Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Петрусю, старэйшаму брату Шурыка, споўнілася сем гадоў, і ён пайшоў у школу. Гэтая змена ў жыцці брата мела для Шурыка не меншае значэнне, чым для самога Петруся. Аднак калі Петрусёва жыццё стала больш шчаслівым і радасным, то жыццё Шурыка зрабілася зусім сумным. I не дзіва. Петрусю накуплялі сшыткаў і кніжак, тата купіў яму вялікі карабок рознакаляровых алоўкаў а неўзабаве прынёс і партфель. Вялікі, жоўты, з бліскучым замком і маленькім ключыкам. Партфель так прыемна пахнуў, што Шурык, каб Пятрусь дазволіў яму, стаяў бы і нюхаў гэты партфель цэлую гадзіну.
Але дзе там! Пятрусь замкнуў кніжкі і сшыткі ў партфель, ключык паклаў у кішэню, а партфель павесіў высока на цвічок і сказаў Шурыку, што калі ён хоць пальцам дакранецца да яго скарбаў, то… I Пятрусь паказаў кулак.
Шурык разумеў, што азначае гэты жэст: з Петрусёвым кулаком яму даводзілася мець знаёмства не адзін раз. Але раней Шурык нядоўга помніў крыўды старэйшага брата, бо часцей за ўсё Пятрусь даваў яму кухталя ў час гульні. А ў гульні чаго не бывае! Акрамя таго, калі Пятрусь біўся, Шурык пачынаў плакаць, і на выручку прыходзіла мама. Яна сцёбала Петруся ручніком і сварылася на яго:
– Ты чаго крыўдзіш меншага брата? Ты яго вучыць ды абараняць павінен!..
Але так было яшчэ да таго, як Пятрусь пайшоў у школу. Цяпер старэйшы брат амаль і не крыўдзіў малодшага, бо больш не гуляў з ім. Зараз Пятрусь проста не звяртаў на Шурыка ўвагі. Прыбягаючы са школы, Пятрусь, калі мама была дома, яшчэ з парога, не распранаючыся, хваліўся адзнакаю, якую атрымаў, і, наспех паабедаўшы, бег на вуліцу, да хлопцаў, якія таксама ў гэтым годзе пайшлі ў першы клас. Гадзіны праз дзве ён прыбягаў дадому і, уважліва агледзеўшы, ці на месцы партфель, ці не дакранаўся да яго меншы брат, садзіўся рыхтаваць урокі.
I гэта быў самы пакутлівы для Шурыка час.
Пятрусь раскладваў на стале ўсё сваё багацце, браў буквар і пачынаў чытаць. А Шурык пакутаваў. Яму было так цікава, як гэта з кружочкаў і палачак, што называюцца літарамі, атрымліваюцца словы – «мама», «тата», «Маша», «Міша». Шурыку вельмі хацелася падысці да брата і спытацца, але ён ведаў, што Пятрусь не захоча з ім і гаварыць, адразу прагоніць ад сябе.
I ўсё ж хлопчык рабіў спробы. Ён паціхеньку падыходзіў да стала і, выцягваючы шыю, заглядаў у кніжку, якую трымаў Пятрусь. А той нібы толькі і чакаў гэтага.
– Ну, чаго табе тут? – строга гледзячы на Шурыка, гаварыў брат.
– Я… я… – заікаўся Шурык, – я хачу паглядзець, як ты чытаеш…
– Ідзі, ідзі, – грозна пакрыкваў Пятрусь. – Ты яшчэ малы. Табе толькі шэсць гадоў. Вось пойдзеш у школу, тады будзеш сам чытаць, а зараз – не замінай.
– Я не буду замінаць, – прасіў Шурык. – Я толькі буду стаяць і глядзець.
Але Пятрусь не мог дазволіць брату і гэтага.
– Мама! – крычаў ён. – Шурык не дае мне вучыць урокі!
I мама, мама, якая калісьці заўсёды заступалася за Шурыка, цяпер брала ручнік і праганяла яго ад стала.
Шурык садзіўся на лаўку ў другім канцы пакоя і з зайздрасцю і крыўдай паглядаў на брата…
Аднойчы, збіраючыся рыхтаваць урокі, Пятрусь палез у кішэню і жахнуўся – ключыка ад партфеля не было. Ён некалькі разоў ператрос усе свае кішэні – ключык як у ваду кануў. Тады Пятрусь пачаў пераварочваць хату: перагледзеў усе шуфлядкі, лазіў пад сталамі, пад ложкамі, вымятаў з-пад прыпечка, але ўсё дарэмна, – згуба не знаходзілася.
– Чаго ты поўзаеш пад нагамі? – узлавалася маці. – Што ты шукаеш?
– Ключыка няма… – ледзь не плачучы, прызнаўся Пятрусь.
Тады за пошукі ўзялася і мама.
– А навошта табе было замыкаць партфель, – гаварыла яна шукаючы. – Хіба ў хаце зладзеі ёсць, што ты ўсё хаваеш?
– Ага, – усхліпваў Пятрусь, – не замкні, дык Шурка ў партфель будзе лазіць…
А Шурык тым часам поўзаў па падлозе на каленях – дапамагаў шукаць ключык.
– I не лазіў бы я, – бурчаў ён. – Навошта мне лазіць, калі ты не даеш… Не даеш, дык і не палезу… – I раптам ён закрычаў: – Вось ён! Вось ключык! Ён тут ляжыць!
Пятрусь і мама кінуліся да Шурыка, які сядзеў пад сталом.
– Вунь, у падлозе, у шчыліне! – крычаў Шурык. – Толькі я дастаць не магу, бо мой палец не лезе.
Тады мама нагнулася і, выняўшы з валасоў шпільку, выкалупала ключык са шчыліны.
Тое, што Шурык знайшоў ключык, вырашыла яго лёс. Пятрусь быў так рады і ўдзячны брату за знаходку, што дазволіў яму сядзець за сталом насупраць сябе і глядзець, як ён, Пятрусь, рыхтуе ўрокі.
Радасць Шурыка была бязмежнай. Ён ціхенька, баючыся дыхнуць, сядзеў на табурэце насупраць брата і сачыў за Петрусёвым пальцам, якім той вадзіў па кнізе. А Пятрусь ставіў палец пад літару, якая нагадвала рагатку, і казаў: «У». Пасля пераводзіў палец пад літару, падобную на серп без ручкі, і казаў: «С». Наступная літара нічога не нагадвала Шурыку і называлася «а», а літара, якая ішла пасля «а», была падобна на вілы, у якіх адламалася ручка. Пятрусь называў яе «ш».
Прайшоўшыся пальцам некалькі разоў праз увесь радок гэтых рагатак, сярпоў ды вілаў, Пятрусь прачытаў:
– У Сашы мячык.
Шурык, седзячы з другога боку стала, пазіраў I запамінаў.
I так цяпер было кожны дзень. Пятрусь упэўніўся, што брат не перашкаджае яму, і не праганяў яго.
Неўзабаве Шурык ведаў ужо многа літар. Але паколькі кніжка заўсёды ляжала да яго дагары магамі, то і літары ён ведаў… дагары нагамі.
Між тым жаданне пачытаць самому не пакідала яго ні на хвіліну. Цярпліва дачакаўшыся, калі брат скончыць вучыць урокі, Шурык кожны вечар прасіў:
– Пятрусь! Дай мне кніжку паглядзець! Я не запэцкаю, у мяне рукі чыстыя, – і ён паказваў Петрусю свае ружовыя, сапраўды чыстыя далоні.
Пятрусь зняважліва глядзеў на брата і казаў:
– Няма чаго! Гэта табе не цацка, а кніжка. Падзярэш яшчэ!..
Неяк раз – вось радасць! – тата паехаў у раён і прывёз адтуль Шурыку кніжку. Праўда, не такую, як у Петруся, а намнога танчэйшую, але з вельмі цікавымі малюнкамі і з вялікімі літарамі. У першы ж дзень тата прачытаў Шурыку кніжку. Гэта была вельмі цікавая казка пра Калабка, які ўцёк ад дзеда і бабы.
Назаўтра Шурык цэлы дзень разглядаў малюнкі і шукаў знаёмыя літары. Аднак сярод палачак, рагулек і кружочкаў, якімі была напісана казка, было многа і незнаёмых Шурыку.
– Пятрусь, а як называецца гэтая літара? – Бег Шурык да брата.
– Ідзі ад мяне, – казаў звычайна брат. – Малы ты яшчэ літары ведаць.
Шурык адыходзіў, пакрыўджаны, а пасля зноў вучыў літары, седзячы з другога боку стала, калі старэйшы брат рыхтаваў урокі.
I вось неяк раз у нядзелю, калі тата і мама былі дома, Шурык вырашыў пахваліцца сваімі поспехамі.
– Тата, – сказаў ён бацьку, – а я ўжо чытаць умею! Хочаш, пачытаю тую кніжку, што ты мне купіў!
– Няўжо ўмееш? – здзівіўся тата. – Ну што ж, пачытай, – усміхнуўся ён.
Шурык узяў кніжку.
– Вось тут напісана «баба», а вось тут – «калабок», – пачаў ён вадзіць пальчыкам.
Паслухаць Шурыкава чытанне падышлі мама і Пятрусь. I раптам мама здзіўлена ўсклікнула:
– Сыночак, а чаму ж ты кніжку трымаеш дагары нагамі?
Пятрусь гучна зарагатаў:
– Ха-ха-ха! Чытака! Паглядзіце на яго! Кніжкі трымаць не ўмее, а чытаць бярэцца!
Засмяяліся і тата з мамаю. Шурык збянтэжана пазіраў на іх. Ён чакаў, што яго пахваляць, а тут смех.
– Хто цябе вучыў чытаць, сынок? – ужо сур’ёзна спытаў тата.
– Я сам вучыўся, – ледзь не плачучы ад крыўды, адказаў Шурык.
– А як ты вучыўся? – дапытваўся бацька.
– Глядзеў, як Пятрусь чытае, – усхліпнуў Шурык.
Тата раптам усё зразумеў.
– Скажы, Пятрусь, – павярнуўся ён да старэйшага сына, – а што, калі б да вас у школу прыйшоў хлопчык, які ўмеў бы чытаць толькі дагары нагамі?
– Ды мы б яго засмяялі, – адказаў Пятрусь.
– А табе было б прыемна, каб смяяліся з твайго брата?
Пятрусь маўчаў. Яму, канешне, было б непрыемна, калі б з яго брата пачаў нехта смяяцца. З брата мог смяяцца толькі ён сам.
– Вось бачыш, – гаварыў далей бацька. – А хто вінаваты, што Шурык так чытае? Ён, напэўна, не раз да цябе падыходзіў: «Пятрусь, пакажы, скажы, як гэта літара называецца», а ты праганяў брата, не хацеў яму растлумачыць.
Петрусю зрабілася вельмі сорамна. Ён успомніў, як замыкаў ад Шурыка партфель, не даваў яму нават глянуць у кніжку. Потым уявіў сабе, як яго брата выклікае настаўніца, Зінаіда Іванаўна, і гаворыць, каб ён прачытаў хатняе заданне. Шурык бярэ кнігу дагары нагамі, і ў класе чуецца гучны рогат…
Пятрусь глянуў на Шурыка, які стаяў з апушчанаю галавою, з казкаю ў руках, пасля на тату і хутка загаварыў:
– Я больш не буду… Я больш не буду яго крыўдзіць і праганяць. Я яго перавучу, пакажу яму ўсе літары, як іх трэба чытаць, каб не дагары нагамі, а так, як трэба.
Шурык, не разумеючы, у чым справа, чаму ўсхвалявалася мама і за што сварыцца на Петруся тата, але адчуваючы, што прычына ўсяго гэтага – ён, голасна заплакаў.
Пятрусь павярнуўся да брата, абняў яго і пачаў суцяшаць:
– Ну, ціха, не плач, я больш не буду цябе крыўдзіць, ніколі-ніколі, я пакажу табе ўсе літары…
Гэта былі першыя ласкавыя словы, сказаныя Петрусём да меншага брата, але, напэўна, не апошнія.