За акном шумяць каштаны. Белыя суквецці іх, падобныя да свечак-пірамід, адгарэлі яшчэ ў маі. І зараз, нібы зялёныя пальчаткі, лісце хавае маленькія, у калючай зялёнай шкарлупіне, круглыя і дробныя, быццам няспелыя яблыкі, каштаны. Увосень, калі сухім залатым дажджом асыпаецца лета, каштаны выспеюць і пачнуць ападаць. Яны нечакана зрываюцца з галін, з трэскам разрываючы кволае рыжае шкарлупінне і ляскочучы па асфальце, доўга коцяцца па ім. Бліскучыя, карычневыя, нібы круглыя шакаладныя цукеркі.
Гавораць, што такія восеньскія каштаны, калі іх пакладзеш у кішэню, прыносяць добры настрой і адчуванне шчасця. Вера не асабліва прыслухоўвалася да гэтага, але чамусьці рукі самі цягнуліся да каштанаў. Яна клала іх у сумку, і яны ляжалі там, чакаючы другой восені, высыхалі, браліся сухімі зморшчынкамі. Але больш за ўсё Вера любіла, калі каштаны толькі-толькі пачынаюць зацвітаць на пачатку мая і з’яўляюцца белыя свечкі.
(135 слоў)
Паводле М. Прохар.