Ніл Гілевіч — летапісец нашай сучаснасці. Талент яго шчодры, багаты, разнастайны. Ён і вядомы перакладчык, і вучоны-фалькларыст, і педагог, і крытык, і публіцыст, і грамадскі дзеяч. I ніхто з сучасных нам паэтаў з такой палкасцю і таленавітасцю не паказвае і не даказвае, што "цяжка шлях нам церабіць да Беларусі", як народны паэт Ніл Гілевіч. Яго творчая спадчына — гэта мастацкае ўвасабленне шляху беларусаў да… Беларусі. Славячы красу і веліч роднага краю ("Край мой беларускі, край", "Я хаджу, закаханы…" і інш.) і ўсё тое людскае, добрае, што, безумоўна, ёсць у родных дзецях гэтай зямлі, паэт даследуе вытокі, прычыны і таго, што не можа не трывожыць і не засмучаць: і наша "манкурцтва", і многія іншыя выявы бездухоўнасці… Даследуе і часам не знаходзіць тым выявам вытлумачэння:
Відаць, пракляцця знак ляжыць
На нас ад роду, і таму
Так цяжка шлях нам церабіць
Да Беларусі!
("Шлях да Беларусі")
Лірычны герой верша ўсведамляе ўсю небяспеку бездухоўнасці, што аддаляе нас ад святыні — роднай зямлі: "О, як далёка нам яшчэ да Беларусі!"
Парадаксальная думка! Мы ж тут, на гэтай зямлі жывём, навошта ж нам яшчэ ісці да яе? I як наогул ісці туды, дзе мы і так, здавалася б, ёсць? Пакуль што, можа, і ёсць. Але — ці будзем?.. У вершы відавочная біблейская рэмінісцэнцыя пра выхад іудзеяў з егіпецкага рабства.
Доўгім і пакутніцкім быў той шлях, але нават і пасля яго на абяцаную Богам зямлю ступілі толькі нашчадкі тых, хто да яе ішоў, — вольныя людзі.
У паэзіі Ніла Гілевіча — адказ на пытанне, ад чаго нам трэба выбавіцца, каб быць вартымі нашай "святой зямлі" і дайсці да Беларусі.
Асноўным зместам многіх зборнікаў паэта, і ў прыватнасці аднаго з апошніх — "На высокім алтары", з’яўляецца лёс беларускай мовы і культуры, духоўнасць народа, памяць яго і будучыня.
Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і захапленне, пяшчота і замілаванне, туга і папрок, гнеў і расчараванне — уся гама пачуццяў у лірычных, філасофскіх і публіцыстычных вершах Ніла Гілевіча.
Многія вершы, прысвечаныя роднай мове і клопату пра яе існаванне (а значыць, і пра існаванне нацыі!), напісаны ў форме звароту да сучасніка. Паэт-філосаф па-бацькоўску ўшчувае, пераконвае, папракае, імкнучыся паўплываць на нашы душы і розум:
Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы — сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?
Ад чаго так бяздумна, бязмоўна
Ты яго выракаешся сам?
I чаму табе так усё роўна,
Што аборай становіцца храм?
("Адкажы!")
Не слухаюць дзеці свайго бацьку… I ў вершы на тую ж тэму — "За драбніцу" —гучыць ужо іншая інтанацыя: саркастычная, гнеўная і абуральная:
Зноў нас хваляць! Ізноў — за халуйства!
I мы ўдзячна прымаем хвалу…
Вычарпаўшы да канца ўсе магчымасці пераканаць нас, прымусіць задумацца, ужо самой назвай верша "Вы не яе — вы сябе прыніжаеце" аўтар нагадвае вечныя ісціны: ніколі не будзе паважаны іншымі той, хто сам сябе не паважае. Недавер, падазронасць і нават гідлівасць у самавітых людзей выклікае той, хто свайго роднага выракаецца…
Праблемам нацыянальнага адраджэння прысвечана і адна з апошніх кніг паэта "Любоў прасветлая: Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове".
Спалучэнне лірычнага і эпічнага, пяшчотнага і гнеўнага, элегічнага і гумарыстычнага — яшчэ адна адметная асаблівасць творчасці Ніла Гілевіча.
Пакаленне Ніла Гілевіча прынята называць пакаленнем, дзяцінства якога апалена вайной. Яму было дзесяць, калі пачалася Вялікая
Айчынная. Трагедыю народа ён надзвычай хвалююча, таленавіта паказаў не толькі ў сваіх шматлікіх вершах, але і ў аўтабіяграфічнай аповесці "Пра час і пра сябе". Трагедыю народа паэт раскрыў праз трагедыю дзяцей, чым тлумачыцца сіла ўздзеяння гэтага твора на чытача. У паэме "Заручыны" сцвярджаецца, што не меншым выпрабаваннем для нашага народа было і пасляваеннае ліхалецце: голад, нястачы, а да ўсяго — скалечаныя вайной лёсы і душы людскія.
У паэме паказана трагедыя закаханых, нязбытныя мары і надзеі.
Значнай падзеяй у літаратуры, дасканалым у мастацкіх адносінах з’яўляецца твор "Родныя дзеці" (1985) — першы ў беларускай літаратуры раман у вершах. У гэтым філасофскім па сутнасці, арыгінальным па форме і кампазіцыі творы паэт здолеў панарамна і разам з тым глыбока псіхалагічна адлюстраваць сучаснае жыццё беларускага народа, выявіць сутнасць душы беларуса. Акрамя таго, у ім пастаўлены і прааналізаваны тыя праблемы, ад вырашэння якіх залежыць не проста многае, а ўсё ў нашым грамадстве — існаванне нас як нацыі і народа наогул: захаванне гістарычнай памяці, прыроды, духоўнай спадчыны — усяго таго, што і з’яўляецца "златам дзяржавы", як вызначыў духоўнасць яшчэ М. Гусоўскі.
Сюжэт рамана "цэментуе" апісанне лёсу адной сям’і, родных дзяцей адной маці, 70-гадовы юбілей якой і стаў нагодай, каб сабраць іх усіх за бяседным сямейным сталом. У кожнага — свая дарога, свой лёс, сваё шчасце.
Галоўным вобразам Сцяпана Якубавіча Вячоркі — таленавітага кампазітара, музыканта — паэт сцвярджае, што сіла творцы — у еднасці са сваім народам, родным краем, што лёс народа і лёс мастака непадзельныя. Свайго героя паэт выпрабоўвае самымі рознымі абставінамі: адносінамі да роднай сям’і, народа, каханай, выпрабоўвае памяццю, сумленнем, часам. Перад намі Асоба — моцная, духоўна багатая, гарманічная, здольная на самааналіз, пераацэнку каштоўнасцей у сваёй душы, да таго ж асоба дзейная, здольная змяніць сваё жыццё ў адпаведнасці з перакананнямі.
Кампазіцыя твора даволі арыгінальная. У ім чатырнаццаць раздзелаў, аб’яднаных у пары. Раздзелы "Белы май", "Ганьба", "Разлад", "На ўзвеях часу" з’яўляюцца ўспамінамі Сцяпана пра студэнцкія гады, каханне да Альжбеты Францаўны Кудзёлкі, майскія шчаслівыя вечары. Праз успаміны свайго героя паэт не толькі дасягае псіхалагізму, даследуе вытокі і матывы ўчынкаў герояў, але і дае многія ўрокі чытачу. Паэт папярэджвае маладых, што вялікае і моцнае каханне адначасова вельмі кволае, далікатнае пачуццё, што яго лёгка страціць, а за страту гэтую давядзецца плаціць усё жыццё.
Твор адметны тым, што ў ім павучальныя і выхаваўчыя ідэі раскрываюцца аўтарам без маралізатарства, праз розныя жыццёвыя калізіі.
Аўтарскія філасофскія адступленні пасля першых шасці пар раздзелаў прысвячаюцца важнейшым праблемам сучаснасці: адказнасці чалавека перад Радзімай, сям’ёй, бездухоўнасці, п’янства, выхавання моладзі, развалу сям’і, бяздумнага і бяздушнага стаўлення да Матухны-Зямлі, занядбання святынь і сапраўдных каштоўнасцей, якімі і з’яўляюцца сям’я, родная зямля:
Ніхто не мучыцца дакорам,
Ніхто не думае пра грэх.
Аўтарская канцэпцыя, філасофія твора выяўляецца не толькі праз сюжэт, лірычныя адступленні, але і праз рэплікі, дыялогі, маналогі герояў:
Ад дармаедства ўся распуста:
Нішто душу не губіць так,
Як незаробленая луста,
Якою сыціцца лайдак.
I з гэтым нельга не пагадзіцца. Своеасаблівым рупарам аўтарскай пазіцыі і філасофіі ў творы з’яўляецца вобраз дзядзькі Лёксы. Гэты чалавек надзелены мудрасцю, развагай, дабрынёй і чыстым сумленнем, да ўсяго яшчэ і пачуццём гумару, што робіць яго слова асабліва важкім, аўтарытэтным у народзе, а вобраз гэты — эстэтычна прываблівым для чытача.
Пісьменніцкі ідэал чалавека выяўлены і ўвасоблены ў родных дзе цях Сохвіі Пятроўны: і ў Сцяпане, і ў нястомным працаўніку, верным мужу і добрым бацьку сваім дзецям Тамашу, і ў іх сястры і швагру Вінцусю (узор сапраўднай сям’і!). Але найперш пісьменніцкі ідэал выяўлены ў вобразе маці і сфармуляваны ў тосце Сцяпана ў гонар маці:
Хвала таму, хто ў трудным часе
Без мітусні і без ныцця
Сваё праходзіць… Так, як мама…
Сваё ж пісьменніцкае перакананне, якім не павінен быць чалавек, паэт рэалізаваў у вобразах Юзіка Бэнся і Мікіты Рэпы. Характар Мікіты раскрываецца праз яго мову, та кую ж скалечаную, як яго лёс: "На ўсё жыццё Мікіта Рэпа застаўся з крыўдаю на лес". Апісаннем жыццёвай калізіі з дзяцінства Мікіты паэт зноў дае нам урок і папярэджвае пра тое, што здрада бацькоў, іх несумленныя ўчынкі моцна раняць дзяцей і калечаць іх лёсы. Крыўду на бацьку Мікіта перанёс на ўсіх людзей, зрабіўся крыўдлівым, нялюдскім, прыдзірлівым да ўсіх і ўсяго. I мова яго, засмечаная русізмамі і канцылярызмамі, — адзежа яго душы: беднай, прэтэнцыёзнай, пыхлівай. Пра прыгажосць вясновай раніцы Мікіта расказвае: "Бывае, выйдзеш вутрам з хаты — так благавухае сярэнь, аж нос зрываюць араматы!" У стварэнні гэтага вобраза найлепшым чынам выявіўся дар сатырыка, які рэалізаваны Нілам Гілевічам таксама і ў многіх сатырычных зборніках.
Галоўная ж ідэя паэмы і адначасова пісьменніцкі наказ нам усім быць сваёй сям’і, Радзіме і зямлі-карміцельцы роднымі дзецьмі, а не пасынкамі сфармуляваны ў афарыстычных радках: "Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе…"
Калі будзем роднымі дзецьмі, то наперакор усяму дойдзем да Беларусі:
Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..