Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена, –
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані – з вузлякамі упартасці.
Сокам вотчынных гоняў ад роду мы ўспоены,
Сонцам родных нябёс мы з маленства аблашчаны,
Як асілкі-дубы над дняпроўскімі поймамі –
Паяднаныя часам нашчадкі і прашчуры.
Мы на золку далёкім ардзе не скарыліся,
Славай Грунвальда выйшлі ў вялікія ратнікі.
Нас будзіў да святла стук друкарань скарынінскіх.
Да братоў мы гарнуліся сэрцамі братнімі.
Каліноўскі дарэшты пазбавіў нас кволасці –
Веру-мужнасць сваю завяшчаў нам з-пад вісельні.
З гнеўнай лірай Купалы і з эпасам Коласа
Мы спазналі сябе і свой голас узвысілі.
Гэтай повязі кроўнай, якой мы прывязаны
Да бацькоўскай зямлі, не парвуць, не растурзаюць
Аніякія буры-вятры непрыязныя –
Нашы сэрцы ад іх толькі больш загартуюцца!
I як вечна вясне святкаваць тут агледзіны,
Мовай радасці з долам і небам гамонячы, –
Так і нам у вяках тут, з братамі-суседзямі,
Жыць і верыць у лёс незахмарана-сонечны.