Хлопцы ляжалі на беразе ракі, на пясчанай касе. Грэлі спіны на стомленым ласкавым сонцы. Слухалі, як ззаду ціха плешчацца і журчыць вада, а наперадзе, на адхоне, шалясціць лазняк. Вецер сціхаў, і ўсё сціхала, лагаднела, утаймоўвалася: вада і лес, птушкі і чалавечыя страсці. Нават ластаўкі, што гняздзіліся ў абрыве, лёталі без заўсёднай сваёй трывогі. Хлопцы займаліся адным: ляніва падграбалі пад сябе цёплы, вымыты ракой да белізны пясок і сачылі, як у чыстым небе над лугам плавае коршак. Гэтак жа ляніва і спакойна, не палюе, а адпачывае. Калі коршак раптам куляй упаў уніз, у кусты, яны хутка апусцілі галовы на рукі і праз сухі пясок удыхалі вільготныя пахі ракі. Пасля іх увагу прыцягнула маленькая, у залатой манішцы і блакітным фартушку птушачка. Яна села за паўкроку ад Косцевай галавы і, віхляючы зялёным хвосцікам, праскакала міма ўсіх, як бы правярала, ці жывыя гэтыя нерухомыя людзі.
(144 словы)
Паводле І. Шамякіна.