Гэй, пясняр малады, не вучыся спяваць
Новай песні на сумны той лад.
Весялей трэба йграць, хоць бы й струны парваць,
Хоць і сам мо вяселлю не рад.
Ведай ты, што твой верш раніць сэрца людзей,
Абаўе ён іх цела, як вуж…
Дык іграй весялей, гані смутак з грудзей,
Пакуль шчэ малады ты і дуж.
Загартуй ты свой верш, як у горані сталь,
Стралой вострай ляціць хай у свет,
Абшукае хай даль, знойдзе ў сэрцы скрыжаль
I пакіне на камені след…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Шмат хто песні складаў пра гаротны наш край —
Апявалі няволю і глум…
Ты, пясняр, заіграй, галасней заспявай,
Хай загіне адвечны наш сум.
Няхай новы твой спеў гразь балот скалыхне,
Хай узбудзіць заснуўшы лес, гай…
Няхай вольна ўздыхне, хай вясёла зірне
Наш спрадвеку заплаканы край!
1921