Ляўкі непарыўна звязаны з жыццёвым лёсам Купалы, чыё паэтычнае слова лягло ў аснову фарміравання беларускай нацыі. Час, праведзены ў Ляўках, быў асабліва плённы для паэта. Васямнаццаць вершаў гэтага лета аб’яднаны ў адзіны Ляўкоўскі цыкл, у якім апеты сучаснікі Купалы. Паэт закахаўся ў гэтыя мясціны, невыпадкова Ляўкі сталі месцам, дзе была пабудавана яго дача.
Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі» мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Ён размясціўся на тэрыторыі агульнай плошчай дзевятнаццаць гектараў. Да нашага часу захаваліся арыгінальныя будынкі жылога дома лясніцтва. Мемарыяльны ансамбль запаведніка складаецца з будынка дачы Янкі Купалы, доміка шафёра, гаража, адноўленых на месцы будынкаў дачнай сядзібы на беразе Дняпра.
У Ляўкі Янка Купала прыязджаў штогод у пачатку вясны і заставаўся да позняй восені, калі першы жураўліны вырай праносіўся над Дняпром. Апошні раз Янка Купала наведаў гэтыя мясціны ў самым пачатку вайны. Дача стала прытулкам для паэта пасля таго, як у выніку варожых бамбардзіровак сталіцы Беларусі згарэў яго дом у Мінску. Але і тут нельга было надоўга заставацца, бо ўжо бамбілі Оршу. Любімая дача паэта згарэла ў час вайны.
Дом пісьмекніка быў адноўлены да стагоддзя з дня нараджэння паэта. Падчас рэканструкцыі ўзнавілі першасны выгляд сядзібы. У ландшафт арганічна ўпісана драўляная лесвіца, якая збягае ад дачы да ракі.
Новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя Купалаўскага запаведніка ў Ляўках створана ў 2015 годзе. Скразной тэмай стала ўвасабленне вобраза «Госці», разгорнутага ў аднаймемным купалаўскім вершы, напісаным менавіта ў Ляўках. Госцем прыехаў у гэтыя мясціны сам Янка Купала падчас адной са шматлікіх творчых пісьменніцкіх камандзіровак. Пазней як гаспадар дачы ён сам прымаў гасцей – жыхароў навакольных вёсак, сяброў-пісьменнікаў. Госці па сённяшні дзень прыязджаюць у Ляўкі, каб самім прайсці сцежкамі паэта.
Экспазіцыя распавядае пра Беларусь трыццатых гадоў XX стагоддзя, калі Янка Купала ўпершыню наведваў Ляўкі. Тут нібы лунае дух паэта, усюды адчуваецца яго прысутнасць. Прыступкі вядуць на адкрытую веранду, з якой наведвальнікі накіроўваюцца ў невялікую гасцёўню. Злева – дзверы сталовага пакоя. Лёгка ўявіць, як за агульным сталом збіраліся госці паэта, ішла нетаропкая гутарка, гучалі вершы. Цёпла і сардэчна прымалі гасцей гаспадары гэтага ўтульнага дома.
Справа ад гасцёўні – кабінет Купалы, дзе час нібыта спыніўся. Тут узноўлена атмасфера творчай майстэрні беларускага класіка. На рабочым стале – рукапісы, керамічны пісьмовы прыбор, настольная лямпа, вечны каляндар. Побач – этажэрка з любімымі кнігамі.
Дача Янкі Купалы калісьці была адкрыта кожнаму, хто прыходзіў да паэта са шчырым сэрцам, а яго паэзія – адкрыта свету. Купалава слова на розных мовах становіцца заключным акордам экспазіцыі.
Мастацкая дамінанта ў мемарыяльным ансамблі запаведніка – скульптурная кампазіцыя «Восень паэта». Скульптура была створана да стагоддзя з дня нараджэння Янкі Купалы і ўрачыста адкрыта на Свяце купалаўскай паэзіі ў Ляўках. Стан засяроджанасці, заглыбленаеці паэта ў свет уласных думак удала схоплены таленавітым мастаком. Перад намі паўстае вобраз Янкі Купалы ў гады яго жыццёвай восені. Ляўкі былі для яго той мясцінай, што дарыла паэту душэўны спакой.
(449 слоў)
Паводле Г. Варонавай.