Сцепаніды падняць яе. Сцепаніда ўся трымцела ад гора, не вытрымаў, заплакаў і Пятрок. A назаўтра, калі прачнулася на світанні, Петрака ўжо не было. Ён ужо капаў рыдлёўкай — калупаў, біў, сек пракляты той глей. Чатыры дні ад цямна да цямна яны ў дзве рыдлёўкі адольвалі той глей і ўсё ж неяк адолелі яго. А адолеўшы, Пятрок зноў з раніцы кудысьці знік. І на другі дзень таксама. Сцепаніда зірнула на гару і зноў жахнулася ад таго, што ўбачыла. На фоне неба чалавечая постаць, угнуўшыся, быццам дужалася з нечым, якім слупом ці дрэвам — чымсьці высокім і, мабыць, цяжкім. Гэта — Пятрок. Але што ён удумаў?
Калі падбегла да сваёй палоскі, стала відаць, як на самай выспе ў канцы іх надзела вагаўся свежы, з неакоранай лясіны збіты вялізны крыж, які, упіраючыся ў зямлю нагамі, з усяе сілы паднімаў над сабой Пятрок. Сцепаніда аберуч ащчаперыла сыры і шурпаты ствол дубка, патрымала яго роўненька ў глыбакаватай яміне, якую таропка пачаў засыпаць Пятрок. Крыж быў высозны і страшэнна цяжкі. «Памажы, Божа, не адступіся ад рабоў тваіх», — прабубніў ён, хрысцячы спатнелы, спакутаваны твар. Крыж пастаяў вясну і лета — на самай выспе над лесам і ровам. Кожны, хто ехаў ці ішоў гасцінцам, пазіраў на гэты знак чалавечай бяды. Тады ж нехта і назваў гэты пагорак Галгофай, ды так і пайшло: Галгофа, ці гара Галгофа, а то яшчэ Петракова Галгофа.
Увосень местачковыя камсамольцы павалілі крыж, спілавалі. Пятрок спахмурнеў, угнуў галаву і не спрачаўся, а Сцепаніда тады моцна пасварылася з імі: яны яшчэ і натацыю ім прачыталі пра шкоду рэлігійных забабонаў. А як яны з Петраком гаравалі, ніхто тады не памог, а цяпер, як вырас нейкі ячмень, бач, ім крыж вочы коле.

Глава 15

A Сцепаніда зноў сягае думкамі ў той далёкі час, калі арганізаваўся ўсе-такі калгас. Мабыць, Новік праўду казаў? Раскулачыш аднаго — іншыя задумаюцца. Цяпер тры дні запар камісія па абагульванні праз жаночы плач, страхавітыя позіркі старых хадзіла па дварах, апісвала ўсё: насенне, інвентар, коней, збрую. Было трудна, але было трэба. Сцепаніда ў той дзень прыпазнілася. Думала, што давядзецца даганяць камісію дзе ў вёсцы, і дужа здзівілася, калі застала ўсіх у сельсавеце. Сцепаніда адразу адчула, што тут панаваў нейкі сполах ці клопат. Лявон падаў ёй аркушык раённай газеты «Чырвоны араты», і яна прачытала загаловак: «У Слабадскіх Выселках патураюць класаваму ворагу». У заметцы пісалася, што ў той час, як скрозь ідзе вострая класавая барацьба з кулаком, у Выселках гэтую барацьбу ігнаруюць і раскулачылі толькі аднаго ворага, які меў наёмную сілу, — Івана Гужова. А наёмную сілу мелі яшчэ тры гаспадары: Багацька Карніла, які два леты наймаў бяднячку Каландзёнак Прузыну жаць збожжа, Прахорыха, што тры гады запар наймае араць, жаць і сеяць, Багацька Уладзімір, які наймаў малаціць. «Ніякай літасці класаваму ворагу!» — такім заклікам канчалася заметка. Падпісана яна была загадкава — проста: селькор.
Абураліся, меркавалі, «хто б гэта быў, свалата?» Сышліся на адным: Патап Каландзёнак, якому Лявон даў прытулак, пусціў у сельсавет. Карніла са Сцепанідай пайшлі апісваць без Лявона. Карніла гаварыў, што горай за суседзяў нікога няма: усё бачаць і заходзяцца ад зайздрасці. «Асобенна яшчэ, калі нягеглы які. Няўдака! Такі не тады рады будзе, калі сам каня купіць, а калі ў суседа конь здохне.
…Я не кулак, не багаты. Зямлі не болей, чым у другіх. Але я работу люблю. І парадак. Я, калі ўзяўся, дык давяду ўсё да ладу. Зямлю, я яе лепей чым лусту хлеба дагледжу…» Пагаманілі і пра селькора Патапа Каландзёнка, пра якога тая ж газета напісала залетась, праславіла на ўвесь раён. Калі ішла льноздача, Лявон аж з двума ўпаўнаважанымі хадзілі па хатах выбіваць лён. Каб як выпаўзці з планам, нават развязвалі вяроўкі, конскія путы — усё здавалі на валакно. Упаўнаважаныя нават пашкадавалі бедную Прахорыху, бабыліху, якая ўсё плакала і наракала на лёс, на старасць і нездароўе. Але як толькі выйшлі з няпаленай, халоднай хаты, Патапка, які заўжды круціўся каля начальства, шапнуў старшаму, што ў пустым хляве ў бабкі схаваны лён. Тры куксы лёну знайшлі; як ні апраўдвалася Прахорыха, што прыхавала на сподняе на смерць, яе хацелі судзіць. Пра Патапа напісалі ў газеце, яго сталі клікаць Селькор — адны з зайздрасцю, другія з насмешкай. У газеце яшчэ разы два з’яўляліся допісы Каландзёнка пра лікбез, пра збор попелу.
Не паспелі Сцепаніда з Карнілам апісаць маёмасць Барыса Багацькі, як прыбег сын Лявона з наказам ад яго, каб зараз жа ішлі ў сельсавет.
Прыехаў Касмачоў раскулачваць усіх траіх, пра каго пісалася ў заметцы. «Казаў жа, адным не абыдзецца», — сарваным голасам знервавана выпаліў Лявон. Сцепаніда зарагатала нядобрым нервовым рогатам, якога аж сама спалохалася: «Дурні вы! Ёлупы! Каго раскулачваеце? Тады ўсіх раскулачвайце! Усіх да аднаго! і калгаса не трэба будзе. І ніякага клопату. Усіх! Дазвання! Вы, разумныя людзі, хіба не бачыце! Але ж спытайцеся ў якога цёмнага дзеда, ён вам скажа: так жа нельга! Нельга, каб свае — сваіх!» Яна крычала, даводзіла, што гэта несправядліва, што трэба ехаць да самога Калініна ў Маскву, што не па-людску, не па-бальшавіцку ўсё гэта, перагіб гэта. Касмачоў ужо нядобра гыркнуў і загадаў Ганчарыку супакоіць гражданку. «К чорту ўсіх вас! Рабіце што хочаце! Але без мяне!..» — шыбанула да дзвярэй, размашыста бразнула імі знадворку.
Але куды бегчы і да каго звяртацца? Падшыванец гэты, няўклюда лягчоная, ні хлопец, ні дзеўка — паскуда адна! Напісаў у газету, дык яго слухацца? Вырашьша ехаць у Полацк. Узяла прыхаваную на які пільны выпадак траячку, але, мабыць, пільнейшага ўжо не будзе. Але перад самым гасцінцам ёй заступіў дарогу малодшы сын Івана Гужова Зміцер, забраў траячку і загадаў ісці назад. Азвярэла вылаяўся: «На хутар бягом!!! Акцявістка… Тваё шчасце, радня што! А то… Паняла?» Яна паняла. Гэты літасці не меў ад роду. Не тое, што яго рупны і добры старэйшы брат ці набожны бацька! «і каб нікому ні слова! А то пеўніка пад стрэшку!» — данеслася ўжо здаля.
…Сцепаніда сядзела на бервяне, абнямоглая, заплаканая, і думала: што рабіць?. Галоўнае, каб усё тое ніяк не зачапіла дзяцей, не апаліла іх бязлітасным сваім крыллем, абышло міма. Выслухаўшы яе, Пятрок сазнаўся, што і яго перапынялі, гразіліся. І загадаў маўчаць, бо нікому не пажалішся, маўчаць — пашкадаваць дзяцей. Але хто пашкадуе яе? З яе наглуміліся, цяпер яна будзе глуміцца сама з сябе, трываць, калі не трываецца, маўчаць, калі з нутра рвецца крык. Хіба гэта па-людску? Так не павінна быць, не па-чалавечы гэта.
Нешта трэба рабіць. Не ляжаць, не чакаць, не мірыцца — заўтра ж трэба бегчы ў Выселкі, у мястэчка, у акругу, у Полацк, дайсці да добрых людзей. Не магло ж таго быць, каб недзе там, наверсе, не было разумных людзей, якія зробяць як трэба, дамогуцца справядлівасці і адвядуць бяду.
A раніцай прыбегла Анютка і расказала пра бяду: забрал! яе братоў Анціпа з Андрэем, шукалі Зміцера Гужова, бо на бальшаку ўначы нехта пераняў Касмачова і таго з Полацка, што з Касмачовым прыязджаў на раскулачванне. Стралялі, Касмачова паранілі, але конь вынес аж у мястэчка. Паднялі міліцыю. Наехалі якраз, як аднекуль вярнуліся браты Анюткі. Бацька біўся аб зямлю ад роспачы: Сцепанідзе стала зразумела, каго чакалі тыя ў сасонніку, на якіх яна нарвалася.    Ім не траячка іх спатрэбілася — яны чакалі. А яна перашкодзіла. Але што цяпер будзе?

Глава 16

Праз дзень яе паклікалі на раскулачванне. Тое, што было далей, нібы праз сон даходзіла да яе… Каб болей не бачыць нічога, Сцепаніда пайшла, не ведаючы куды і па што… Яна ўжо мінала Выселкі, ужо відаць стаў сіратліва апусцелы Ладзімераў падворак, як недзе за Ганчарыкавай хатай, здалося, да неба ўзвіўся вар’яцкі жаночы крык і неўзабаве з-за рога хаты выбегла расхрыстаная Ульяна, Васілёва маці. Яна здзічэла крычала, біла роспачна кулакамі ў свае пляскатыя грудзі: «Людцы! Людцы!» Праз плач і лямант Ульяна паказвала на хату, дзе заходзіўся крыкам Яначка, трохгадовы Васілёў брацік. Сцепаніда, працятая жахам, аслупянела, калі ўбегла ў хату: ля акна за канцом пустога стала аблёгся грудзьмі на сталешніцу Вася Ганчарык. Светлавалосая галава яго ўткнулася лбом у стол, рука выпрасталася наўскось па стале. У паветры яшчэ чуваць быў трывожны пах стрэлу.

Глава 17

Васіль застрэліўся тады, Яначку забілі гэтай ноччу. Так звёўся нешматлікі гаротны род высялкоўскіх Ганчарыкаў.
Танклявае цела падлетка ляжала пад тынам ля лаўкі. Петрака апанаваў жах. Трэба было рыхтавацца да новай бяды… Але ноччу на матацыкле аднекуль прыехаў пасыльны, і па мітушэнні немцаў Пят-рок зразумеў: немцы выязджаюць. Ён ажно скалануўся ад радасці. Але не паспелі яшчэ выбрацца немцы, як на фурманцы прыехаў Гуж. Узнёслы настрой Петрака пачаў хутка змрачнець — прыезд Гужа не абяцаў дабра. Гуж памагаў немцам, а Пятрок сцішыўся, не выходзіў: «Вочы б мае не бачылі вас, злыдняў. Пастралялі курэй, забілі карову, застрэлілі хлопчыка — за што? Хіба гэта па-людску?..» Не паспеў Пятрок перахрысціцца, што з’ехалі немцы, як на падворак увапхнуўся рыжы конік з фурманкай, у якой тузаў лейцамі паліцай Каландзёнак. Але рабіць не было чаго. Гуж запатрабаваў Сцепаніду і пагрозна патрос вінтоўкай: «Вы мне дурняў не корчыце. Я знаю. Наскрозь бачу абаіх. Асабліва цябе, акцявістка. Ужо тая вінтовачка тваіх рук не мінула». Абвінаваціўшы, што звязаліся з бандытамі, на якіх немцы і рабілі аблаву, таму і нямко пад кулю трапіў, загадаў Петраку ісці з імі: «Пазагаралі, як на курорце, цяпер на работу! Мост дарабляць. Вунь местачкоўцы каторы дзень укалваюць, а вы тут запанелі пад бокам у немцаў».
Ён быў чалавек ціхі і мусіў рабіць усё, што ні скажуць, у іх была сіла, а што было ў яго? Спрацаваныя рукі, раматус у нагах ды немаладыя гады за плячыма, што ён мог выставіць насуперак ім? Хіба дзе схітрыць трошкі, але і то з немцамі — з гэтымі ж не надта і схітрыш, гэтых не ашукаеш.
Капалі без перадыху. Пятрок з Дубасеем не ведалі ні хвіліны адпачынку і ўжо думалі, што ўпадуць ад знямогі. Пятрок змакрэў, як шчанюк, ад поту і думаў: не мінуць запалення. Захварэеш, хто цябе вылеча? Прыедзе і застрэліць гэты паўвар’ят Каландзёнак, скажа: правініўся перад Германіяй. Ён не толькі адпачыць ні хвіліны не даў, але Дубасею не дазволіў адысці па сваёй патрэбе — страляў, пра-стрэліў шапку. «Гэты ж горш за Гужа. З тым хоць пасварыцца можна, неяк апраўдацца, а гэты адразу хапаецца за вінтоўку. Ну і змяя, ну і гадзюка! — падумаў Пятрок, знясілена точачы ў жвір рыдлёўку. — Чаму яго малога хвароба не ўзяла?.. Колькі харошых людзей пагінула, а гэты во раскашуе. Як усё несправядліва на Божым свеце…» Вяртаючыся вечарам на хутар, ён думаў, што калі так пойдзе і да-лей, дык на жыццё разлічваць залішне, прыйдзецца сканаць, і, можа, чым хутчэй, тым лепей. Але ж, халера на яго, страшна вельмі канаць, хацелася яшчэ пажыць. Хоць бы затым, каб пабачыць, як урэшце дадуць ім харошага штурхеля ў зад, як завыюць яны ад рускага бота.
Прыйшоўшы, хацеў заваліцца і заснуць тут, у цяпле свае хаты, але ён ужо ведаў, што трэба паклапаціцца аб іншым. Трэба падумаць пра заўтрашні дзень, калі хочаш яшчэ пажыць і дачакацца лепшага. Загадаў жонцы прынесці скрыпку. На яе запытанне, ці граць збіраецца на ёй, адказаў: «Адыграўся ўжо». Скрыпку Пятрок купіў, калі меў ужо пяцьдзесят год — не маладзён. Якраз тады і прынёс яе, калі Сцепаніда пабегла ў чунях на той камбед, на якім раскулачылі Гужова. Як расказала яму пра тое Сцепаніда, доўга не мог супакоіцца: «Што робіцца на свеце! Калі ўжо да такіх дайшла вочарадзь, дык што ж пасля будзе? Каго ж вы праз год-два будзеце раскулачваць?» і як у ваду глядзеў, даводзячы, што калі ў Гужова была наёмная сіла, то і ў Лявона таксама. Як малацілі, то Ладзіміравы мальцы памагалі, бо адной жа рукой Лявон цэпам не ўдарыць. Дык і яго раскулачваць? На Сцепанідзіны довады, што праз год-два ўсе ў калгас паўступаюць і раскулачваць не будзе каго, давёў сваё: «Можа і паўступаюць. Але як жа з класавай барбой? Класавая барба ж не адмяняецца».
Сцепаніда далей з ім пра гэта і размаўляць не захацела. Што ён знаў, гэты цёмны мужык, які не хадзіў нават на сходы, з начальствам ніколі не гутарыў. Мог толькі цьмяна меркаваць аб усім сваім небагатым мужыцкім розумам.
І яна перавяла размову на даступнае яго розуму: ці купіў газы, ці пытаўся пра боты. «Во замест ботаў», — падаў нейкі зграбненькі чорны футаральчык. «Скрыпка!» — сказаў Пятрок. «Здурнеў ты! Во, хадзіць няма ў чым. У Федзькі башмакі разваліліся, а ён — скрыпку!» На яе сполах, што, мабыць, усе дзесяць аддаў, вінавата напомніў, ашчадна, нібы дзіця, дастаючы з футаральчыка скрыпачку: «Ты ж хацела». Калі тое было? Раз на кірмашы ў мястэчку папрасіў у нейкага цыгана троху пайграць, яна стаяла поруч і пахваліла, дык ён загарэўся: куплю! і во знайшоў час і грошы. Чырвонец аддаў, яшчэ два пазычыў! Напавер даў адзін яўрэй са станцыі. Ці да скрыпкі цяпер, калі не сёння, дык заўтра давядзецца завесці ў калгас каня, ссыпаць насенне, аддаць збрую, сані, калёсы? Ці да музыкі цяпер?
Сцепаніда злавалася, ледзь не плакала. Пятрок адчужана адышоўся, сеў на лаву. Нядоўгая прыўзнятасць у настроі пакінула яго. A Сцепаніда ўсё пералічвала ўсе іх няшчасці і патрэбы, даводзячы, што ён ашалеў на старасці год.
Што засталося ад таго, як яны былі маладыя і з большай сілай, а галоўнае — з такімі неспатольнымі марамі і спадзяваннямі?

Глава 18

Пятрок панёс сваю скрыпачку выменьваць на змеявік, а да Сцепаніды заявіўся Гуж і патрабаваў неадкладнага з’яўлення Петрака, які, Гуж гэта добра ведае, гоніць самагонку. Годнасць, з якой трымалася Сцепаніда, развар’явала Гужа: «Ты ж знаеш, што цябе трэба вешаць як бальшавіцкую акцявістку. Ну, падда, ты ў мяне дажджэшся! Урэшце я цябе павешу. З вялікім маім задавальненнем. З наслажджэннем!!!» Асабліва абурыла Гужа, калі Сцепаніда сказала, што яна «цёмная жэншчына» і ні на што не разлічвае. «Гэта ты цёмная жэншчына? А хто калгасы арганізоўваў? Хто баб у хату-чытальню збіраў? А раскулачванне? Я не забудуся, з чыёй ласкі на чужой зямлі мыкаў». Заявіў, што ва ўслужэнне да немцаў і пайшоў, каб «расчытацца з некаторымі», што яму ад нямецкай улады ніякай зямлі не трэба, каб нават і давалі, бо ён зямлю «з дзецкіх лет зненавідзеў», што зараз стараецца дзеля ўлады сваёй над людзьмі. «Я ж для вас цяпер вышэй, чым райком. Чым саўнарком нават. Я ж магу любога, каго хочаш, стрэльнуць. А магу і наградзіць». На развітанне, палагоднеўшы, пахваліў Петрака, які разумнейшы за Сцепаніду, бо за самагон узяўся, выменяўшы змеявік на скрыпку, як яму яго агентура данесла. І папярэдзіў, каб не ўздумаў ад яго таіцца: «Галаву адкручу і скажу, што безгаловым радзіўся». Каландзёнак, ператросшы ўсё, Петрака не знайшоў, і яны з Гужам паехалі. Недасеку пакінулі пільнаваць Петрака: прыйдзе — гарэлку яму, Гужу, даставіць. Сцепаніда нават пакарміла Недасеку капустай. І той расказаў, як сагналі ўсіх яўрэяў і расстралялі ў кар’еры — камандаваў аблавай і расстрэлам Гуж. Ён хацеў і Каландзёнка «шлёпнуць» за тыя допісы ў газету, але «пагаварылі — і палюбіліся». У Каландзёнка была адна дарога — у паліцыю, бо «яго ж тут усе ненавідзелі яшчэ з той пары».
Недасеку ж у паліцыю падацца прымусіў Гуж, гразіўшы расправай за брата Новіка, праз якога ўсе Недасекавы пакуты. Каб не дзеці — бег бы куды ў лес. А то шасцёра дзяцей — далёка не сыдзеш. «Што б яны жэрлі цяпер, каб не я? Я ім мукі два мяхі прыцягнуў. Ботаў тры пары. Пальтэчкі. Я ж не тое што некаторыя: абы напіцца. Я пра іх дбаю. Лацвей табе, цётка, казаць, а мне…» Слухаючы яго блытанае апраўданне, Сцепаніда думала, які ж ён дурны, а можа, і подлы. Такіх не навучыш, нічога ім не зразумець, бо далей свайго карыта ім не дадзена бачыць. Такія ад прыроды сляпыя да маленькага пробліску чалавечнасці, дбаюць толькі пра сябе і апраўдваюцца часам дзецьмі.

Глава 19

Думаў і Пятрок, гонячы ў лесе самагонку. Думаў пра немцаў, якія пастаялі некалькі дзён, а спляжылі, лічы, усю гаспадарку, але горш во — забілі нямка, гэтага бяскрыўднага пастушка, ды і ён з жонкай ледзьве выбавіліся з таго наслання. Ды то немцы, ведама, фашысты, а як жыць з гэтым помслівым і фызлівым, як прывязаным на ланцуг сабака, Гужам, які ведае цябе здаўна і бачыць наскрозь? Гужа раскулачылі і выслалі, а цяпер за тое трэба аддувацца, і першаму — Пятру Багацьку, жонка якога некалі трапіла ў той камбед і была супраць раскулачвання, але на сходзе пасядзела ў прэзідыуме. Каб цяпер тыя пасядзелкі не вылезлі бокам. Недасека дачакаўся Петрака і забраў дзве бутэлькі, трэцюю — пяршак — Пятрок прыхаваў у лесе, а яшчэ адну — у дрывотні. Сцепаніда як у ваду глядзела, даводзячы Петраку, што дзвюма бутэлькамі ён не адкупіцца: нап’ецца ды зноў прыедзе, будзе чапляцца. Не скідаючы апорак, прылёг у запечку, і, здалося, толькі самкнуў векі, забрахаў Рудзька. «Па гарэлку прыехаў, — абвясціў Каландзёнак. — Гуж сказаў: яшчэ дзве бутэлькі. Інакш заўтра будзе рэпрэсія. Ну гэта — будзем цябе вешаць. Ці, можа, страляць? Не, вешаць, здаецца. Ага, успомніў — вешаць». На ўсе довады Петрака загадаў ехаць з ім. Давялося схадзіць на дрывотню і прынесці прыхаваную бутэльку. І з відавочнай выразнасцю зразумеў, што і гарэлка — не выйсце. Не, не ўратуе яго самагон — як бы не пагубіў хутчэй, чым што іншае.

Глава 20

На другі ж дзень, надвячоркам, заявіліся чацвёра. З лаянкай, мацюкамі, патрабавалі спачатку сала, а потым гарэлкі: «Эта ты брось зажымацца! Такой номер у нас не прайдзёт! Што, жыць надаела? А эта ты нюхал?» — «Гужу дык недзе ўзяў, а нам шкадуе», — лагодна сказаў паліцай з павязкай. І Пятрок аж жахнуўся з свае задумы: што ён нарабіў з тым самагонам? Цяпер будуць ездзіць і крынкаўскія, і вязнікоўскія, і яшчэ шмат якія завернуць на Яхімоўшчыну — ведама ж, пад рукой, пры дарозе. Хіба можна было напаіць гэтых сабак з усяе акругі? Носячы лучыну па хаце, у істопцы, у сенях, паліцаі шукалі гарэлкі. Яны былі ў такім стане хцівай драпежнасці, што любое Петракова слова магло стаць апошнім. Ім патрэбна была гарэлка. «Бандзітам прыберагаеш! — раўнуў насаты. — А нам фігу? За нашыя старанні для народа!»
Білі, ставілі да сценкі. Пятрок хацеў, каб усё гэта хутчэй скончылася: «Страляць дык страляй, чорт з табой, усё роўна, відаць, не суджана перажыць вайну, пабачыць дзяцей. Але хоць бы пачуць, як турнулі гэту напаўзь». І дзве слязіны ціха паўзлі па ягоных даўно ўжо не голеных шчоках. Вырашылі не траціць патроны: «Не спяшы! Я яго па часцям раздзелаю. Как Бог чарапаху. Ну, так гдзе водка? Долга малчаць будзеш?» А Пятрок амаль што аглух і аслупнеў у безнадзейнай абыякавасці да сядзібы, жонкі і найперш да самога сябе, бо якіх сіл абараніць сябе ўжо не знаходзіў.
Зноў шукалі: адзін свяціў лучынкамі, палячы іх пучкамі. Дым густа валіў у хату. Цені ад людзей крукастымі пачварамі хадзілі па сценах і столі; полымя лучыны высвечвала постаць ягонага ката з наганам. Грымнуў новы стрэл. Пятрок упаў, моцна ўдарыўшыся клубам аб канец услона. Яго, бы шчанюка, зноў паднялі, паставілі да сцяны, дзе ўжо чарнеліся тры дзіркі ад куль. «Ах ты, хутарская сволач! Кулацкая вша! Зажымаеш? Ну, палучай!..»
Пятрок, глытаючы салёныя слінкі, зноў адчуў вялікую абыякавасць да жыцця, да сябе. «Толькі б адразу. Не мучыцца каб…» Але не паспеў ён расслабіцца, як зноў грымнула, раз, другі, трэці, асляпіла, забіла глухатой вушы. Ачнуўся ад галасоў сваіх забойцаў: «Сам пусць даходзіт?» Але вырашылі, што ён ім яшчэ прыгадзіцца, спынілі таго, хто гатоў быў памагчы Петраку: «Ты понял, слізняк? Нам водка нужна. Водка, панімаеш? Не сягодня, так завтра. Штоб был харошы запас. Понял? Іначы прыдзём — распрашчаешся з жызнью». «Няўжо не заб’юць?» — амаль спалохана падумаў Пятрок. Усе іх чатыры пачварныя постаці адна за адной пхнуліся ў насцеж расчыненыя дзверы. «Бабу адліць?» — «Чорт яе не возьме. Сама ачухаецца…» То былі іх апошнія словы.

Глава 21

Пятрок узгрэбся неяк на ногі, трымаючыся за сцены, пабрыў у сенцы — недзе там была Сцепаніда, жывая ці, можа, ужо мёртвая. Сцепаніда нерухома ляжала на разгрэбенай, скрозь раскачанай па зямлі бульбяной кучы. На Петракова здзіўленне, яна неяк устала на ногі і, хістаючыся, бы п’яная, сама дабралася да запечча. На ўсе яго лямантацыі яна маўчала. А ён усё тупаў па хаце — то насіў ёй вады, то ўкрываў кажушком, то бедаваў, горка і шчыра. Так далей жыць нельга. То не жыццё. Гэта ноч пад расстрэлам нешта зрушыла ў Петраковай свядомасці. Ён не дасць ім на сабе ездзіць, як ім захочацца, яшчэ ён пастаіць за сябе.
Вяртаючыся з рова з недапітай бутэлькай першаку (нёс палячыць Сцепаніду), пачуў на сядзібе галасы. Хацеў уцякаць, але ззаду пачуўся пагрозлівы крык і зараз жа ляснуў стрэл. Ад іх не ўцячэш! Не размахваючыся, шпурнуў бутэльку — хай выцякае ў бульбоўнік, Пятрок пачаў першы: «Ну што, гадаўцы? Чаго вам трэба? Чаго вы чапляецеся? Гады вы, нямецкія запраданцы… Застрэліце? Страляйце!!! Вылюдкі вы!!!»
І гэтыя білі, патрабавалі гарэлкі, пагражалі рэпрэсіяй за «аскарбленне фюрэра», зноў білі ботамі. А потым прывялі на падворак да прывязаных ля тыну коней і загадалі сесці на фурманку. Пятрок адмовіўся: гняўлівая хваля крыўды і роспачы дала яму сілы, і ён рашыў не здавацца. Адсюль ён нікуды не пойдзе, калі забіваць, дык хай забіваюць тут. Знайшлі лейцы, ягоныя лейцы, якія ён некалі прыхаваў ад калектывізацыі. «Звяжуць? Павесяць? Хай! Абы не ісці нікуды. Хай смерць, але дома», — горка думаў Пятрок, зусім ужо гатовы да смерці.
Каландзёнак завязаў тугі вузел на ягоных руках, другі канец вольна раскінуў на дарозе. Усё зразумеў Пятрок, як паліцай з другім канцом у руках узлез на каня. Гуж секануў яго дубцом па галаве. Каб не ўпасці, Пятрок змушаны быў пабегчы на гэтай вяроўчыне за Каландзёнкам, які нагамі штурхаў у бакі каня, а Гуж з дубцом у руках паганяў яго ззаду: «Быстра! Быстра, стары бальшавіцкі корч!» Пятрок не паспяваў, спатыкаўся, кідаўся ў бакі. Слёзы яго няспынна студзіў пругкі вецер, што парывіста дзьмуў насустрач.
«Нячысцікі! Гадаўцы! — захлынаючыся ветрам, крычаў Пятрок. — Але пачакайце! Мой Федзька прыйдзе! Сын гной прыйдзе… Ён вам пакажа… Не думайце… Федзька прыйдзе!..»

Глава 22

Пятрок знік, прапаў з гэтага свету, як і для яго прапалі гэты хутар, роў, Снепаніда, іхнія дзеці Фенька і Федзя — прапаў цэлы свет. І засталіся, можа, успаміны, калі яшчэ было каму ўспомніць ягоныя жыццёвыя пакуты, дробныя і вялікія клопаты. І хацеў бы, каб трохі помнілі людзі, можа, што згадзілася б і для іх.
…За тры дні да Вадохрышча ўсчалася такая завея, якой тут не зналі ці не з сатварэння свету. Нават зруб у калодзежы замяло, што нельга было прапіхнуць вядро, каб зачэрпнуць вады. Пятрок убачыў, як ад гасцінца кіравалі на хутар здарожаныя. Папрасіліся абагрэцца.
Першы быў у блішчастай ад марозу скуранцы, ладна сігаў шырокім і дужым крокам, пад пахай трымаў чорны партфель. Ля варотцаў Пятрок добра разгледзеў другога — сярэдняга росту мужчыну ў чорным бобрыкавым паліто і высокай каракулевай шапцы. Трэці быў у даўгім чырвонаармейскім шынялі і шлеме, быў падпяразаны дзягай з наганам. Пятрок падумаў, што гэта начальства, і, мабыць. не малое: можа, з воласці, а то і вышай.
Другі дзень у запеччы ляжала хворая Феня. Падарожныя асвой-валіся ў халаднаватай хаце. Старэйшы зняў заснежаную шапку, пад якой аказалася лысая і чыста паголеная галава. Распытваўся пра калгас, дзяцей. Сцепаніда гаварыла ўсё як ёсць: і пра нястачы, і пра абутак нягеглы, гамашыкі, праз якія і прастудзілася Фенечка, і пра тое, што адзецца няма ў што, бо раней хоць лён быў, а цяпер увесь здаваць трэба, што дагэтуль не заплочана людзям за здадзеную па нарыхтоўках воўну. Петраку тое не спадабалася, аж паморшчыўся ад няёмкасці. Лысы ля стала сядзеў нерухома, нават заплюшчыўшы вочы ад ператомы. Але, аказалася, слухаў і чуў усё і, калі Сцепаніда сказала пра незаплочаныя за воўну грошы, расплюшчыў вочы і ціха гукнуў таму, што сядзеў ля грубкі: «Запішыце…» Закашляла Феня. На запытанне, ці прывозілі доктара, Сцепаніда адказала, што, можа, сама як ачуняе, бо па такой завеі па доктара не паедзеш. Найгорш, што карова запусцілася, малака няма, а болей не есць нічога.
Мёду параілі купіць. «Гэ, каб жа было за што», — стрымана паскардзілася Сцепаніда.
Пачалі збірацца. Лысы падняўся, пачаў зашпільваць на аплік каўнер, але затым расшпіліў яго і ўсе гузікі на грудзях, нешта падаў Сцепанідзе, тая, спачатку адмаўлялася, а потым падзякавала. «На малако і лякарствы», — ціха зазначыў старэйшы. Пятрок гатовы быў праваліцца ў зямлю ад сораму — навошта яна ўзяла? Як жабрачка якая — ад незнаёмых, ды яшчэ, пэўна, начальства, хоць бы і на лекі дзіцяці, але ж ці гэта прыгожа? A Сцепаніда дзякавала і дапытвалася, каму аддаць доўг. «Аддаваць не абавязкова», — цвёрда сказаў мужчына ў шапцы. І ўсё ж дапыталася, настаяла. Вайсковец ціха, крадком азіраючыся, калі пярэднія выйшлі, гукнуў у хату: «З Мінска. Таварыш Чарвякоў». Сцепаніда знерухомела, а Петрака нібы абдало жарам: ну і ўпарола жонка! То ж сам кіраўнік рэспублікі. А яна пра лён, пра грошы… І хоць было страшэнна няёмка, мусіў праводзіць гасцей.
Нягожа было выпраўляць людзей, не давёўшы хоць да варотцаў. На гасцінцы стаялі дзве легкавушкі, і ля іх чарнеліся некалькі постацей — мусіць, дарогу там усё ж адкапалі, можна было ехаць. Чарвякоў падзякаваў, пажадаў здароўя дачцэ, потым спытаў нешта ў свайго памочніка і той удакладніў: «Прозвішча як тваё?» — «Багацька», — сказаў Пятрок і сумеўся, упершыню пасаромеўшыся ўласнага прозвішча — так недарэчна прагучала яно на гэтым нехуцавым падворку. «То багатага жыцця, таварыш Багацька», — пажадаў напаследак старшыня ЦВК.

Глава 23

«Дзе ўжо багата!..» Ледзьве дажылі да крапівы і шчаўя. Найгорш было з хлебам. Але старшыня калгаса Багацька Лявон ухітрыўся дадаткова размеркаваць на працадні тры бурты леташняй бульбы, і Пятрок к Першамаю прывёз калёсы прарослых, абвялых, як порхаўкі, клубняў. Нічога, елі, мяшалі з ячменнай мукой на лапуны, хоць і ячмень таксама ашчаджалі.
Нарэшце ў самую сілу ўвабралася лета. Лявон сабраў мужчын на «пробу касы». Бяда толькі, што не было мянташак. Але Лявон паабяцаў: ранкам згойсае ў мястэчка і прывязе паўсотню брускоў на ўсіх, у сельсавеце ўжо заплочаны грошы, будзе без ашуканства. Конна гэта гадзіна часу, і справе канец. Пачалі касіць. Пятрок усё часцей паглядваў на дарогу — ці не пакажацца старшыня з торбай мянташак. Ужо над ельнікам паднялося сонца, ужо з касцоў сцякло добра поту і змакрэлі зрэбныя і кужэльныя спіны. А Лявон усё не ехаў. Пад сняданак з ельніку выбег меншы Лявонаў сын Мацейка, затуліў твар рукамі і затросся ў бязгучным плачы: «Бацьку… ноччу… забралі…»
Неяк супакоілі хлопца. Ясна, што тут недагляд, памылка, каму трэба, разбяруцца і праз дзень-другі выпусцяць.
Не выпусцілі. Пятрок на касьбу не пайшоў — у яго апусціліся рукі. Зноў жа надта трывожыўся за Сцепаніду: хоць бы не забралі і яе. А яна збегала ў мястэчка, у райком, міліцыю, дазнавалася, завошта — Лявона? Ды марна. Пасварылася са старшынёй выканкома Капустай, якога прасіла заступіцца, ды той сказаў — не. На падворку стомлена ўпала на прызбу і пасля роздуму аб’явіла: «Нада збіраць подпісы».
Той жа вечар у Феньчыным сшытку пісала нешта старонках на трох і, прыхапіўшы хімічны аловак, пабегла ў Выселю. Гаспадыня адцуралася ад гаспадаркі, дні тры Пятрок яе амаль не бачыў на хутары. Аббегала тры вёскі, збегала цераз лес у раён. Вярнулася не хутка, ужо кароў гналі з пашы і Пятрок толькі прывалокся з касьбы, сам без рук і без ног, галодны, ажно калаціліся ногі ў каленях, стомлены і злосны — на жыццё, жонку, работу. Кульгаючы, прыклыпала Сцепаніда (занозіла пяту, ведама, ад снегу да снегу босая бегае па палях, пожнях, лясах, а цяпер яшчэ і па вёсках), сказала, што вярнулі назад подпісы.
У той вечар яна нават не даіла карову. Пятрок абвязаў лісцем дзядоўніку распухлую, гарачую ступню. Сцепаніда стала нязвыкла раздражнёнай, усё ёй было няўлад, яна коратка-злосна гыркала на яго, дзяцей, але Пятрок разумеў і не крыўдзіўся: ведаў, бяда дабрэйшай не робіць. Ён усё сам зрабіў па гаспадарцы і толькі прылёг на лаве ў сенцах, як Сцепаніда паклікала з запечча, а калі прывалокся да яе, пачуў: «Пятрок, трэба з’ездзіць у Мінск. Да таварыша Чарвякова. Заўтра і паедзеш. Два чырвонцы я пазычыла ў Карнілы. Убачыш, напомні, як зімой, на Вадохрышча, грэцца заходзілі. І чырвонец пазычыў. Во і аддасі».
Дужа не хацелася яму, чалавеку, каторы і ў Полацку быў усяго тры разы, выпраўляцца ў тую нязнаную дарогу, на край свету — у Мінск. Проста браў жах, як спрабаваў уявіць сабе, што з тым звязана. Аднак тое, што зведаў Пятрок, сягнула далёка за ўсе яго ўяўленні. Ссохлыя за вясну боты страшэнна мулялі, аж нельга было ісці. Знаў бы, дык паехаў бы лепш босы. Ды і Сцепаніда насела: абуй боты, нягожа цяпер у горадзе босым.

Глава 24

Але нават і на боты забыўся, як апынуўся на пляцы перад домам-палацам. Перш трэба было адгадаць, дзе тыя дзверы ці, можа, вароты, каб падысці да іх. Усё больш пабойваючыся і трацячы невялікую сваю рашучасць, наблізіўся да шкляных дзвярэй, за якімі нешта варушылася. То быў міліцыянер. Ногі кепска падпарадкоўваліся яму і ўпарта наравілі павярнуць убок, туды, дзе многа людзей і куды не дасягаў позірк міліцыянера. Увесь мокры ад поту, нібы на тым пракосе ў Бараннім Лозе, ён праклінаў сябе за нерашучасць, угаворваў сам сябе і супакойваў як мог. І тым не менш не мог суняць страхавітага хвалявання. Як на тую бяду, да яго падступілася і ўсё болей пачала турбаваць звычайная чалавечая патрэба; зноў жа ягоная патрэба вымагала пэўнага месца, якога ён нават не ведаў, дзе тут шукаць. Тым часам ранак перайшоў у дзень, і так прыпякло, што хоць плач. Пятрок, колькі было змогі, трываў. Дамы вялікія, і скрозь — вокны і дзверы, вокны і дзверы. Нага балела ўсё болей, ступню ён стаўляў цяпер бокам. Не на жарт ён пачаў хвалявацца, бо ішоў час, а таго, што шукаў, нідзе не было відаць. Паазіраўся і зноў пакутна пакульгікаў да нейкага хляўка, зарасніку бэзу, дзядоўніку. Падобна, там магло быць тое, што яму цяпер было трэба. У нейкай дзяўчынкі ў двары папрасіў напіцца, а сам ліхаманкава матляў позіркам. Здаецца, не памыліўся: сапраўды наводдаль была прыбіральня. У яго ўжо не ставала трывання, і ён падбегам шыбануў па сцежцы.
З узноўленай горкай рашучасцю ён патупаў па той жа спякотнай старане вуліцы ў процілеглым напрамку. Ужо цвёрда наважыўся: няхай будзе што будзе, а ён падыдзе і запытае. Ужо не арыштуюць яго за тое, можа, і не аблаюць нават. Зноў жа доўг, які трэба вярнуць. Пятрок не такі чалавек, каб скруціць грошы, такога за ім яшчэ не было. Такія ж былі і продкі. Дзед Петрака, бывала, не толькі паквапіцца на чужое, але нават ніколі не дазваляў сабе сказаць грубае слова не толькі на каго з сямейнікаў, але і на сяльчан, аблаяць якую жывёліну, як гэта павялося зараз, калі нават падлеткі і тыя ўсё з мацюгом да каня ці каровы. Крый бог, каб ён калі зрабіў каму шкоду ці ўзяў не сваё з двара або з поля. А цяпер?.. Добра, што ён не дажыў да такога страхоцця, не пабачыў, што робіцца ў свеце…
Па-ранейшаму дужа кульгаючы, дашчэнту спатнелы, з кужэльнай тарбінкай у руцэ Пятрок набліжаўся (каторы ўжо раз!) да тае запаветнай і страхотнай будыніны. З яўнай зацікаўленасцю міліцыянер узяў лісткі хадайніцтва, дужа спрытна прабег позіркам не надта прыгожае Сцепанідзіна пісанне і рашуча склаў яго ў чатыры столкі: «Позна ты прыйшоў, дзядзька». Адказу міліцыянера Пятрок не разумеў: кпіць ці жартуе? Сказаў і пра доўг таварышу Чарвякову. Прыгожы міліцыянераў твар стаў пакутна-напружаны. бы ў чалавека забалеў жывот, — мусіць, ён таксама хацеў і не мог зразумець чагосьці. «Ха, пазычаў! Цяпер на тым свеце расплоцішся, дзядзька. На гэтым не ўдасца. Памёр Чарвякоў».
Тлумны туман напоўз на яго свядомасць. Усё было яму дужа пастыла, і дужа захацелася дадому. Да сваёй сядзібы, пагорка і рова, сваіх лагчын і імшарын, свайго маленечкага кутка на гэтай вялізнай няласкавай зямлі…

Глава 25-26

Сцепаніда чула, як мардавалі Петрака на падворку, спрабавала ўстаць, але ў яе галаве ўсё закружылася. Не, гэтага ім дараваць нельга. Век такое не даруецца ім. Такога нельга дараваць нікому. Хай яна спрахне, гэтая вайна. Але і перажыць яе, і дачакацца дзяцей, мабыць, ужо не пад сілу. Не па магчымасці. Але што ж тады ёй па сіле? Што па яе магчымасці?
На шчасце ці на бяду, яна ведала, у чым яе хопіць да скону. За свае цяжкое жыццё яна пакрысе здабыла свой чалавечы гонар. А той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай не стане. Шмат што ў жыцці, асабліва гора і бяда, пераканалі яе ў тым, што з людзьмі трэба абыходзіцца па-добраму, калі хочаш, каб і да цябе адносіліся па-людску. Зло не можа спарадзіць нічога, апроч зла, на іншае яно не здольна. Але бяда ў тым, што людская дабрыня перад злом бяссільна, зло лічыцца толькі з сілай і баіцца адно толькі кары. Толькі непазбежнасць адплаты можа прыцішыць драпежны ягоны нораў, прымусіць задумацца. Інакш на зямлі запануе пекла…
Яна прывыкла меркаваць пра вялікае па малым, аб свеце — па сваёй вёсцы. Яна ведала, што добрыя людзі не чыняць подласць ні па сваёй волі, ні пад прымусам. Подласць — справа нягоднікаў. Ужо адно тое, што немцы прыйшлі на яе зямлю са зброяй, давала зразумець, што праўда не на іхнім баку. У каго праўда, таму не патрэбна зброя. Да апошняй сваёй хвіліны яна не скорыцца ім, бо яна чалавек, а яны звяры. Хай сабе і дужыя.
Сцепаніда спяшалася. Паводзіны Свянткоўскага, калі яна ўпрасіла яго ўзяць перадачу для Петрака, зразумела як знак таго, што не толькі над Петраком, але і над ёй таксама навісла бяда. Яна вырашыла знішчыць мост, але падпаліць яго той газай, што расстараўся Пятрок, было немагчыма. Каб хоць улетку, а цяпер усё скрозь мокрае, сырое, са свежай лясіны, не, такое не ўпаліш… Во каб сюды тую бомбу!
Недасека расказаў ёй, калі чакаў Петрака з самагонкай, што нехта ўкраў бомбу. Яна надта добра ведала местачковага Карнілу, каб адразу ўпэўніцца, што без яго тут не абышлося. І не памылілася. Бомбу яна выменяла на парсючка. Праўда, калі хавалі бомбу ў рове, Карніла задышліва паведаміў Сцепанідзе: «Яна, ведаеш, трохі таго… З бракам». Але супакоіў, што брак невялікі, што сама ж яна, мусіць жа, узрываць не будзе, а спецыяліст, каторы вайсковец, лёгка яе справіць. Яшчэ пацікавілася, ці нічога тое, што мокра. Карніла запэўніў: «А нічога. Зарад жа ў жалеззі».
Трэба заўтра ж збегаць у Выселкі, падумала яна, да Александрыны. Сын Александрыны Віктар вярнуўся кантужаны, а ён жа камандзір, павінен нешта ўмець.    Яна яго ўпросіць… Калі што, дык у хляўку яшчэ засталося пяць курыц, заплоціць.

Глава 27

Як толькі разднела, Сцепаніда пайшла да Александрыны, але па дарозе сустрэла Гужа з Каландзёнкам. Яны вялі арыштаванага Карнілу, твар якога выражаў адбітак такой тугі і такой устрывожанасці, што Сцепаніда міжволі спынілася. Цяпер ёй трэба было як найхутчэй дамоў, да родных сцен, быццам там быў нейкі ратунак. Трэба было некуды перахаваць бомбу. Але калі пачала перахову, яе апанаваў жах — у яе не хапала сілы! Спяшаючыся, надрываючыся так, што аж сэрца вырывалася з грудзей ад знямогі, яна ўсё ж здалела неадольнае. Абапіраючы на рыдлёўку, ледзьве прывалаклася дадому і адразу лягла, як была ў хустцы і ватоўцы, — распранацца ў яе ўжо не засталося сілы.
На падворку дужа забрахаў Рудзька. У яе нядобра скаланулася сэрца. Падскочыла да акна: да хутара хуткім крокам сігалі чацвёра мужыкоў з вінтоўкамі. «Ну, усё!» Не, так проста яна ім не здасца. Яшчэ яна з імі пабораецца. Хай б’юць! Заб’юць, тады што ж… Тады іх перамога. Але яшчэ не забілі, і па сваёй волі яна ім не паддасца.
Грукалі ў дзверы, патрабавалі адчыніць, потым выбілі вокны, білі ў дзверы, мабыць, сякерай. Хліпкае кола бяспекі ўсё звужвалася. Мусіць, яна патрэбна была ім жывая, каб сказала, дзе бомба. Сцепаніда ведала ўжо, што трэба зрабіць, толькі спалохалася ад думкі, што не паспее. Дрыготкімі рукамі выкаціла з-пад жорнаў цяжкую суляю з газай, з шырокага рыльца пляснула на дзверы, абліла сцены, аблілася і сама. Стоячы на каленях, чыркнула запалкай. Яна сваё ўсё зрабіла, якіх-небудзь надзей на паратунак у яе не засталося. Не ў лад са сваім станам падумала: чаму ж яе там, у яміне, не ўбачыў хто з бомбай?
Задарма прападзе яе клопат. А можа, і добра, што яе ніхто не пабачыў, ні добры, ні злы чалавек. Добрым людзям і не трэба, а гэтыя хай шалеюць. Хай думаюць — дзе? і не спяць ні ўдзень ні ўначы — баяцца да скону.
Пажар ніхто не тушыў, хутар гарэў грунтоўна і доўга — усю ноч. І паліцаі нікога не падпускалі блізка, самі трымаючыся воддаль, — баяліся выбуху бомбы.
А бомба на ўзроўку чакала свае пары.

Сказать спасибо
( 64 оценки, среднее 3.03 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений