Прысуд

Пераказы і дыктанты

  За акном пачыналася навальніца, і Максім раптам убачыў, як ішла да яго маці. Яна падыходзіла да яго, усміхаючыся, з аплеценымі стужкамі, як у маладой на беларускім вяселлі, валасамі, у вышыванай кашулі, з ручніком цераз плячо, але твар у яе быў белы, змярцвелы, а наўкол дрыжэлі кволыя агеньчыкі свечак, і дзве з іх дагаралі хутчэй за іншыя: яе, матчыны, і ягоныя… Ён зноў засланіў твар рукамі.
 – Максім, табе нельга так многа чытаць, – строга казаў, увайшоўшы ў пакой, бацька.
 Максім упарта круціў галавою і ўсміхаўся.
 – Можна, тата. Я знаю: можна. Маці клікала яго да сябе. Маці-краіна.
 I ён з усіх сваіх слабых сіл цягнуўся насустрач – да роднай зямлі.
 Максім падышоў да бацькі.
 – Тата, у гэтым годзе я заканчваю гімназію.
 – Добра, што ты думаеш пра гэта, – адказаў бацька, падымаючы галаву ад стала.
 Прафесару Шахматаву патрэбны вучань, які мог бы ў далейшым весці ў Пецярбургскім універсітэце даследаванні па беларусазнаўстве. Ён звярнуўся ў «Нашу ніву». Газета рэкамендавала мяне.
 – Вось як? – Адам Ягоравіч зазірнуў Максіму ў вочы і, склаўшы рукі за спінаю, стаў хадзіць па пакоі. – Гэта вельмі добра: значыцца, цябе шануюць.
 Максім сумна ўсміхнуўся: вось яна, вышэйшая бацькава адзнака…
 – Але бачыш, Максім… – спыніўся раптам бацька, шукаючы словы. – Ты і сам, зрэшты, павінен гэта добра разумець: тваё здароўе… Я думаю, што пецярбургскі клімат будзе табе вельмі шкодны: вечныя дажджы, сырасць, блізкасць балот… I потым, гэтыя сталоўкі… Да таго ж я выдатна ведаю цябе: ты не знойдзеш часу і ў сталоўку забегчы. Не, Максім, я рашуча не магу згадзіцца з тым, каб ты жыў там. Гэта па-першае.
 Па-другое, – кінуў Адам Ягоравіч позірк на сына, – у наступным годзе гімназію заканчвае Лёва, твой брат.
 Цяпер Максім ведаў усё наперад, болей можна было не гаварыць.
 Бацька з усё той жа бездакорнай логікай абгрунтоўваў сваё рашэнне, зноў казаў штосьці пра нездаровы пецярбургскі клімат, пра дрэнныя абеды ў танных сталоўках і шкоду сухамяткі, але Максім нічога ўжо не чуў. Гэта быў прысуд.
 – Я думаю, – скончыў Адам Ягоравіч, пільна гледзячы сыну ў вочы, – табе будзе лепш за ўсё паступіць у наш Яраслаўскі юрыдычны ліцэй і забяспечыць сабе тым самым прыстойную адукацыю і далейшае становішча ў жыцці.
 I хоць Максім і любіў спрачацца, нястрымна адстойваючы свае погляды, выйшаў ён моўчкі: бацьку ў сям’і не пярэчылі. Да таго ж ён ведаў, які будзе адказ, калі яшчэ збіраўся ўвайсці ў кабінет. Ён толькі цьмяна на штосьці спадзяваўся.
 Але гэта быў прысуд.
 Усе мары, якія ён патаемна песціў, малюючы сабе ва ўяўленні далёкі Пецярбург з бурлівым жыццём у гуртках студэнтаў-беларусаў, універсітэт са знакамітым прафесарам Шахматавым, вучнем якога ён мог бы стаць неўзабаве, – усё гэта было разбурана.
(421 слова)

Паводле А. Асташонка.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений