Маленькая, кволая пралесачка. Яе пазвалі з-пад зямлі цёплыя промні вясновага сонейка. Прыгожаю раніцай у канцы сакавіка, калі дзе-нідзе на лагчынках бялелі яшчэ плямкі снегу, яна першы раз глянула на свет сваім блакітным вочкам. Яе цяжка было заўважыць на лясным узгорку. Ледзь выглядала яна паміж сасновых шышак ды леташняй бурай травы. Цяжка было выпрастацца пралесцы, бо вялікая, як бервяно, сасновая іголка прыціскала яе. Але прага да жыцця дапамагла ёй вызваліцца. Падняла галоўку пралеска ды пачала распускаць свае лісцікі.
– Ах! – мімаволі вырвалася ў пралескі, а блакітнае вочка яе шырока расплюшчылася. – Як хораша на белым свеце! Як лёгка, як вольна дыхаецца!
Галоўка ў пралескі крыху закружылася. Каб не ўпасці, яна абапёрлася на сасновую шышку ды пачала глядзець навокал. Па блакітным ласкавым небе ляцелі белыя празрыстыя хмаркі. У нізінах беглі гаманлівыя ручайкі. Нібы срэбныя званочкі, спявалі іх хвалі.
Над усім прыгоркам шырока працягнула свае галіны вялікая старая сасна. Шмат разоў сустракала яна вясну, але яе старое сэрца зноў радавалася вечна маладому хараству. З прыхільнаю ўсмешкаю пазірала сасна з вышыні на маленькую пралесачку, якая схавалася паміж яе каранёў.
Раптам дзяўчынка ў чырвонай хустачцы падбегла да ўзгорка.
– Якая прыгожая пралеска! – сказала яна і хуценька сарвала блакітную кветачку.
Ад карэння да верхавіны задрыжала старая сасна. Гнеўна зашумела яна, працягнула да дзяўчынкі свае іглістыя галіны. Нібы хацела яна пакараць яе, адабраць сваю пралесачку. А пралеска не чула і не бачыла нічога. Ад вострага болю яна самлела ў кошыку дзяўчынкі. Толькі праз некаторы час некалькі кропель сцюдзёнай вады вярнулі памяць пралесцы. Яна расплюшчыла вочка. Стукат, грукат, людскі гоман – усё гэта разам прымусіла яе зноў заплюшчыць свае вочкі.
Калі вярнулася прытомнасць, яна зразумела, што знаходзіцца ў кампаніі сваіх сяброў па няшчасці, такіх жа пралесак, у кошыку дзяўчынкі. Усе яны былі моцна звязаны ў букецікі. Ад гэтай цеснаты было цяжка ды млосна пралесцы. Усё цельца яе самлела. Мусіць, і другім кветкам было не лепш. Але яны трымаліся вальней ды безупынна гаманілі паміж сабою тоненькімі галасочкамі.
Праз некалькі хвілін лясныя пралесачкі стаялі ў шклянцы з вадою. Бальнічны столік з кветкамі быў прысунуты да маленькага ложка. Хворы хлопчык цягнуў да кветак ручкі. Прыемная ўсмешка асвятляла яго збялелы тварык. Кволыя пальчыкі хлопчыка выцягнулі нашу пралеску з букеціка. Дзіцячыя вусны пяшчотна прыціснуліся да кветкі. Хлопчык адчуваў свежы, салодкі пах. Здавалася, здароўе вярталася да яго. Тулячы кветку да сябе, шчасліва ўсміхаючыся, Юрачка заснуў першы раз пасля хваробы ціхім, здаровым сном.
А пралеска, моцна сціснутая ў маленькай ручцы хлопчыка, паціху памірала. Нібы засланыя туманам, праносіліся перад ёй малюнкі нядаўняга мінулага: родны ўзгорак, сасна-бабуля, лагодны ветрык. Ціхі смутак агарнуў душу пралескі, але слёз і жалю не было ў яе развітанні.
– Я памру, затое вялікае шчасце, прыгожую радасць прынесла я маленькаму хлопчыку. Бывай здарова, бабуля родная, даруй, сонца прыгожае, неба блакітнае, – падумала апошні раз пралеска.
Апусціўшы галоўку, яна ціха завяла.
(452 словы)
Паводле А. Гесь.