Надумалася Сяргею схадзіць у грыбы. Пераскокваючы канавы, ён пакрочыў на Барсучыную гару. Сасоннік на ёй залаціўся. Відаць, узышло сонца, хоць тут, у лагчыне, яго і не было відаць. Сяргей пайшоў полем, абіваючы халодную расу. За ім цягнуўся цёмны след. Сыра пахла кменам і валяр’янам. Як пачаў узыходзіць на Барсучыную гару, зямля дыхнула цяплом, пахам леташніх лістоў і чабору.
Сяргей прадзіраўся праз калючыя кусты ядлоўцу, пазіраючы па баках, ці не затаіўся дзе баравік. Да твару прыліпала мокрае павуцінне, за каўнер сыпалася ігліца. Першую чародку лісічак убачыў на палянцы. Дастаў нож, прысеў і пачаў зразаць жоўценькія капялюшыкі. Пакуль збіраў, праз галінкі заўважыў яшчэ некалькі грыбоў. Браў толькі маладзенькія. Потым, колькі ні шукаў, нават мухаморы не трапляліся. Ён абышоў увесь схіл – хоць бы грыб! Сяргей рашыў не траціць дарма часу і накіраваўся ў бярэзнік, які высока і роўна падняўся за гарой. Пачаў спускацца па схіле гары і раптам угледзеў баравік. Грыб хаваўся ў купіне моху. «Эх, прыгажун які! Калі ласка, у кошык», – ледзь не ўслых падумаў Сяргей. Ён усхвалявана і ўважліва азірнуўся навакол. Непадалёк, пад сасонкай, віднеліся з моху яшчэ два, крыху меншыя, крамяныя, з цёмна-карычневымі галоўкамі, халаднаватыя і вільготныя ад ранішняй расы.
Некаторыя грыбнікі любяць абысці ўвесь лес, а ў кошыку – тры грыбы. Бяруць тое, што пад ногі трапіла. Сяргей любіў хадзіць няспешна, заглядваючы пад кожнае дрэўца, пад кожны кусцік. Без грыбоў амаль ніколі не вяртаўся. Можа, яшчэ і таму, што добра ведаў, памятаў мясціны, дзе збіраў раней і якія паказаў яму бацька яшчэ ў дзяцінстве. Ён браў Сяргея часта ў лес і неўпрыкмет вучыў збіраць грыбы. Бывала, падыдзе да дрэва, панюхае паветра і кажа:
– Баравікамі пахне. Шукай, сын, тут павінны быць баравікі.
Пры гэтым хітра ўсміхаўся. Сяргей лезе пад дрэва, поўзае на каленях, вышукваючы грыб:
– Ёсць, ёсць баравік! Тата, паглядзі які.
Хораша Сяргею ад успамінаў, хораша, спакойна і вольна на душы ад летняй пагоднай раніцы, ад лясной цішыні і свежасці, ад паху грыбнога, які ідзе ці ад лясных сцежак, ці ад сабраных грыбоў. Сяргей кружыць па схілах, па лагчынах, паглыбляючыся ў лес. У нізінах яшчэ вее халадком, на ўзгорках добра прыгравае сонца. Кожны раз замірае сэрца, калі пад ядлоўцам або пад лапкамі маладых елачак мільгане раптам карычневы капялюшык баравіка. Бывае, што памылішся: канец лета, пажоўклыя лісты ўсцілаюць зямлю.
Сяргей раптам адчуў, што стаміўся, захацелася піць. Кошык пацяжэў, амаль даверху напоўнены грыбамі. Успомніў, што дзесьці тут была крынічка, і пачаў шукаць тры бярозы. Пайшоў па ледзь прыкметнай сцежцы і ўзрадаваўся, прыкмеціўшы знаёмыя бярозкі, якія раслі нібы з аднаго кораня. Абкладзеная каменьчыкамі ямка пад бярозамі была напоўнена празрыстай вадой. Вада пералівалася праз край і збягала ў ручаіну. Нехта, відаць, даглядаў крынічку, не даваў зарасці травой.
Сяргей асцярожна паставіў кошык з грыбамі, прылёг, абапіраючыся на рукі, і прагна прыпаў да вады. Лежачы, піць было цяжка, але ён наталіў смагу. Задаволены, прысеў пад бярозкамі. Доўга сядзеў і назіраў за мурашкамі-працаўніцамі, якія праклалі сваю дарожку і снавалі па ёй, цягнучы то травінку, то лісток. Адпачыўшы, Сяргей зноў блукаў па лесе. Потым выбіўся на лясную дарогу, якую абступілі высокія бярозы, і пайшоў дадому.
(498 слоў)
Паводле А. Варановіча.