Салаўі

Пераказы і дыктанты

  Рослы, рухавы, з рыжай бародкай, Віктар Фёдаравіч, як і ўсе вясковыя дзяды, узрост якіх цяжка вызначыць, дзябёлы і дужы, глядзіць весела і разумна.
 Ніхто ў наваколлі лепш за яго не разумее птушыных галасоў і звычак. Стары любіць салаўёў з нейкім асаблівым пачуццём. Вясною ён ходзіць па непралазных гушчарах, пералесках і ловіць самых выдатных спевакоў.
 Калі запытаеш у Віктара Фёдаравіча, ці не прадасць ён салаўя, стары ажно палохаецца:
 – Што ты, апомніся! Для сябе лавіў. Салавейка для мяне – сябар, а хто сябра прадае?
 Вечарам да яго збіраюцца аматары птушак. Сярод іх можна сустрэць настаўнікаў і вучняў, аграномаў і механізатараў.
 На лоўлю Віктар Фёдаравіч ходзіць адзін, нікога з сабой не бярэ.
 Усё часцей і часцей да старога пачаў завітваць Косця Юркевіч. Хлопчык з захапленнем слухаў спевы птушак, дапамагаў Віктару Фёдаравічу даглядаць іх. Стары любіў пагаварыць з Косцем, расказваў яму, дзе і якія птушкі паблізу жывуць. Па некалькі разоў апавядаў пра адно і тое ж.
 Хлопчык заўсёды слухаў дзядулю моўчкі, нібы баяўся парушыць неасцярожным словам яго ўрачысты настрой.
 Вельмі хацелася Косцю мець свайго галасістага салаўя. Гэтая думка не выходзіла ў яго з галавы, але ён не адважваўся выказаць яе Віктару Фёдаравічу.
 Мінуў красавік, пачынаўся май. Аднаго разу пасля заняткаў у школе Косця прыйшоў да дзядулі. Той шчыра ўзрадаваўся сустрэчы, быццам убачыў каго блізкага, роднага. Ён зазірнуў у твар хлопчыку і ціха спытаў:
 – Хочаш свайго салаўя мець? Я табе злаўлю. Толькі трэба будзе рана ўстаць. Ісці давядзецца няблізка.
 Косця ажно зачырванеўся ад радасці.
 – Хачу, дзядуля, вельмі хачу!
 Надышла нядзеля. На самым золку Віктар Фёдаравіч з Косцем выйшлі з вёскі. Мінулі поле, аблогі, драбналессе. Пачаліся глухія зараснікі лазняку, чаромхі, крушыны і хмелю, які наглуха сшываў гушчар сваімі ніцямі. Нарэшце Віктар Фёдаравіч спыніўся.
 – Вось і прыйшлі. Учора я тут прынаду пасыпаў. Калі ён падзяўбе – наш будзе. Салавей – птушка разумная: дзе пажывіцца, ніколі таго месца не забудзе.
 Зараз чакаць трэба.
 Паставілі клетку.
 Зара на ўсходзе разгаралася ўсё ярчэй.
 Нечакана з гушчару выскачыла невялікая заранка.
 – Пара і яму, – варухнуўся Віктар Фёдаравіч.
 Быццам у адказ на яго словы ў паветры з’явіўся чысты, як струна, гук і звонка рассыпаўся ў ранішняй цішыні.
 – Фіюць-цю… Цю-цю… Цюк-цок-цок… – нібыта запыталася птушка на сваёй мове: «Чакаеце?.. Паспяваць, ці што?»
 I салавей заспяваў. Спачатку нясмела, а потым мацней і мацней.
 Косця слухаў, затаіўшы дыханне.
 Вось салавей змоўк на высокай ноце, а потым моцна свіснуў, нібы зноў запытаў: «Ну што? Падабаецца?..»
 Віктар Фёдаравіч слухаў песню з заплюшчанымі вачамі. Потым тузануў Косцю за рукаў і паціху шапнуў:
 – Чуеш? Ну і салавейка! Некаторыя і ў падмёткі яму нявартыя.
 Косця разгледзеў у кусце пад самай клеткай салаўя. Ён то высвістваў на розныя лады, то вышчоўкваў, то заліваўся ў забыцці. Калі спявак браў высокую ноту, натужвалася яго горлачка, трымцеў язычок. Пяшчотныя пераходы ад аднаго тону да другога зачароўвалі. Непрыкметна для самога сябе хлапчук стаў на калені, пацягнуўся да салаўя ўсім целам. Нарэшце не вытрымаў, падхапіўся і ўсхвалявана загаварыў:
 – Дзядуля, давайце не будзем яго лавіць. Няхай ён спявае для ўсіх людзей. Лепш я буду сюды прыходзіць.
(488 слоў)

Паводле Я. Зазекі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений