Колас не любіў курортаў. Кожнае лета ён выязджаў у якую-небудзь вёску, бліжэй да лесу, да Свіслачы. Уладжваўся з сям’ёй у сялянскай хаце і праводзіў лета сярод лясоў, палёў і лугоў. Любіў ён чыстыя баравыя лясы, дзе прасторна воку, дзе над галавой ніколі не змаўкае вячысты гоман хвойных вяршынь, дзе ў дастатку паветра і сонца. Ён любіў наведвацца ў лес і ранняй вясной, калі толькі паявіліся ў лесе сухія праталіны, а па нізінах, па лагчынах гарэлі пад сонцам залатыя пухнацікі на вербах і лозах.
Каму даводзілася да вайны бываць з Коласам ранняй вясной у лесе, той мог назіраць такое відовішча: напаткаўшы на дарозе ўгрэтую сонцам лужыну, Канстанцін Міхайлавіч скідаў чаравікі і тупаў босы па лужыне, толькі пырскі разляталіся ва ўсе бакі. I рабіў ён гэта з такім захапленнем, з такой шчырасцю, што на якую хвіліну-другую здавалася, нібы вы бачыце перад сабой не сталага чалавека, а маленькае хлапчанё, якое бязмежна рада і сонцу, і вясне, і гэтым пырскам вады, якія гараць, пераліваюцца пад сонцам усімі колерамі вясёлкі.
(168 слоў)
Паводле М. Лынькова.