Лясная ласуня

Пераказы і дыктанты

  Аднойчы снежаньскім вечарам Валодзя з Мікітам вярталіся з няўдалага палявання. За дзень хлопцы добра набілі ногі, але зайцы перахітрылі маладых паляўнічых. Тыя так ніводнага разу і не стрэлілі! Па дарозе дамоў стомленыя сябры раптам натрапілі на свежыя сляды куніцы, наблытаныя каля старой асіны. У не надта высокім дрэве цямнела невялікая круглая дзірка. Няўжо звярок схаваўся ў асінавым дупле?
 Сябры ведалі, што лясная куніца звычайна гаспадарыць у старым лесе, дзе шмат вываратняў, дуплістых дрэў. Такіх мясцін у нашых лясах засталося мала, таму куніцы нярэдка селяцца побач з вёскамі. Здараліся выпадкі, калі лясная куніца ладзіла гняздо ў гумне на ўскраіне паселішча і там гадавала сваіх дзетак. Яны вельмі падобныя да кацянят, з’яўляюцца на свет сляпымі і бездапаможнымі. Але ў пачатку восені маладыя звяркі ўжо ні ў чым не саступаюць сваім бацькам. Каб упаляваць куніцу, паляўнічаму трэба мець добрага сабаку. Паспрабуй дагнаць спрытнага звярка, які скача па дрэвах, нібыта маланка!
 Спыніўшыся ля асіны, Мікіта падняў стрэльбу, гатовы ў любое імгненне націснуць на курок. А Валодзя падышоў да дрэва і злёгку стукнуў нагой у стары камель. Мінула хвіліна, другая, але куніца не выскачыла. Каб упэўніцца, што яна не затаілася ў дупле, Валодзя выразаў доўгі кій і тыркануў ім у дзірку. Дарма, ніхто не паказаўся, затое на кончыку кія штосьці наліпла. Хлопцы панюхалі – нічым не пахне. Тады Валодзя паспытаў на смак. Лізнуў – і засмяяўся: яны знайшлі гняздо дзікіх пчол з мёдам! Вось чаму круцілася тут куніца-ласуня!
 Назаўтра раніцай, захапіўшы сякеру, сябры зноў падаліся ў лясны гушчар. За ноч вакол асіны з’явіўся новы ланцужок слядоў. Значыць, куніца прысвоіла чужую кладоўку, бо там хапала чым пажывіцца. Адклаўшы ўбок стрэльбу, Мікіта ахвотна ўзяўся за сякеру, праз некаторы час яго падмяніў Валодзя. Нарэшце старая камлюкаватая асіна звалілася на пацямнелы снег. Але дастаць соты перашкаджала вузкая дзірка. Што рабіць? Значыць, трэба высекчы калоду з дуплянкай. Каб вызначыць яе памеры, Мікіта зняў цёплую ватоўку, закасаў у кашулі рукаў. Засунуў далонь, а другой рукой схапіў шапку і заткнуў дупло.
 – Там куніца! Мабыць, задрамала, з’еўшы ўвесь мёд, засмяяўся Мікіта.
 Няпроста ўпаляваць гэтага асцярожнага і вельмі спрытнага звярка, а злавіць жыўцом – вялікае шчасце для паляўнічага. Далей сябры дзейнічалі згодна з прыдуманым планам. Высеклі з асіны калоду і сталі падбірацца да палонніцы. Нарэшце з’явілася шчыліна, якая з кожным узмахам сякеры пашыралася. I вось настаў самы адказны момант. Мікіта замест шапкі прыклаў да дупла цэлафанавую торбу, а Валодзя галінкай пачаў асцярожна тыркаць у дупло. Зразумела, куніцы гэта зусім не спадабалася, і яна вокамгненна шуснула ў торбу. Хутка радасныя паляўнічыя адпусцілі вызваленага звярка на волю.
 Аднак хлопцы ніяк не маглі зразумець, чаму лясная драпежніца не ўцякла з дупла. Адгадка хутка знайшлася. Раскалоўшы калоду, яны ўбачылі шмат пчаліных сотаў, якія віселі ў верхняй частцы дупла. Куніца не хацела яго пакідаць, бо жылося ёй там занадта цёпла і сытна.
(452 словы)

Паводле У. Ягоўдзіка.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений