Хмара насунулася з паўднёвага захаду. Спярша гэта была бяскрыўдная шэрая хмурынка на небасхіле. Звярнула яна на сябе ўвагу, калі пачала гусцець, расці і шырыцца. Не мінула і чвэрці гадзіны, як зачарнелася над прыгарадным лесам. Край хмары, нібы вялізнае воранава крыло з мутна-бялявымі плямамі, прыкрыў сонца і павіс над горадам. Пранёсся раптоўны парыў ветру, закруціў пыл па вуліцах, зашастаў веццем вулічных прысад і сціх гэтак жа раптоўна, як узняўся. Прыціхла і ўсё ў наваколлі, і тады бліснула маланка, скаланулася ад грому паветра, лінуў спорны дождж.
У расчыненыя дзверы плыла вільготная свежасць. На дварэ бушаваў дождж. Пакой заліваўся мігатлівым водбліскам маланкі, непадалёк грымела гулка, раскаціста. Але навальніцы ўлетку імклівыя і кароткія. Хутка хмара, аддаўшы зямлі належнае, пасвятлела, разарвалася на шматкі, якія паступова раставалі ў небе. Дождж парадзеў, неўзабаве з блакітнага прасвету выглянула сонца, і над Дзвіной, злучаючы яе берагі, паўстала казачна яркай дугой у сваіх сямі колерах вясёлка. Знізу яна прасвечвалася, і круча на тым баку з кустамі і маладым сасняком на схіле была быццам падфарбавана лёгкімі мазкамі мастака.
(170 слоў)
Паводле Т. Хадкевіча.