У той летні дзень, калі гэта адбылося, і пасля абеду спёка не спадала. Парыла на дождж. Мы, трое сямігадовых жэўжыкаў, стаялі каля плота і назіралі, як над вуліцай вывіваліся адна перад адною белагрудыя ластаўкі. Яны лавілі мошак, што перад дажджом апускаюцца да самай зямлі.
Каму з нас прыйшла прыкрая думка палохаць іх, ужо не памятаю. Мы набралі сухіх камячкоў гразі і пачалі шпурляць, як толькі ластаўкі абміналі нас. Птушкі не бралі пад увагу нашу забаўку.
I ўсё ж, як спрытна яны ні вывіваліся, адна з іх раптам чвікнула і ўпала.
Ці ж маглі мы думаць, чым скончыцца наша гульня?
Я падбег, падняў ластаўку, палажыў на далонь. Яна раскрыла вочка, зірнула з дакорам на нас і зноў заплюшчыла. I колькі ж папроку і болю было ў тым кароценькім позірку!
Хтосьці з хлапчукоў прымчаў вады ў конаўцы. Я набраў у рот і праз зубы пырснуў на галоўку. Думаў, што гэта паможа ёй, як памагло было мне, калі я страціў прытомнасць і сястра пырснула вадою ў твар. Нашы надзеі не спраўдзіліся.
(170 слоў)
Паводле А. Пальчэўскага.