Снежань, збочыўшы са сцежкі,
Пагуляць рашыў у снежкі.
Азірнуўся, а наўкол –
Ні сняжынкі,
Чорны дол.
Крыкнуў ён:
– Усім на ўцеху
Прынясі, Завея, снегу!
Усхадзілася Завея,
Паслухмяная яму,
Глянуў Снежань –
Даль бялее…
– Гэй, вітайце ўсе Зіму!
Сам жа ў лес
пайшоў на золку:
– Прынясу малечы ёлку.
Запрашу на карагод.
Заўтра свята –
Новы год!