Звярніце ўвагу! Поўны змест.
– Толькі ты ціха… Зразумеў? Не любяць яны чужых. Адразу непакояцца, пачынаюць мітусіцца.
– Добра, добра! Я ціха… – Пеця быў згодны на ўсё, абы трапіць да Косці Чыжыка. Яму ўжо нарасказвалі ў школе пра Косціка і яго птушак, якія разумеюць Косціка і могуць нават размаўляць.
Косцік адчыняе дзверы свайго пакоя, і Пеця заходзіць на пальчыках. Бачыць: злева, каля акна, вісіць некалькі клетак з птушкамі, справа ад акна, на тумбачцы, стаіць вялізны акварыум, падсвечаны лямпачкаю. Яшчэ адзін, невялічкі, з маленькімі агністымі рыбкамі, вісіць на сцяне, нібы гэта карціна. Косцік паказвае Пецю на крэсла каля тумбачкі з акварыумам, а сам падыходзіць да клетак з птушкамі.
– Ну што, мае маленькія, што, шчабятушкі? – ласкава загаварыў з птушкамі Косцік. – Сумавалі без мяне? Зараз пачышчу ў вас. Хто ў чым сёння хоча пакупацца – у пяску ці ў вадзе?
Косцік прыбіраў у клетках, мяняў корм і ваду, размаўляў з птушкамі. Яны таксама разгаварыліся.
– Зінка-сінічка, як цябе завуць?
– Сін Зін! – адказала сініца, учапіўшыся лапкамі за драцінкі клеткі і стараючыся разгледзець, што збіраецца сыпнуць у кармушку Косцік.
– Не, трохі не так. Кажы – сінічка Зінка! – вучыў Косцік.
– Сін Зін! – усё роўна скараціла назву сініца.
Пеця перастаў разглядаць рыбак, ажно рот разявіў ад здзіўлення.
– Ну, а як мяне зваць?
– Кінь-сцінь-цінь! – празвінела сініца.
– Правільна, Канстанцін. Толькі вымаўляеш яшчэ невыразна. Але ты пастараешся, праўда?
– Кінь-сцінь-цінь. Ці-жы-жы! – старанна вымавіла сініца.
– Не Ці-жы-жы, а Чы-жык. Чыжык – зразумела?
Косцік пачаў падмятаць клетку ў шпака.
– Тваё прозвішча Цьвіст, так?
– Цьвіст… Цьвіст! – адказаў шпак.
Пеця не вытрываў, засмяяўся. Але Косцік перасцярожліва падняў палец: «Ціха!»
– Тр-ройку пр-рынёс? – пацікавіўся шпак.
– Не, дурненькі, – пяць, – усміхнуўся Косцік.
– Піяць-піяць-піяць… – радасна залілася канарэйка.
– Міленькі, міленькі, міленеч-ч-чкі, – пахваліла другая.
– Канарэек у мяне пара, Цярэнцік і Мілка. Як пачнуць спяваць-залівацца! Ён усё яе расхвальвае, а яна яго…
І Пеця пачуў:
– Міленькая, міленькая, міленеч-ч-кая…
– Ціра-Ціра-Ціра-Церанцей… Церань-Церань-Цярэнцій… Цярэнцік-Церанчук, Церанчучок-Цераранчучочак…
– А ў гэтай клетцы – пеначка Леначка. Яна нядаўна ў мяне. Маладзенькая, яшчэ нічога не ўмее… Ну што, жаўтагрудка, што? – Косцік пазваніў пазногцем па драцінках клеткі.
Пеначка адляцела ад яго, сама пазваніла дзюбкай аб драцінкі: цень-дзінь, цень-дзень.
– Я табе цымбалікі зраблю, калі ты такая цымбалістка, – паабяцаў Косцік.
– А ў старым доме, дзе я жыў раней, у суседа былі папугаі-неразлучнікі. Ну й забаўныя!.. – не ведаў, чым пахваліцца, здзівіць Косціка Пеця.
– Былі і ў мяне. Аддаў у школу, у жывы куток. Не люблю іх. Вечна балбочуць абы-што, абгаворваюць мяне. У корме грэбаюцца, усё ім не падабаецца.
– Адкуль ты ведаеш, што абгаворвалі? – недаверліва паглядзеў на Косціка Пеця.
– Сам чуў. Сяджу ціха, рашаю задачы. А яны думалі, што я не чую і не разумею іх, давай трашчаць: «Во наліў… А неакуратны які!» – «Паглядзім, чаго насыпаў… Ну, хіба гэта корм? Адно зярнятка добрае, а тры-чатыры парожнія…» – «Чачавіца не дробленая…» – «Кожны дзень адно і тое ж, адно і тое ж…»
Ішоў Пеця ад Косціка дадому і думаў: «Хто ён, гэты Чыжык? Проста фантазёр ці самы сапраўдны чараўнік?»
І па-добраму зайздросціў свайму новаму сябру.