Праз долы-нізоўі, дзе ўвечар туманы ўстаюць,
Праз водар мядункавы спелых лугоў у пракосах,
Праз рэкі і рэчкі, што петлі блакітныя ўюць,
Праз ранішні гоман стозыкі пасёлкаў і вёсак,
Праз пушчу, дзе сосны струменяць жывіцу-пяршак,
Праз ліўні густыя, што раптам заслоняць паўсвета, —
Спяшаецца ўдалеч стары беларускі бальшак.
Спяшаюцца людзі. Спяшаецца век-непаседа.
Мільгаюць бярозы — астаткі даўнейшых прысад
Гіганцкімі скрыпкамі воддаль — слупы з правадамі…
Імчуся і думаю: колькі стагоддзяў назад
Тут прашчуры босыя сцежку сабе пракладалі:
І колькі стагоддзяў тут гора хадзіла пасля,
Мужычую помсту хавала пад цёмныя шаты?..
І колькі разоў тут пляліся чужынцы здаля,
Губляючы гонар і славу, штандары і шапкі?..
Нібы ўпершыню, углядаюся зноў у прастор —
У мілыя, родныя вобразы любага краю.
Без гэтых бароў задуменных, без гэтых азёр,
Без гэтых палеткаў я шчасця на свеце не знаю.
Вядзі ж мяне ўдалеч — за ўсе гарызонты, бальшак!
Праз будні імчы і праз святы,
Праз дні і праз ночы —
Каб вецер Радзімы гудзеў несціхана ў вушах,
Каб дых захліпаўся, каб слёзы ўзбягалі на вочы!
1964