З першага дня мацярынства трывог і пакут болей, чым радасцей, у кожнай маці. У дзіцяці рэжацца першы зубок – маці пакутуе падвойным болем. Пакаўзнулася дзіцятка, разбіла носік – матчына сэрца ледзь не рвецца. Першая "двойка" – гора для маці. А яна ўсё чакае радасці.
А захварэе дзіця – здаецца, нічога страшней і ва ўсім свеце няма. Каб можна было, жыццё аддала б за дзіця. Не спіць начамі маці…
А як чакае маці кожнага ліста з пячаткай салдацкай пошты! З трывогай слухае радыё: недзе ж юнакі забіваюць адзін аднаго. Каб спытаў: за што? Яны ж зроду не сустракаліся, не чулі і не пачуюць імя свайго забойцы або забітага ім. На каго ж кідаюць бомбы? Па кім б’юць з гарматаў?
Вечна нечага з трывогай чакае маці, вечна думае пра сваё дзіця, жыве дзеля яго.
Як жа месцяцца ў адным сэрцы боль і радасць, любоў і трывога? Месцяцца. Яно ж матчына! Для кожнага ў ім знойдзецца прытулак і ласка.
(154 словы)
Паводле С. Грахоўскага.