Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Дзеці сядзелі за партамі і насцярожана пазіралі на настаўніка. Сёння яны першы раз прыйшлі ў першы клас і чакалі першага ў сваім жыцці ўрока. А настаўнік нечага марудзіў. Доўга гартаў класны журнал, штосьці ў яго запісваў. Урэшце падняў галаву, зірнуў на клас праз шкельцы акуляраў і сказаў:
– Дарагія мае хлопчыкі і дзяўчынкі! Сёння для вас пачынаецца дарога ў вялікае жыццё, у светлую краіну ведаў. Аднак не спяшайцеся разгортваць свае буквары – часу ў нас наперадзе шмат, буквар мы адолеем. Давайце проста пагаворым, пазнаёмімся бліжэй, бо нам усім крочыць разам доўга, праз цэлыя гады… Напачатку я раскажу вам пра тое, чаму стаў настаўнікам. Раскажу пра чалавека, якому абавязаны вельмі многім, і ў першую чаргу тым, што вось сёння я тут, у класе, разам з вамі…
Настаўнік памаўчаў, устаў, прайшоўся па класе, пасля загаварыў зноў:
– Гэта было даўно. У гады вайны. Калі яна пачалася, мне было столькі ж, колькі зараз вам, і я павінен быў ісці ў школу. Але школу спалілі фашысты, настаўніка яны расстралялі, і вучыцца мне тады не давялося.
Жыў я з маці ў вёсцы. Хата наша стаяла на канцы, пры лесе. I, пэўна, па гэтай прычыне да нас часта заходзілі партызаны. Ці на заданне ідуць, ці з задання вяртаюцца – абавязкова зойдуць: абагрэцца, з’есці гарачай бульбы.
Часцей за ўсё да нас заходзілі падрыўнікі. Яны хадзілі на чыгунку, падрывалі варожыя цягнікі, каб фашысты, іхнія танкі і гарматы не даехалі да фронту. I быў сярод падрыўнікоў вясёлы і добры дзядзька Васіль. Заўсёды, калі б ні зайшоў, прыносіў ён мне які-небудзь ласунак: то яблык, то драбок цукру, то сухі акрайчык хлеба. А аднаго разу прынёс мне кніжку. Падаў і сказаў: «Чытай, хлопча. Дужа цікавая казка пра тое, як дзед замест сваёй кабылы злавіў і асядлаў мядзведзя. Якуб Колас напісаў гэтую казку…» А я ўзяў кніжку і збянтэжыўся – чытаць жа я не ўмеў. Дзядзька Васіль спахмурнеў, а затым усміхнуўся: «Не бядуй! Навучу цябе чытаць. Я ж, брат, да вайны настаўнікам быў, а не падрыўніком». I ў той жа вечар паказаў мне некалькі літар. Праз нейкі тыдзень я ўжо ведаў усе літары, а праз месяц-другі амаль бегла чытаў. Тую кніжку, што прынёс мне дзядзька Васіль, я прачытаў не адзін раз і ведаў яе на памяць. Ён жа і пісаць мяне навучыў. Памятаю, як рады быў дзядзька Васіль, калі я ўпершыню сам напісаў словы, якія шмат разоў чытаў у партызанскіх лістоўках і газетах: «Смерць фашысцкім акупантам!» Ён падхапіў мяне на рукі, падкінуў пад столь і сказаў: «Малайчына, хлопча! Вось прагонім фашыстаў, пойдзеш ты ў школу, пасля інстытут скончыш і будзеш сам настаўнікам, як і я, і будзеш вучыць грамаце іншых…»
А потым дзядзька Васіль перастаў заходзіць да нас. Я прыставаў да партызанаў, пытаўся, чаму яго няма з імі, а яны чамусьці хавалі ад мяне вочы і адказвалі: «Ён цяпер не ў нашай групе. Няма зараз з намі твайго дзядзькі Васіля». I толькі пасля, праз некаторы час, сказалі мне праўду. Дзядзька Васіль загінуў. Фашысты, баючыся партызанаў, мініравалі падыходы да чыгункі. Вось дзядзька Васіль і падарваўся аднойчы на фашысцкай міне…
Настаўнік змоўк, зняў акуляры, старанна працёр іх насоўкай, уздыхнуў:
– Вось тады я і даў сабе слова: абавязкова выканаць наказ дзядзькі Васіля і стаць настаўнікам… Я рады, дзеці, што раблю тое, пра што марыў мой першы настаўнік. А марыў дзядзька Васіль пра тое, каб пасля вайны зноў прыйсці ў школу і вучыць дзяцей.
Нечакана настаўнік спытаў:
– Ну, а хто з вас ведае, чыё імя носіць наша школа? Адна дзяўчынка нясмела падняла руку:
– Я ведаю.
– Калі ласка, – сказаў настаўнік.
– Школа наша носіць імя Паўлаўца, – паднялася дзяўчынка.
Настаўнік падышоў да яе, паклаў на плячо руку:
– Правільна, імя Паўлаўца. Васіля Пятровіча Паўлаўца. Імя таго самага дзядзькі Васіля, пра якога я вам расказваў…