Скрынка, поўная радасці

Пераказы і дыктанты

  Аднойчы Алег Адольфавіч Валодзька, старшыня калгаса імя Суворава Пастаўскага раёна, ездзіў у Германію. Разам з ім у дэлегацыі былі старшыні іншых калгасаў, трактарысты і камбайнеры, даяркі і цялятніцы. Паехалі яны не проста на экскурсію, п каб паглядзець, як працуюць сяляне ў далёкай краіне, ды і пра свае справы расказаць.
 Праводзілі Алега Адольфавіча ў далёкую дарогу дочкі – Эма і Света. Эма вучылася ў пятым класе, а Света яшчэ хадзіла ў дзіцячы сад. Света папрасіла прывезці ёй ляльку, і цацак розных, і дзіцячую чыгунку, а Эма заказала джынсы з замочкамі.
 Два тыдні ездзіў Валодзька са сваімі сябрамі-спадарожнікамі па Германіі. Прачыналіся раненька, як прывыклі дома, спяшаліся на фермы, на палі і сенажаці, размаўлялі з аграномамі, жывёлаводамі, механізатарамі, глядзелі, як яны працуюць. Усё самае цікавае Алег Адольфавіч занатоўваў у блакнот.
 Перад самым ад’ездам выдалася ў Алега Адольфавіча вольная гадзіна. Успомніў ён пра даручэнні дачок і пайшоў у магазін. Там убачыў такі цуд, што забыўся і пра ляльку, і пра блакітныя джынсы з замочкамі, і пра сувеніры для сяброў.
 Але вось бяда: цуд той каштаваў дарагавата. Палічыў Алег Адольфавіч усе свае грошы – не хапае. Што ж рабіць? Гэта ж не дома. Пануры пайшоў старшыня ў гасцініцу. Расказаў суседзям па нумары пра цуд.
 – Ну і дзівак ты, браце, – сказаў старшыня калгаса з-пад Полацка. – Гэта ж трэба такое прыдумаць!
 Ён выграб з кішэні ўсе свае маркі:
 – На, трымай, для такога не шкада.
 Палезлі ў кішэні і астатнія. Зноў пабег Алег Адольфавіч у магазін. Праз пятнаццаць хвілін цуд быў акуратна запакаваны ў вялізную скрынку, і Алег Адольфавіч панёс яго ў гасцініцу. Нёс, уяўляў, як узрадуюцца цуду ў Навасёлках, і лёгка, святочна было на душы.
 Мінула яшчэ два дні, і дэлегацыя вярнулася ў Віцебск. А Света і Эма з нецярпеннем чакалі тату. Пакуль мама была на працы, дзяўчынкі чысценька прыбралі ў хаце, збегалі на луг і нарвалі кветак. Наабіралі бульбы і напяклі цэлую міску дранікаў.
 Позна вечарам у двары загула машына. Света шырока расчыніла дзверы, і ў хату ўнеслі вялізную скрынку.
 Дзяўчынкі абдымалі і цалавалі тату, а самі крадком паглядалі на тую скрынку. Света ўяўляла, колькі там дзівосных цацак: і лялька, і цацачная мэбля, і посуд – цэлы магазін! А Эме мроіліся блакітныя джынсы з замочкамі.
 Алег Адольфавіч разумеў, як карціць дзецям хутчэй адчыніць скрынку, таму асцярожна пачаў распакоўваць. Света ажно прытанцоўвала ад нецярпення. Не ўтрымалася, ірванула зверху паперу. I ўсе ўбачылі, што ў скрынцы шчыльненька ляжаць нейкія круглыя доўгія рулоны.
 Разгубленая дачка дастала адзін рулон, і такое расчараванне адбілася на яе твары, што бацька ажно рассмяяўся.
 Света асцярожна надарвала папяровую наклейку, разгарнула рулон. I ў захапленні войкнула, бо ўбачыла… цуд. Той самы цуд, што так уразіў Алега Адольфавіча ў магазіне.
 Гэта былі шпалеры. Але якія шпалеры! Ніхто ніколі ў Навасёлках яшчэ такіх не бачыў. Ды хіба можна было б назваць шпалерамі той дзівосны, маляўнічы свет, што раптам успыхнуў, заззяў усімі колерамі вясёлкі перад вачыма? Былі тут барадатыя гномы ў вастраверхіх шапках са званочкамі, кот у ботах, і славутыя брэменскія музыкі, зайцы, мядзведзі, лісы, вавёркі… Героі казак раптам запоўнілі невялікі пакой. А колькі Света разгарнула таго рулона!
 – Як прыгожа! – усклікнула Эма. – Але навошта так многа?
 – А каб хапіла на ўвесь наш дзіцячы сад, – адказаў Алег Адольфавіч. – Я падлічыў, павінна хапіць. Во будзе радасці дзецям! Праўда, дачушкі?
 Дзівосныя шпалеры доўга ўпрыгожвалі калгасны дзіцячы сад, выклікаючы захапленне навасёлкаўскай дзетвары. На ўсіх хапіла скрынкі радасці, што прывёз старшыня.
(547 слоў)

Паводле М. Герчыка.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений