Падарожнік па Сусвеце

Пераказы і дыктанты

  Мастака Язэпа Драздовіча можна назваць першым беларускім касманаўтам. Калі школьны настаўнік Цыялкоўскі толькі пачынаў рабіць праекты касмічных караблёў, летуценны мастак з засценка Пунькі на Віленшчыне ўжо пісаў дзівосныя касмічныя краявіды. Ён дэталёва апісваў знешнасць жыхароў Месяца, Венеры, Сатурна, расліны на далёкіх планетах, маляваў экзатычныя пейзажы.
 У падарожжы на іншыя планеты Язэп Драздовіч занатоўваў «убачанае» без асаблівага здзіўлення, нібы апісваў суседскі падворак. Пісаў пра тое, што на Месяцы шмат вадаспадаў, астравоў, на Марсе – роўная сцяна скал з вокнамі, адкуль даносяцца меладычныя гукі…
 Як важна для мастака быць упэўненым у сваім бачанні Сусвету! На жаль, сам Язэп Драздовіч не меў магчымасці нават паглядзець у тэлескоп: уваход у абсерваторыю Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя быў платным, а мастаку часам не было за што здаць паліто ў гардэроб.
 Зорнае неба над намі. Чым яно вабіць чалавека? Якую сілу мае над ім? Язэп Драздовіч у спасціжэнні космасу кіраваўся інтуіцыяй, узыходзіў на свае арбіты ў снах. Да рэчаіснасці мастака вяртаў клопат пра хлеб штодзённы. Вярталі замкі і гарадзішчы, якія ён замалёўваў для нашчадкаў. Вярталі насмешкі сяброў і знаёмых, якія захапленне мастака лічылі дзівацтвам.
 Калі не было за што купіць фарбаў і палатна, ён браў у рукі пяро і з натхненнем пісаў пра космас. У 1932 годзе Язэп Драздовіч закончыў навуковую працу пра паходжанне планет, паслаў яе ў Мінск, у Акадэмію навук. Але адказу так і не атрымаў. Пройдзе семдзесят шэсць гадоў, і ў цэнтры Еўропы пабудуюць вялікі калайдар з той самай мэтаю – каб даведацца, як утварылася Сонечная сістэма.
 Ад прыроды летуценнік, Язэп Драздовіч умеў прынесці людзям і практычную карысць. Ён аздобіў вокладку першай кнігі Канстанцыі Буйло «Курганная кветка». Для Віленскай беларускай гімназіі намаляваў першы ў гісторыі жывапісны партрэт Францыска Скарыны. Па просьбе землякоў распісаў сталовую ў мястэчку Лужкі. Людзі абедалі, а вока ім цешылі яркапёрыя птушкі, якія, нібы ў вырай, прыляцелі на нашу планету з Марса ці Венеры. Для прыдарожных каплічак Драздовіч рабіў драўляныя фігуры Божай Маці, святых і анёлаў. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, мастак ішоў ад вёскі да вёскі, ад мястэчка да мястэчка і рабіў сваю працу дзеля людзей.
 Язэп Драздовіч увасобіў у выяўленчым мастацтве Беларусь, яе культуру і гісторыю. Шэраг работ ён прысвяціў замкаваму дойлідству Беларусі і Літвы: «Мір», «Крэва», «Ліда», «Гальшаны»… Мастак стварыў партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, славутых гістарычных асоб, пісьменнікаў.
 Адвечны спакой пануе на касмічных палотнах Язэпа Драздовіча. I моры там не ведаюць штормаў, і сады зацішныя, і кактусы стаяць нерухома, як мармуровыя калоны. А на зямлі яго любімая стыхія – вецер. На графічным малюнку «Святар-мудрэц» прысутнасць ветру адчуваецца ва ўсім: у валасах старога, у яго адзенні, у тоўстай кнізе, якой не церпіцца хутчэй гартацца, у прыгнутых вершалінах дрэў.
 У няпоўных шэсцьдзясят шэсць гадоў Язэп Драздовіч захварэў. Памёр ён у 1954 годзе, спачувальна прамовіўшы да сваіх землякоў: «Вы пра мяне яшчэ згадаеце…»
 Праз тры гады пасля смерці мастака ўзляцеў на каляземную арбіту першы штучны спадарожнік. Праз сем гадоў свет вітаў першага касманаўта – Юрыя Гагарына са Смаленшчыны. Праз дзевятнаццаць гадоў у космасе пабываў Пётр Клімук з Брэстчыны. Праз дваццаць тры гады нашай блакітнай планетай любаваўся з касмічных вышыняў Уладзімір Кавалёнак, які нарадзіўся на Міншчыне. Усе яны па-свойму расказалі пра ўбачанае. А Клімук нават напісаў захапляльную кнігу «Зоры – побач», якой падлеткі зачытваюцца да гэтай пары.
 Але першыя апавяданні пра космас беларусы пачулі ўсё ж ад Язэпа Драздовіча. I не толькі пачулі, але і ўбачылі незямныя краявіды, што ўяўляліся мастаку ў дзівосных снах. I таму ён назаўсёды застанецца для нас першаадкрывальнікам таямнічай касмічнай прасторы.
(563 словы)

Паводле М. Скоблы.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений