Пятрусь Макаль — Асеннія барвы

Пятрусь Макаль

Расінкі поту жнівень з твару сцёр –
Здае цяжар спякотных абавязкаў.
I верасень – грамадскі кантралёр
Касцянкамі лічыльніка заляскаў.
Адсвечвае галактыкаю сад,
У барвы шчодрай спеласці адзеты.
Як успамін, раіцца лістапад:
Зялёнае буянства лета,
Дзе ты?
Нібыта штору, адхіні смугу,
Развей лісты, як сцёртыя чырвонцы,
Кладзі на шалі чыстую вагу
Пладоў, зярнят і дум, цяжкіх ад сонца.
Сам космас, быццам просьбіт, басанож,
Сыходзіць ноччу да Зямлі з паклонам,
Дрыготна надстаўляе зорны кош
Пад яблыкі, што падаюць са звонам.
Зрываючыся з прывязі галля,
Бабахне бэра, як скарбонка лета.ф
I сутыкнуцца груша і Зямля –
Малая і вялікая планеты.
Цямнее лоб зямлі не ад гадоў –
Ад восеньскай разважнасці халоднай.
Як лёгка ёй над ношаю пладоў,
Як цяжка ёй ад лёгкасці бясплоднай.
Пад шынамі машын яна дыміць,
Ды круціцца, не просячы рамонту,
I хмарыцца ад думкі: як прамыць
Запыленыя жніўнем гарызонты.

 

 

Крыніца: Макаль П. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1982. – 287 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений