Вазьміце атлас і прыгледзьцеся да карты паўднёваамерыканскай краіны Чылі. Бачыце: ля Ціхага акіяна, там, дзе да яго падступаюць магутныя вяршыні Андаў, знаходзіцца горад Дамейка. А крыху паўночней – горны хрыбет, які носіць тое ж імя. Геолагі могуць назваць мінерал, батанікі – фіялку, заолагі – малюска, звязаных таксама з імем Дамейкі. Аднак мала хто ведае, што ўсё гэта: і горад у далёкай краіне, і горны ланцуг, і кветка, і мінерал, і жывёліна – названа так у гонар нашага земляка, выдатнага рэвалюцыянера, вучонага і падарожніка Ігната Дамейкі. Сын беларускай зямлі, ён увайшоў у сусветную навуку, пакінуў прыкметны след у фізіцы, хіміі і металургіі, геаграфіі і батаніцы, геалогіі і педагогіцы, этнаграфіі і заалогіі.
Ігнат Дамейка нарадзіўся ў маёнтку Нядзведка, недалёка ад Міра, вучыўся ў Віленскім універсітэце, дзе і ўступіў у тайную рэвалюцыйную арганізацыю.
У тысяча восемсот трыццаць восьмым годзе Дамейка даведаўся, што ў Чылі патрэбны выкладчыкі хіміі і мінералогіі. З дапамогай Міцкевіча быў аформлены кантракт на шэсць гадоў.
Пасля сканчэння тэрміну дагавора вучоны застаўся ў чылійскай сталіцы.
(162 слова)
Паводле А. Мальдзіса.