Яшчэ не развіднела як след, калі Сяргей выйшаў на ганак. Надумалася яму схадзіць у грыбы. Праўда, не столькі тыя грыбы былі патрэбны, колькі захацелася пахадзіць па лесе, па знаёмых сцежках, мясцінах, проста пабыць сам-насам.
Збіраўся, стараючыся не стукнуць, каб не разбудзіць маці. Узяў кошык, абуў старыя кеды і праз агароды, праз садок падаўся ў поле. Неба на ўсходзе ружавела, прасвятлялася. Цішыня панавала наўкол. Нерухома стаялі высокія ліпы, у лагчынах вісеў лёгкі туман, востра пахла скошаным аерам. Сярод цішыні пачуў, як у садзе ўпаў у траву пераспелы яблык. Росны бульбоўнік, які нахіліўся да сцежкі, вымачыў Сяргея да каленяў. Ад халаднаватай расы, ад ранішняга тумановага халадку дрыжыкі прабеглі па целе, і Сяргей радасна і бесклапотна ўсміхнуўся. Падышоўшы да яблыні, нарваў буйных крамяных яблыкаў, пераскочыў масток і сцежкай падняўся на ўзгорак.
Сцежка то апускалася ў лагчыну, перасякала луг, то зноў узбягала на высокі пагорак. Тады зноў відаць былі, калі азірнуцца, вёска і возера за ёй. Неба на ўсходзе святлела, залацілася, іграла. Быццам хтосьці нябачны выпускаў з рукава промні, а яны рассыпаліся па небе, нібы вялізны казачны птах разнімаў свае вогненныя крылы.
Лёгкі ранішні ветрык крануў прычоскі кучаравых бярозак, якія, збочыўшы са сцежкі, купкай стаялі сярод пшаніцы. Тут самае высокае неба над усім наваколлем. Яшчэ хлапчуком, адвёўшы коней на луг і вяртаючыся дадому, любіў ён спыніцца на хвіліну пад бярозкамі, углядаючыся ў знаёмыя дрэўцы, у кожны ўзгорак, краявід. I чаму так бывае? Такія ж сцежкі, такія ж дрэвы і пагоркі ёсць і ў другіх мясцінах, але ж не трывожаць яны сэрца ўспамінамі, як гэтыя, знаёмыя з самага дзяцінства. Нават і прыгажэйшыя мясціны ёсць, вядома. Але розумам прымаеш чужую прыгажосць, а сэрцам цягнешся туды, дзе першы раз убачыў усход сонца, пачуў родны голас маці.
Там, на высокай гары, збіраў арэхі. А на пачатку лета паляны на ёй аж чырванелі суніцамі. Як хораша было з аднагодкамі ісці дадому, несучы поўныя збанкі сакавітых ягад. А пасля ўсе разам бегалі купацца ў возеры.
З таго крутога пагорка, які з даўніх часоў чамусьці называюць Лявоніхай, каталіся на лыжах. Стомленыя, вярталіся ў вёску, калі няяркае чырвонае сонца чаплялася за зубчаты край лесу, а мароз падціскаў, крапчэў нанач. Звонка смяяліся, успамінаючы, як хто падаў з гары, а малы Косцік ішоў ззаду за ўсімі з адной лыжай, несучы другую, з адламаным носам, пад пахай.
Пад трыма дубамі, якія стаяць воддаль, хаваліся з бацькам у навальніцу. Як страшна было! Раптам стала цёмна-цёмна, вецер гнуў дрэвы ледзь не да зямлі, раз-пораз біў гром. Яны былі сярод чыстага поля і паспелі дабегчы да дубоў, як пасыпаў, нібы гарохам, град. Усё жыта палажыў тады, яблыні абтрос.
А гэта гара Барсучынай называецца. Раней, кажуць, там многа барсучыных нор было. Гара парасла сасоннікам, і тут Сяргей заўсёды збіраў маладзенькія лісічкі.
Хораша Сяргею ад успамінаў дзяцінства, хораша, спакойна і вольна на душы ад летняй пагоднай раніцы, ад лясной цішыні і свежасці, ад паху грыбнога.
(467 слоў)
Паводле А. Варановіча.