Слынная Брэстчына

Пераказы і дыктанты

  Брэсцкая вобласць знаходзіцца на паўднёвым захадзе нашай рэспублікі, мяжуе з Польшчай і Украінай. З захаду на ўсход вобласць пралягае на трыста кіламетраў. Паўднёвую частку Брэсцкай вобласці займае ўнікальны прыродны край – Палессе. Тут працякае і галоўная водная артэрыя Брэстчыны – рака Прыпяць. У краі створана шмат заказнікаў, дваццаць дзевяць помнікаў прыроды знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Нацыянальны парк "Белавежская пушча" па заслугах лічыцца сімвалам нашай краіны.
 Гісторыя брэсцкай зямлі мае глыбокія карані. Археолагі ўпэўнены, што яшчэ ў III тысячагоддзі да нашай эры тут жылі людзі. Першыя ўспаміны ў летапісах пра Брэст адносяцца да 1019 года. Першая перамога рускіх воінаў над войскам Напалеона ў Айчыннай вайне 1812 года была атрымана пад Кобрынам. Брэсцкая крэпасць стала сімвалам подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
 Нельга не прыгадаць той факт, што менавіта на тэрыторыі Брэсцкай вобласці лідары Расіі, Беларусі і Украіны падпісалі знакамітае Белавежскае пагадненне, якое замацавала распад СССР. Паглядзець на гэтае гістарычнае месца прыязджаюць не толькі былыя савецкія грамадзяне, але і замежныя турысты. Брэстчына багатая на помнікі. Помнікаў гісторыі тут больш за дзве тысячы.
 Сярод помнікаў брэсцкай прыроды – дваццаць два паркі, размешчаныя вакол палацаў і былых сядзіб. Многія цікавыя месцы рэгіёна звязаны з імёнамі славутых асоб, якія пакінулі свой след на гэтай старажытнай зямлі. Напрыклад, у Кобрынскім раёне захаваўся Сувораўскі дуб, пад якім, паводле легенды, адпачываў знакаміты палкаводзец Аляксандр Сувораў. У горадзе Бяроза сустракаліся Пётр Першы і польскі кароль. У невялікай вёсцы на Брэстчыне нарадзіўся Адам Міцкевіч. Менавіта тут пачынаецца адзін са шматлікіх літаратурных турыстычных маршрутаў – "Шлях Міцкевіча".
 Брэст "заходнія вароты" краіны, горад са шматвяковай гісторыяй. Ён першы з беларускіх гарадоў атрымаў самакіраванне на аснове магдэбургскага права. Тут была заключана гістарычная унія, якая прымірыла і аб’яднала католікаў і праваслаўных сярэдневяковай Беларусі. У Вялікую Айчынную вайну горад праславіўся подзвігам абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Сёння мемарыял "Брэсцкая крэпасць-герой" – адзін з самых папулярных турыстычных аб’ектаў Брэстчыны.
 Другі славуты горад Брэстчыны – Ружаны. Росквіт горада пачаўся, калі Ружаны перайшлі ва ўладанне знакамітага канцлера Льва Сапегі. Пры ім пачаў будавацца палац. З часам ён быў перабудаваны ў шыкоўны палацавы комплекс. Гэта адзін з найбуйнейшых помнікаў архітэктуры Беларусі. У палацы бывалі каралі, прымаліся паслы. У вялізных склепах захоўвалася дзяржаўная казна. У цэнтральнай частцы палаца знаходзіліся парадныя залы, у бакавых частках – жылыя памяшканні, кабінеты, архіў, бібліятэка. Парадныя вароты ўпрыгожаны выявай савы – сімвалам веры, надзеі і кахання.
 Мястэчка Косава знакамітае сваім палацам, а таксама сядзібай, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху, герой Беларусі і Польшчы. Упершыню Косава згадваецца ў гістарычных летапісах. Аднак гісторыкі і сёння не прыйшлі да агульнай думкі адносна назвы мястэчка. Па-першае, Косава – нетыповая назва для Беларусі. Па-другое, шматлікія войны на гэтай тэрыторыі знішчылі практычна ўсе летапісныя крыніцы. Да нас дайшлі толькі легенды. У першай расказваецца пра татарскага хана, які калісьці валодаў мястэчкам. Жыхары прыносілі яму даніну і гаварылі: "Нясу даніну Касому", маючы на ўвазе раскосыя вочы хана. Другая легенда паведамляе пра каваля Касога, што каваў цуда-мячы, якія ратавалі жыхароў вёскі ад набегаў ворагаў.
 Помнікі Брэстчыны захоўваюць памяць пра гістарычныя падзеі і слынных людзей Палесся.
(485 слоў)

Паводле А. Ксяневіч.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений