Я глядзеў у неба і бачыў: у ягонай вышыні адзінока кружыў коршак
Раптам недзе паблізу застукаў дзяцел. Я азірнуўся – ляснога доктара не відаць нідзе. Дзе ж ён? Зусім жа побач стукае! Ды вось жа: абівае трухлявую кару з пня, які аджыў свой век пад самым кустом арэшніку.
Дзяцел абстукаў, як доктар хворага, пень, агледзеў яго з усіх бакоў і скокнуў на арэшыну. Хутка ён вярнуўся назад, трымаючы нешта ў дзюбе. Дзяцел паклаў сваю ношку на пень і падзяўбаў яе, а праз хвіліну ён зноў узляцеў на арэшыну, пашастаў сярод лісця і вярнуўся на пень. Так паўтаралася некалькі разоў.
Калі дзяцел паляцеў, я падышоў да пня: цікава было глянуць, што ён там рабіў. Аказваецца, ён адрываў шышкі арэхаў, нёс іх на пень і тут дзёўб. Але не гэта самае дзіўнае. Дзяцел раздзёўбваў толькі пашкоджаныя арэхі, у якіх, відаць, спадзяваўся знайсці чарвякоў, а спелыя, жоўтыя лузаны валяліся вакол: яны ляснога доктара не цікавілі.
(153 словы)
Паводле З. Бяспалага.