Па-сапраўднаму невычэрпная палітра мая. Як загадкавы чараўнік, раскладвае ён колеры – рэзкія, свежыя, без паўтаноў. Нават у хмарны дзень не згасае майская шматколернасць. Зялёны і блакітны, жоўты і аранжавы, сіні і пунсовы – усе колеры ўвабраў у сябе гэты паэтычны месяц, радасная пара абнаўлення. Яшчэ, здаецца, нядаўна дрэвы і кусты стаялі аголеныя, а вось ужо і далікатныя зялёныя лісточкі шапацяць. Пасля кароткага цёплага дажджу з першай навальніцай і громам зазелянелі прыгажуні-бярозкі. I паветра ў бярэзніках свежае, духмянае. Апрануўшыся ў зялёны ўбор, цвітуць беластволыя дрэвы, а майскі ветрык, страсаючы суквецці-каташкі, клубіць пылком у прыгожа прыбраных, бы да свята, зялёных кронах.
Усім дрэвам падараваў май квяцісты ўбор: каму – яркі, а каму – сціплы. На кожнай галінцы маладзенькай елкі віднеюцца ярка-жоўтыя кветкі-ліхтарыкі. Сасна, яе сваячка, прыбралася далікатнымі аранжавымі шышачкамі. Чаромха зацвіла прыгожымі кветкамі, сабранымі ў гронкі. Здаецца, што гэта не кветкі, а лёгкі, як пух, белы туман, які спусціўся на берагі ручаёў, рэк, азёр. Чаромха – не проста прыгожае дрэва: ягады гэтай расліны выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
(165 слоў)
Паводле А. Курскога.