Лідзія Арабей — Добрая фея

Лідзія Арабей

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 Свяціла сонейка, зелянела трава, клёнікі толькі што павыкідалі свае клейкія лісточкі. I весела забаўляліся ў двары хлопчыкі. Яны бегалі навыперадкі, гулялі ў хованкі, гушкаліся на арэлях. З імі бегаў, залівіста гаўкаў руды віславухі сабачка, ён не баяўся, што яго пакрыўдзяць альбо прагоняць, бо ведаў – ён з гэтай самай кампаніі і дзеці яго любяць.
 А яшчэ адзін хлопчык сядзеў у крэсле каля пад’езда і сумна пазіраў на дзяцей. Ён зайздросціў не толькі гэтым хлопчыкам, але і рудому сабачку, які так спрытна скакаў на сваіх кароценькіх лапках. Гэтаму хлопчыку таксама хацелася пабегаць, пагуляць са сваімі равеснікамі, але ён не мог бегаць, ён не мог нават хадзіць, бо ў яго былі хворыя ногі.
 Маці раніцой выносіла на двор крэсла, потым выносіла на руках сына, і ён падоўгу сядзеў, пазіраючы на белыя воблакі, што плылі ў блакітным небе, глядзеў, як калыхаў вецер кляновыя лісточкі. А найбольш паглядаў на дзяцей, слухаў іх звонкія галасы.
 Ён быў бы вельмі ўдзячны, калі б хто-небудзь падышоў да яго, пагаварыў з ім. Не могучы бегаць, гуляць у двары, хлопчык шмат чытаў і ведаў многа казак, розных цікавых гісторый, ён мог бы расказаць іх дзецям. Але тыя не падыходзілі да яго, рабілі выгляд, быццам яго наогул няма ў двары, каля пад’езда. I вочы ў хлопчыка былі заўсёды сумныя, а твар не ведаў усмешкі.
 Аднойчы ў двары з’явілася дзяўчынка. У яе былі светлыя кучаравыя, як у анёла на паштоўцы, валасы, вялікія сінія вочы і тонкая шыйка. Хлопчыкі заўважылі яе, і яна ім спадабалася.
 – Ідзі да нас гуляць! – паклікаў адзін.
 – Мы прымаем і дзяўчынак, – сказаў другі.
 Але дзяўчынка не пайшла да іх. Яна спынілася каля хлопчыка, які моўчкі сядзеў у крэсле.
 – Як цябе зваць? – спытала яна.
 – Віця, – адказаў хлопчык.
 – А мяне Валя. Скажы, чаму ты не гуляеш з дзецьмі?
 – У мяне ногі хворыя, я не ўмею хадзіць.
 – А з кім ты сябруеш? – спытала дзяўчынка.
 – Я ні з кім не сябрую, – апусціў вочы хлопчык. – Са мною ніхто не хоча сябраваць.
 – Я буду з табою сябраваць.
 – Праўда? – узрадаваўся Віця і радасна ўсміхнуўся.
 Дзяўчынка таксама ўсміхнулася свайму новаму сябру і раптам сказала:
 – Я думаю, не такія ўжо хворыя твае ногі, і калі ты вельмі захочаш, то зможаш пачаць хадзіць.
 – Не, – уздыхнуў Віця. – Я спрабаваў… Не ўмею…
 – А я табе дапамагу, – сказала Валя. – Дай руку!
 Віця падаў руку дзяўчынцы, і здарыўся цуд. Хлопчык стаў на ногі! Ён стаяў не вельмі цвёрда, але стаяў!
 – Вось бачыш, – сказала Валя, – ты ўжо ўмееш стаяць. А цяпер ідзі са мною… Ідзі!.. Не бойся!..
 Хлопчык зрабіў адзін крок, другі.
 Дзеці, якія гулялі ў двары, сабраліся каля пад’езда і глядзелі на ўсё гэта, як на дзіва. Нават руды сабачка прыбег з імі і таксама, быццам нешта разумеючы, з цікавасцю глядзеў на Віцю.
 Адзін хлопчык кінуўся ў пад’езд, да Віцевай мамы.
 – Цёця, цёця, – закрычаў ён. – Ваш Віцька ходзіць!
 Віцева мама выбегла на двор і, не верачы сваім вачам, глядзела на сына, які, трымаючыся за Валіну руку, рабіў першыя нясмелыя крокі.
 – Ты чараўніца? – пыталіся ў Валі хлопчыкі. – Ты – добрая фея?
 – Не, – адказала Валя. – Я звычайная дзяўчынка.
 Хлопчыкі не ведалі, што добрае слова, шчырае слова сапраўды можа зрабіць цуд.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений