Пераказ Скрыпка Паводле А. Капусціна

Пераказы і дыктанты

Шчасліваму, кажуць, і ў сне шчасце сніцца. У той вечар я быў шчаслівы, як у цудоўным сне.
Удзень сустрэўся з Піліпам Аляксандравічам на вуліцы, напрасіўся ў госці. I загасціўся да поўначы. Мне даўно хацелася паслухаць, як іграе на скрыпцы гэты сівы, з вялікаю ношкаю гадоў за плячамі ўдумлівы чалавек. Усе, з кім выпадкова ці назнарок заходзіла гаворка пра яго ігру, горача захапляліся ёю. Не ведаю, ці хопіць у мяне слоў, каб расказаць аб сваіх уражаннях ад музыкі Піліпа Аляксандравіча. Так, іменна ад музыкі, бо акрамя мелодый беларускіх, рускіх, украінскіх песень, якія іграў прачула і задушэўна, ён цудоўна, надзвычай тонка імправізаваў разнастайныя гукі прыроды ў адзіным чароўным матыве, нібы ткаў дзівосны ўзор жыцця.
Піліп Аляксандравіч жыў адзін. Жонка яго летась пакінула гэты свет. Сын загінуў у Афганістане, а ўнук, які служыў пагранічнікам недзе ў бліжнім замежжы, таксама трапіў пад бязлітасную кулю. Хата была вялікая, але не выглядала пустэльнай, халоднай і бязрадаснай. Калісь, відаць, была яна багатая на шчасце людское, радасць, і цяпер гаспадар, наколькі мог, падтрымліваў тут парадак, які быў заведзены гаспадыняй. З фотакарткі ў чырвонай рамцы, што кантрастна выдзялялася на белай сцяне, на мяне цёпла, прыязна пазіралі маладая жанчына з вянком русай касы на галаве і кучаравы мужчына з акуратнымі кароткімі вусікамі.
Пакуль мы з Піліпам Аляксандравічам размаўлялі, худыя касцістыя рукі яго з доўгімі пальцамі, якія ляжалі на стале, спрацаваныя рукі хлебароба, злёгку ўздрыгвалі. Але як толькі яны ўзялі скрыпку, адразу нібы наліліся ад яе сілай – пальцы хадзілі лёгка і ўпэўнена.
Скрыпка заспявала. Спачатку мякка, лагодна, нібы нейкая нябачная казачная птушка спрабавала свой аксамітны голас, потым гучней, гучней. Я не заўважыў, як у яе гучанні пачуў вясёлае, пералівістае бульканне хваль на перакатах і апынуўся на беразе прывольнай крыштальнай рачулкі, што жмурылася пад сонцам на ўсыпаным краскамі лузе. Потым я, забыўшыся, дзе знаходжуся, агніста-ружовай ранішняй зарою слухаў залівістыя трэлі салаўя ў прысадах за вясковай аколіцай. Як жа ён заходзіўся, цёхкаў, выводзіў такія каленцы, ад якіх сэрца то замірала, то, нібы молат, стукала ў грудзі! А далей?.. А далей гулі-звінелі пчолы над агромністай меданоснай ліпай, перагукваліся спеўныя жаночыя галасы ў полі, свістаў буйны парывісты вецер за акном…
Душы маёй цесна было ў грудзях. Мне хацелася тыя незямныя гукі, як нешта жывое і цёплае, туліць да грудзей, піць іх, як мёд, дыхаць імі, як паветрам… I ўсё гэта падарыў мне стары, нямоглы чараўнік!
Скрыпка змоўкла, а я ўсё чуў яе, слухаў і не мог паварушыцца. Паварушуся – спужаю нешта велічна-трапяткое і непаўторнае.
Калі я нарэшце ўстаў, каб развітацца, Піліп Аляксандравіч адразу неяк абвяў, пазіраў на мяне шэрымі выцвілымі вачамі маркотна і жаласна. Мы сустрэліся поглядамі. У сэрцы маім гукнулася горкае шкадаванне да гэтага асірацелага чалавека. А тым часам скрозь яго прабілася вострае, здзіўляючае захапленне: якое багацце шчырых і светлых пачуццяў тоіцца ў гэтай простай сціплай душы! Якая ж яна ўзнёслая і высокая!
(457 слоў)

Паводле А. Капусціна.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений