Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Косцік вельмі любіў пачынаць новы сшытак. I першыя старонкі пісаў заўсёды вельмі акуратна, старанна. Літары выходзілі роўныя і прыгожыя.
Але чым далей пісалася ў сшытку, тым бруднейшыя выходзілі старонкі, крывейшыя літары.
А як перавальвала за палавіну, тут ужо невядома што рабілася. Літары пачыналі нібыта скакаць – то вылазіць зверху за лінейку, то сягаць пад яе, рабіліся нібы гарбатыя.
Косціку і самому брыдка было глядзець на сапсаваны сшытак, і ён, не дапісаўшы яго да канца, кідаў і браў новы. Але з новым сшыткам выходзіла тое самае: зноў мазаніна, крывыя літары. I зноў прыходзілася браць новы.
Аднойчы тата спыніўся каля стала, за якім рабіў урокі Косцік. Узяў у рукі адкінуты сшытак.
– Бачу, сынок, не цэніш ты людской работы, – сказаў ён.
– Якая работа! – запярэчыў сын. – Колькі там той сшытак каштуе!
– Колькі каштуе, – паківаў з дакорам галавою тата. – А ці ведаеш ты, колькі трэба працы, каб такі сшытак зрабіць!
– Падумаеш, –сказаў Косцік. – Некалькі лісткоў сашчапіць!..
– А як тыя лісткі робяцца, ты ведаеш?
– З паперы.
– Так, з паперы, а папера з чаго? Косцік маўчаў.
– Папера з дрэва робіцца, – пачаў тлумачыць тата. – Значыць, каб сшытак зрабіць, трэба дрэва спілаваць… А каб дрэва спілаваць, бензапіла патрэбна… А пілу з металу робяць… А каб метал атрымаць, трэба спачатку руду знайсці… Потым вывезці яе з шахтаў на машынах, на цягніках… А машыны ды цягнікі таксама зрабіць трэба. Так што на твой сшытак сотні людзей працуюць, а можа, і тысячы. Геолагі руду шукаюць, сталявары метал выплаўляюць, рабочыя машыны робяць, машыністы ды шафёры водзяць цягнікі, самазвалы. А для той пілы, для самазвала яшчэ і бензін патрэбен, значыць, і нафту трэба з зямлі здабыць…
Косцік слухаў тату і дзівіўся. Ён ніколі не думаў, што звычайны сшытак робяць так шмат людзей.
– А тое дрэва? – гаварыў тата. – Яно расло, можа, сто гадоў, а яго спілаваць трэба, завезці на фабрыку, каб паперу на твой сшытак зрабіць. У клетачку ці ў лінейку. А ты дапішаш сшытак да палавіны і выкідаеш… I новы пачынаеш…
«Цікава, – думаў Косцік. – Калі на звычайны сшытак працуе тысячу чалавек, то як жа на ўсё астатняе?» I ён спытаў:
– А штаны мае таксама многа людзей рабіла?
– Таксама, сынок, – адказаў тата. – Спачатку трэба было лён пасеяць ды даглядаць лён, каб вырас. Потым на станках ніткі сукаць, фарбаваць іх. З тых нітак тканіну ткаць, потым на машынах з тканіны штаны шыць. А станкі ж ды машыны зноў з металу робяць, а метал – з руды… Усюды праца чалавечая, каб не яна, нічога не меў бы ты, а жыў – як першабытны чалавек, у пячоры.
Косцік агледзеў свой стол. На ім ляжалі кніжкі, сшыткі, каляровыя алоўкі, ручка, лінейка. Ён узяў у рукі лінейку. I раптам уявіў, колькі людзей рабіла гэтую няхітрую прыладу. Асцярожна паклаў лінейку на стол, падсунуў да сябе недапісаны сшытак. I даў цвёрдае слова – пакуль гэтага не дапіша, новага не пачне.