Небяспечная дрыгва

Пераказы і дыктанты

  Запрог гаспадар кабылку, узяў дубец у рукі і падаўся праз лес да балота. Там, у балоцістай нізіне, расце цудоўны белы мох. Без такога моху не пабудуеш ні хаткі, ні хляўка. Едзе, аб’язджае лужыны, любуецца навакольнай прыгажосцю. Побач з кабылкай бяжыць яе малы сынок Казбек.
 Прыехаў чалавек да балота, кінуў кабылцы сена, каб яна не сумавала, а сам узяўся за вілы і пачаў ірваць мох. Прыемная гэта справа: мох доўгі, чысцюткі, смачна пахне. Праўда, цяжкаваты, калі возьмеш на вілы, бо ў той дажджлівы год усё заліло вадой.
 Да белага моху людзі ставяцца з павагай і ўдзячнасцю. I не толькі таму, што ён паслухмяна кладзецца між бярвенцамі, каб чалавеку ці жывёле цяплей і ўтульней было ў будыніне. У час вайны ён быў надзейным памочнікам партызанскіх дактароў. Лекаў і бінтоў катастрафічна не хапала, а раненых, якіх тэрмінова трэба аперыраваць, было шмат. Вось тады і выручаў людзей белы мох. Аказваецца, ён не толькі стэрыльны, але і спрыяе хутчэйшаму загойванню раны.
 Вось з такімі ўдзячнымі думкамі дзярэ гаспадар мох, падносіць да падводы. I раптам спакой душы парушыла думка: «А дзе ж Казбек?» Кінуў чалавек вачыма ў адзін, у другі бок – і вілы вываліліся з рук. Ад Казбека засталася толькі галава і пярэднія ногі, а астатняе паглынула дрыгва.
 Тут, у гэтай балоцістай нізіне, некалі капалі торф. Тыя глыбокія ямы запоўніліся вадой, а з часам яны зараслі мохам. Калі ісці праз балота, можна даволі лёгка трапіць у смяротную пастку. Праўда, над гэтымі ямамі мох мае крыху святлейшы колер, але Казбеку было не да колеру.
 Падбег гаспадар да яго, а жарабя прыкладае ўсе сілы, каб выбрацца. I чым больш яно рухаецца, тым хутчэй і глыбей апускаецца.
 Чалавек, наколькі гэта было магчыма, супакоіў жарабя:
 – Казбечык, мілы, не хвалюйся! Я зараз нешта прыдумаю!
 Казбек, відаць, выбіўся з сіл, а можа, зразумеў гаспадара, перастаў дрыгацца і толькі жаласліва глядзеў яму ў вочы. Блізка да жарабяці чалавек падступіцца не мог, паспрабаваў цягнуць за пярэднюю нагу, але нічога не атрымалася. Ад падводы пачулася трывожнае ржанне. Гэта маці Казбека не разумела, чаму бачна толькі галава яе дзіцяці.
 Раптам гаспадар здагадаўся, што да бліжэйшай вёскі ўсяго паўвярсты. Там жа людзі, яны дапамогуць! Набраў ён паветра поўныя грудзі і пачаў клікаць на дапамогу.
 Раптам пачуў, што яму адказваюць. Хутка крыкі пачалі набліжацца, а праз некалькі хвілін гаспадар убачыў мужчын з сякерамі і вяроўкамі. Прыбеглі і крыху расчараваліся:
 – Мы думалі, што чалавек трапіў у гэтае пекла!
 Накінулі вяроўку на ногі жарабяці, пацягнулі. Казбек зразумеў, што і ён павінен дапамагаць, пачаў старацца з апошніх сіл – і вось ён на волі! Стаіць ён, шчаслівы, фыркае ды абтрасае з бакоў ваду і слізкую балотную ціну.
 Мужчыны расказалі, што аднойчы з гэтага ж месца пачулі таксама крыкі аб дапамозе. Прыбеглі, а з ціны тырчыць галава чалавека. Тады нейкі паляўнічы ішоў праз балота і зваліўся ў яміну. Прыбеглі людзі своечасова і выратавалі небараку.
(463 словы)

Паводле С. Давідовіча.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений