Якою доўгаю, як мара, заўсёды была ў беларусаў дарога да сваёй хаты!
Спачатку мы ўважліва прыглядаліся, выбіраючы месца для будаўніцтва хаты. Назіралі, разважалі, думалі пра тое, дзе, у якім месцы, паставіць сабе жытло.
Беларусы баяліся памыліцца месцам для селішча. Былі ўпэўнены, што нельга будавацца на дарозе, на скрыжаваннях, на падмурку старога дома. Шчаслівымі для будаўніцтва хаты ў беларусаў лічыліся мясціны, дзе любілі сяліцца жывыя істоты – павукі, пчолы, мураўі.
Беларусы ніколі не ставілі сваю хату на зямлю. На поўначы, на Віцебшчыне, дзе многа камення, пад вуглы хаты клалі валуны. На Палессі, дзе шмат лясоў, укопвалі дубовыя калоды ці смалістыя карчы. Беларусы заўсёды падымалі хату над зямлёй.
А каб у хаце было цяплей, каб не пранікаў пад сцены вецер, насыпалі прызбу.
Заканчэнне будаўніцтва новай хаты заўсёды было найвялікшым святам. Мы ведалі: у нашай хаце будзем жыць мы, нашы дзеці, унукі, а то і нашы праўнукі.
(145 слоў)
Паводле Я. Сіпакова.