Спяшаўся Мікітка
І быццам для кпінаў
Ён лішнюю Коску
У сшытку
Пакінуў.
Дзень Коска, як козка,
Па сшытку блукала:
Пакутніца Коска
Прыпынку шукала.
Куды ні прыстане,
Капрызныя Словы –
Без слоў
Кухталёў
Ёй падсыпаць гатовы.
Адны лямантуюць:
"Што стала са сказам?
Нашто нас разбіла?
Ты ж бачыш –
Мы разам!"
Другія аж плачуць,
Угледзеўшы зваду:
"Нашто нас змяшала?
Ні ладу,
Ні складу!"
А трэція хорам:
"Ганебна! Ганебна!
Хіба ты да месца,
Хіба тут патрэбна?.."
Ноч Коска, як козка,
Па сшытку блукала:
Знямоглая Коска
Прыстанку шукала.
Крыўдлівыя Словы
Шумелі, як хвалі,
Пагарды,
Спагады
Сваёй не хавалі:
"Па сшытку бадзяцца
З такой пагалоскай
Не сорам табе,
Памаўзлівая Коска?
Хто гэты нягоднік?
Хто згубнай рукою
Пакінуў цябе тут
Няшчаснай такою?.."
Тулялася Коска,
Як козка,
Па вёсках,
Надумала ўраз
Беспрытульная Коска:
"Зраблюся двукоссем,
Схаваюся ў сшытку,
Хай сорамна будзе
Не мне, а – Мікітку!"