Максім Гарэцкі — Дзве душы

Максім Гарэцкі

  Аповесць Максіма Гарэцкага «Дзве душы», напісаная па гарачых слядах вызначальных для Беларусі падзей 1918-1919 гг., адносіцца да філасофскіх твораў.
 Аповесць ёсць спроба разгадаць таямніцу чалавека ў новых сацыяльных умовах, у надзвычай складаным гістарычным часе. Паслярэвалюцыйнае разбурэнне сацыяльных, саслоўных перашкод, безумоўна, сведчыла аб пэўнай дэмакратызацыі грамадства, але працэс гэты, на жаль, не быў паступовым. Рэвалюцыя з’явілася тым выбухам, які, фактычна, узарваў старое грамадства, пазбавіўшы яго магчымасцяў паступовай трансфармацыі ў іншую якасць. Гістарычны злом пачаў фарміраваць новага чалавека без яго зваротнай сувязі з мінулым. Але пры ўсім трагізме гістарычных зломаў яны нясуць у сабе, як гэта не парадаксальна, і пазітыўны момант, бо выяўляюць сапраўдную сутнасць чалавека як істоты адказнай перад гісторыяй.
 Галоўны герой аповесці «Дзве душы» Ігнат Абдзіраловіч – армейскі афіцэр, у мінулым студэнт з дэмакратычнымі поглядамі. Ён жыве ў рэвалюцыйную эпоху, і неакрэсленасць яго пазіцый у многім можна патлумачыць неакрэсленасцю палітычнай сітуацыі ў краіне. Яго душэўны стан адлюстроўвае адпаведнае становішча беларускага народа на канкрэтным этапе яго развіцця. Адной з прычын душэўнай раздвоенасці Ігната з’яўляецца і блытаніна з паходжаннем. У 27-гадовым узросце герой твора даведаўся ад маці Маланні, што ён ад нараджэння – Васіль – селянін па паходжанні. Малання, узятая калісьці ў двор памешчыка Абдзіраловіча да нечакана асірацелага дзіцяці, падмяніла панскага сына сваім. Такім учынкам яна спадзявалася забяспечыць багатае і шчаслівае жыццё свайму роднаму сыну. Дзве душы (сялянская і панская) не маглі ўжыцца разам: «Душа дваілася. Адна палова несказанна плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі. І калі ён троху выстагнаўся, казала: «Уцячы… уцячы…».
 Супярэчлівымі з’яўляюцца не толькі думкі, душэўныя разважанні Абдзіраловіча, але і яго паводзіны, учынкі: прызнаецца Алі Макасеевай у каханні, але за яго ніяк не змагаецца; знаходзіцца ў гушчы рэвалюцыйных падзей, але ўдзелу ў іх не прымае; заяўляе перад ворагамі беларушчыны, што ён беларус, а перад змагарамі за Бацькаўшчыну сцвярджае, што яго радзіма – Расія. Душа Ігната дваіцца, калі неабходна акрэсліцца ў адносінах да чырвоных і белых, трэба вызначыцца па пытаннях класавай барацьбы. У канцы твора ён быццам адолеў хваробу дваістасці («мяккацеласці», «расхрыстанасці», «разлезласці»), перастаў быць пабочным назіральнікам і «ціхім думаннікам» і прызнаўся сабе: «Я з-за непаразумення трапіў у панскія сыны, я сын гэтай чорнай грамады і хацеў бы павесці яе ляпей за ўсіх да шчасця».
 У аповесці нямала іншых вобразаў, якія ў пэўнай ступені дапамагаюць раскрыць асноўную ідэю твора. Перш за ўсё звяртае на сябе ўвагу Іван Карпавіч Гаршчок – палітычны авантурыст, які, адчуўшы ў «бальшавізме нешта блізкае, роднае і любае», бязлітасна забівае і катуе нявінных людзей. Лозунгам яго жыцця з’яўляецца дэвіз «Сячы трэба да карэння». Антыподамі Гаршчка, змагарамі за беларускую ідэю, носьбітамі адраджэння ў аповесці выступаюць Мікола Канцавы, Іра Саковіч, Сухавей. У іх паводзінах многа рамантыкі і ўзнёсласці, і таму яны больш займаюцца самаўсведамленнем, агітацыяй за «беларускі спісак», чым канкрэтнымі дзеяннямі, адраджэнскімі справамі.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений